Выведка Ўкраіны ідэнтыфікавала расейцаў, адказных за ўдар па школе на Запарожжы, дзе загінула паўсотні чалавек

На месцы пошукавых работ у мястэчку Камышуваха Запароскай вобласьці, 8 лістапада 2026 году
На месцы пошукавых работ у мястэчку Камышуваха Запароскай вобласьці, 8 лістапада 2026 году

Украінская выведка вызначыла імёны расейскіх пілётаў, якія атакавалі авіябомбамі школу ў мястэчку Камышуваха Запароскай вобласьці, у выніку чаго загінулі сама меней 55 чалавек.

«Мы ведаем іхныя імёны. Мы прыцягнем да адказнасьці кожнага вінаватага — ад тых, хто непасрэдна скідваў бомбы, да тых, хто загадваў гэта зраіць. Ні вайсковае званьне, ні статус пастаяннага чальца Рады бясьпекі не даюць імунітэту за ваенныя злачынствы. Злачынцам варта ўважліва вывучыць матэрыялы Нюрнбэрскага працэсу, бо іхны ўласны „Нюрнбэрг“ ужо бліжэй, чым яны сабе ўяўляюць», — напісаў міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга на плятформе X.

Паводле яго, украінская выведка таксама вызначыла імя афіцэра, які сплянаваў гэты ўдар.

9 лістапада ў ААН адбылося спэцыяльнае пасяджэньне Рады бясьпекі ААН аб сытуацыі ва Ўкраіне.

«Прычына, зь якой учора сабралася Рада бясьпекі, напісаная крывёй у Дніпры і Камышувахе. У Дніпры расейскі бесьпілётнік ударыў па перапоўненай чыгуначнай плятформе і забіў 15 цывільных асобаў. У Камышувахе расейскія кіраваныя бомбы забралі жыцьцё сама меней 55 чалавек, якія сабраліся, каб атрымаць гуманітарную дапамогу. Толькі ў выніку гэтых двух жахлівых злачынстваў загінулі сама меней 70 чалавек», — адзначыў міністар.

Украінскі міністар заклікаў да міжнароднай рэакцыі на «генацыдную кампанію супраць Украіны» з боку Расеі, якая «цынічна зьнішчае ўмовы, неабходныя для выжываньня мільёнаў украінцаў».

«Расея злоўжывае месцам сталага чальца Рады бясьпекі, якое яна займае незаконна, атрымаўшы ў спадчыну ад СССР, каб блякаваць міжнародныя дзеяньні і пазьбягаць адказнасьці за ўласныя злачынствы, тэрарызаваць мірных жыхароў або парушаць Статут ААН. Нельга дазволіць Маскве вызначаць межы міжнароднай рэакцыі на яе ўласную агрэсію», — заявіў Андрэй Сыбіга.

Што папярэднічала

2 лістапада расейская авіяцыя скінула на школу 9 кіраваных бомбаў у той момант, калі там знаходзілася шмат людзей, якія прыйшлі па гуманітарную дапамогу.

Мясцовыя выратавальнікі пяць дзён шукалі пацярпелых пад заваламі зьнішчанай школы. 9 лістапада мясцовыя ўлады паведамілі, што лік загінулых павялічыўся да 55 чалавек. Пад заваламі яшчэ могуць заставацца 19 чалавек. Ідэнтыфікаваць пакуль што змаглі 33 чалавек.

Чыгуначны пэрон у Дніпры расейскія войскі атакавалі 29 кастрычніка. Там загінулі сама меней 14 мірных жыхароў, яшчэ 14 чалавек атрымалі раненьні — 6 зь іх былі ў цяжкім стане.


​
XS
SM
MD
LG