У Расеі зноў гарыць ключавая для нафтаправоду «Дружба» станцыя. Пад Кіевам загінулі сама меней 11 чалавек

Наступствы расейскага ўдару па жылым доме ў Дымеры Кіеўскай вобласьці, 22 лістапада 2026 году
Наступствы расейскага ўдару па жылым доме ў Дымеры Кіеўскай вобласьці, 22 лістапада 2026 году

Украіна працягвае наносіць удары па расейскіх аб’ектах, якія забясьпечваюць вядзеньне вайны, у адказ на атакі Расеі па мірных украінскіх гарадах.

За апошнія 24 гадзіны ва Ўкраіне цярпіць сацыяльная і энэргетычная інфраструктура, а таксама жылы сэктар.

У Татарстане і Растоўскай вобласьці гараць два нафтавыя аб’екты

Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што ў ноч на 23 лістапада сілы абароны Ўкраіны атакавалі сама меней два нафтавыя аб’екты — у Навашахцінску загарэўся нафтаперапрацоўчы завод, а ў Татарстане — нафтаперапампоўвальная станцыя (НПС) «Калейкіна», якая зьяўляецца яшчэ адным пасьля Самары ключавым вузлом для забесьпячэньня работы нафтаправоду «Дружба».


Улады Татарстану пакуль не паведамляюць аб улучэньні дрона, а губэрнатар Растоўскай вобласьці Юрый Сьлюсар паведаміў аб масіраванай паветранай атацы рэгіёну. Паводле яго, у горадзе Каменск-Шахцінскім і васьмі раёнах вобласьці зьнішчылі больш за 80 дронаў.

Пад Кіевам працягваюць пошукі пацярпелых пад заваламі зьнішчанага пад’езду дому

У Дымеры Кіеўскай вобласьці ў выніку расейскай атакі зьнішчаны пад’езд пяціпавярховага дому. Паводле ўладаў — сама меней 11 чалавек загінулі. Экстранныя службы працягваюць пошука-выратавальную апэрацыю.

Яшчэ ў адным мястэчку Кіеўшчыны — у Вішнёвым — загінулі два чалавекі і восем атрымалі раненьні. Расейскія войскі пацэлілі наўпрост у краму.

У ноч на 23 лістапада зноў атакавалі і Кіеў. Пакуль вядома аб падзеньні аскепкаў дрона на склад у Падольскім раёне горада.

Пад сталымі абстрэламі застаюцца Харкаўшчына і Запарожжа

Улады Запароскай вобласьці паведамілі аб гібелі двух чалавек і чатырох параненых. Расейскія войскі абстралялі 47 населеных пунктаў гэтага рэгіёну.

Сама меней чатыры чалавекі пацярпелі ў Харкаўскай вобласьці і адзін — у Харкаве. У выніку расейскіх абстрэлаў пацярпеў дзіцячы садок, некалькі шматпавярховых дамоў.

​
XS
SM
MD
LG