У Польшчы ідэнтыфікавалі ўсе тры знойдзеныя ракеты. Яны — расейскія

Экстранныя службы Польшчы ў Новым Ліпоўцы, дзе знайшлі аскепкі расейскай ракеты, 20 лістапада 2026 году
Экстранныя службы Польшчы ў Новым Ліпоўцы, дзе знайшлі аскепкі расейскай ракеты, 20 лістапада 2026 году

У Польшчы ў трох месцах падзеньня аб’ектаў знайшлі аскепкі расейскіх крылатых ракет Х-101.

Як паведамілі ў акруговай пракуратуры Любліна, згодна з папярэднімі вынікамі расьсьледаваньня, ракеты зрабілі ў чацьвёртым квартале 2026 году на заводзе ў Дубне Маскоўскай вобласьці Расеі.

Аскепкі ракет знайшлі ў населеных пунктах Новы Ліповец, Руднік і Малодзіч.

Сьледчыя завяршылі работы на месцах падзеньня ракет у Новым Ліпоўцы і Рудніку. У Малодзічы апэрацыю часова прыпынілі: тэрыторыю пакінулі пад аховай, а работы плянуюць аднавіць раніцай 23 верасьня.

Усе знойдзеныя фрагмэнты ракет перададуць для далейшых спэцыялізаваных экспэртыз.

Што папярэднічала

21 лістапада міністар абароны Польшчы Ўладзіслаў Касіняк-Камыш паведаміў, што падчас расейскай атакі на Ўкраіну ў паветраную прастору Польшчы заляцелі дзьве расейскія ракеты і бесьпілётнік.

Адзін аб’ект упаў на поле каля лесу і загарэўся, пасьля чаго мясцовыя жыхары пачулі выбух. Другі аб’ект знайшлі ў лесе, а трэці ўпаў прыблізна за 280 мэтраў ад летніка, у якім на той момант нікога не было.

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што парушэньне паветранай прасторы «магло быць наўмыснай правакацыяй Расеі». Ён зьвярнуў увагу на тое, што падзеньне аб’ектаў паблізу месца правядзеньня вайсковых манэўраў кааліцыі ахвочых «не выглядае выпадковым».

Расьсьледаваньне праводзяць вайсковыя пракуроры супольна з Вайсковай жандармэрыяй.

Што вядома пра ракету Х-101

Ракета Х-101 прызначаная для ўражаньня па наземных цэлях на вялікіх адлегласьцях. Яе носьбітамі зьяўляюцца стратэгічныя бамбавікі Ту-95МС і Ту-160. Далёкасьць палёту іх складае ад 2,5 да 2,8 тысяч кілямэтраў.

Ракета ляціць на нізкай вышыні, выкарыстоўвае спадарожнікавую і інэрцыйную навігацыю, а таксама можа ўлічваць рэльеф мясцовасьці, што робіць складаным яе выяўленьне радарамі. Х-101 аснашчаная звычайнай баявой часткай, а яе мадыфікацыя Х-102 прызначаная для ядзернага зараду.

Расея рэгулярна выкарыстоўвае ракеты Х-101 для ўдараў па Ўкраіне, у тым ліку па энэргетычнай інфраструктуры, вайсковых аб’ектах і цэлях у глыбіні краіны.

​
XS
SM
MD
LG