Расея, якая цярпіць вялікія цяжкасьці з палівам, зь ліпеня ўвезла больш за 600 тыс. тон бэнзіну з суседняй Беларусі, якая стала яе найбуйнейшым замежным пастаўніком.
Каб нарасьціць пастаўкі на расейскі рынак, Менск перанакіраваў туды частку бэнзіну, які прызначаўся для іншых краін, і загрузіў свае НПЗ амаль на поўную магутнасьць, піша газэта Financial Times.
Ужо ў ліпені Расея імпартавала рэкордны аб’ём беларускага бэнзіну, адзначана ў справаздачы аналітычнага цэнтру BEROC. Пры гэтым беларускія НПЗ, зь якіх ідуць пастаўкі, як вядома, перапрацоўваюць пераважна расейскую нафту.
У ліпені Расея пачала ўвозіць бэнзін у тым ліку морам. У кастрычніку такія пастаўкі дасягнулі рэкордных 390 тыс. тон, паводле зьвестак Kpler. У ліку замежных пастаўнікоў гэтая міжнародная плятформа адзначыла Марока, Турэччыну, Індыю і Эгіпет.
Ёсьць у пераліку й Казахстан, паводле слоў міністра энэргетыкі краіны Ерлана Акенжэнава, зь лета паставіў Расеі 8 тыс. тон бэнзіну.
Паводле ацэнкі «Фінама», вытворчасьць бэнзіну ў Расеі застаецца на 13-18% ніжэй за пачатак 2026 году.
У Kpler дадалі, што на тле перабояў у працы расейскіх НПЗ імпарт адыгрывае ўсё больш важную ролю ў забесьпячэньні ўнутранага попыту на бэнзін.
Што адбылося
Расея нарасьціла закупкі паліва за мяжой пасьля таго, як удары ўкраінскіх бесьпілётнікаў істотна пашкодзілі яе нафтаперапрацоўчыя заводы. На піку крызісу летам прастойвалі, паводле розных ацэнак, ад 40 да 45% нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў гэтай краіны. Большасьць расейскіх рэгіёнаў увялі абмежаваньні на продаж паліва, а чэргі на запраўках расьцягваліся на кілямэтры, нярэдка ў чэргах адбываліся бойкі кіроўцаў.
Першым пацярпеў акупаваны расейцамі ўкраінскі паўвостраў Крым.
На гэтым тыдні расейскі віцэ-прэм’ер Аляксандар Новак заклікаў паскорыць аднаўленьне НПЗ і працягваць імпарт паліва для ліквідацыі дэфіцыту ў асобных рэгіёнах.
Форум