Расейскія войскі атакавалі Запарожжа: 2 чалавекі загінулі, 44 параненыя. У Польшчу зноў заляцеў дрон

абноўлена
Наступствы расейскага ўдару па Запарожжы 24 лістапада 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па Запарожжы 24 лістапада 2026 году

У ноч на 24 лістапада расейскія войскі атакавалі цэнтар Запарожжа.

Як паведамілі ў Дзяржаўнай службе надзвычайных сытуацыяў Украіны, два чалавекі загінулі і 44 атрымалі раненьні. Сярод параненых чацьвёра дзяцей.

У выніку ўдару зруйнаваны прыватны жылы дом, часткова разбураны пяціпавярховы дом, пашкоджаньні атрымаў аб’ект транспартнай інфраструктуры. На месцы пашкоджаных жылых дамоў працуюць ратаўнікі.

Пры начной атацы расейскі дрон заляцеў у Польшчу

У апэратыўным камандаваньні Ўзброеных сілаў Польшчы паведамілі, што ўначы расейскі дрон на кароткі час заляцеў у паветраную прастору Польшчы.

«Аб’ект увесь час быў пад назіраньнем вайсковых радыёлякацыйных сыстэмаў на ўсёй трасе пралёту. Сытуацыя адсочвалася ў рэжыме рэальнага часу, быў дазвол на зьнішчэньне абʼекту. Пасьля зьмены курсу БПЛА у бок усходу, з улікам патэнцыйнай пагрозы для цывільнага насельніцтва і магчымых наступстваў зьбіцьця абʼекту было прынята рашэньне не выкарыстоўваць зброю ў сувязі з захаваньнем рызыкі нанясеньня шкоды», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Увесь гэты час баявыя сілы былі ў стане баявой гатоўнасьці.

«Узброеныя сілы Польшчы бесьперапынна манітаруюць сытуацыю ў паветранай прасторы, а сыстэмы супрацьпаветранай абароны знаходзяцца ў пастаяннай гатоўнасьці рэагаваць на ўсялякія пагрозы. Запэўненьне бясьпекі польскай паветранай прасторы застаецца нашым нязьменным прыярытэтам», — адзначаецца ў паведамленьні.

На мінулым тыдні на тэрыторыю Польшчы ўпалі тры расейскія ракеты Х-101. Гэта ўзмацніла асьцярогі, што вайна Расеі супраць Украіны можа перайсьці на тэрыторыю NATO. У адказ Паўночнаатлянтычны альянс накіруе ў Польшчу самалёт сыстэмы раньняга папярэджаньня і кіраваньня (AWACS).

У Дымеры завяршылі пошукавыя работы

У Дымеры Кіеўскай вобласьці змаглі ўратаваць 7-гадовага хлопчыка.

79-гадовая жанчына, якая цягам содняў заставалася пад заваламі зьнішчанага расейскімі войскамі пад’езду жылога дому, памерла ў шпіталі. Такім чынам, агулам загінулі 12 чалавек, два целы пакуль ня могуць ідэнтыфікаваць.

​
XS
SM
MD
LG