Адна з ранейшых расейскіх атак на пасажырскі цягнік у Харкаўскай вобласьці, верасень 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
У ноч на 10 лістапада расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 162 бесьпілётнікамі і адной балістычнай ракетай. Украінскія сілы супрацьпаветранай абароны змаглі зьбіць 125 дронаў.
Зафіксавалі пацэльваньні ў 19 аб’ектаў, яшчэ ў 9 месцах — пашкоджаньні ад падзеньня аскепкаў зьбітых дронаў.
Расейскія войскі прыцэльна б’юць па чыгунцы
У Сумскай абласной адміністрацыі паведамілі, што раніцай 10 лістапада расейскі бесьпілётнік атакаваў прыгарадны цягнік, калі ён стаяў на чыгуначнай станцыі. Абышлося без пацярпелых, бо пасажыраў у цягніку не было, а машыністы знаходзіліся ва ўкрыцьці.
На Харкаўшчыне восем пацярпелых, у тым ліку адно дзіця
У абласным цэнтры пашкоджаны адзін шматкватэрны дом, 10 прыватных дамоў, электрасеткі, крама і аўтамабілі. Раненьні атрымалі 8 чалавек, у тым ліку хлопчык, якому няма 2 гадоў.
У Кіраваградзкай вобласьці пацярпела цывільная інфраструктура, параненыя ў цяжкім стане
У Кіраваградзкай абласной адміністрацыі паведамілі, што ў абласным горадзе Крапіўніцкім расейскія войскі атакавалі аб’ект цывільнай інфраструктуры. Два чалавекі атрымалі раненьні, яны ў цяжкім стане.
У Ноўгарадзкай вобласьці Расеі пацярпеў «аб’ект прамысловасьці»
Губэрнатар Ноўгарадзкай вобласьці Аляксандар Дронаўпаведаміў аб начной атацы дронаў на рэгіён. Паводле яго, пацярпеў аб’ект прамысловасьці, а таксама два лецішчы ў выніку падзеньня аскепкаў дронаў. Аднак ён не ўдакладніў, якое прадпрыемства пацярпела.
Згодна з інфармацыяй украінскіх і расейскіх маніторынгавых каналаў, аб’ектам атакі, імаверна, быў 123-і авіяцыйны рамонтны завод у горадзе Старая Руса. На гэтым прадпрыемстве рамантуюць і абслугоўваюць самалёты Іл-76, Іл-78, Л-410 і рухавікі. Афіцыйнага пацьверджаньня пакуль няма.
Украінскі бок пакуль не камэнтуе гэтую інфармацыю.
Форум