Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лік ахвяр расейскага ўдару па школе на Запарожжы вырас да 53. Пошукі працягваюцца 5-ты дзень

На месцы расейскага бомбавага ўдару па вёсцы Камышаваха Запароскай вобласьці
На месцы расейскага бомбавага ўдару па вёсцы Камышаваха Запароскай вобласьці

У пасёлку Камышуваха Запароскай вобласьці працягваюць шукаць людзей на месцы разбуранай расейскімі бомбамі школы.

Колькасьць загінуўшых у выніку расейскага ўдару па ўкраінскай вёсцы Камышаваха 2 лістапада вырасла да 53. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі кіраўніка Запароскай абласной адміністрацыі Міхаіл Сямікін.

Паводле яго слоў, пошукава-выратавальныя работы на месцы трагедыі працягваюцца пятыя суткі.

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведамляла, што пад заваламі яшчэ могуць знаходзіцца 33 чалавекі. Такія зьвесткі прыводзіліся раніцай 5 лістапада, калі колькасьць загінуўшых дасягнула 42.

Раней у Запароскай вобласьці абвясьцілі трохдзённую жалобу па загінулых у школе Камышувахі.

Ратаўнікі працягваюць шукаць пацярпелых пад заваламі рэштак зруйнаванай расейскімі войскамі школы, у якой раздавалі гуманітарную дапамогу.

Будынак школы атакавалі авіяцыйнымі бомбамі

Расейскія войскі, паводле прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, скінулі дзевяць авіябомбаў на Камышаваху. Паводле яго слоў, спачатку ўдар нанесьлі па людзях, якія прыйшлі па гуманітарную дапамогу, а затым па ратавальніках і паліцэйскіх, якія прыбылі на месца. Ён казаў, што вайскоўцы Расеі не маглі ня ведаць, што ў гэтай школе людзям выдаецца гуманітарная дапамога.

«ФАБ-3000 — гэта трохтонная авіябомба, якая ўтрымлівае амаль паўтары тоны выбуховага рэчыва. Такая зброя выкарыстоўваецца для разбурэньня магутных бэтонных умацаваньняў і бункераў. Пасьля прамога трапляньня бэтонная канструкцыя падземнага цэнтра абрынулася. У гэты момант там знаходзіліся звычайныя людзі. Яны прыйшлі па дапамогу. Не на васковы аб’ект, не на пазыцыі», — заявіў раней Сямікін.

На месцы расейскага бомбавага ўдару па вёсцы Камышаваха Запароскай вобласьці
На месцы расейскага бомбавага ўдару па вёсцы Камышаваха Запароскай вобласьці

Паводле слоў Зяленскага, гэта чарговы доказ таго, што Расея «ня хоча ніякай дээскаляцыі, ніякай рэальнай справядлівасьці».

«Пасьля гуманітарнай апэрацыі ў Алешках быў момант, калі наступныя крокі маглі паказаць, што мір магчымы. Такімі забойствамі Расея падае зусім процілеглы сыгнал — Расея разьлічвае на далейшыя забойствы. Патрэбна рэакцыя на гэта, рэакцыя сьвету. Моцная і жорсткая», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

На месцы расейскага бомбавага ўдару па вёсцы Камышаваха Запароскай вобласьці
На месцы расейскага бомбавага ўдару па вёсцы Камышаваха Запароскай вобласьці

Камышуваха раней ужо неаднойчы зазнавала авіяцыйных удараў расейскіх войскаў. У выніку баявых дзеяньняў частка жыхароў вымушана пакінула родныя дамы, а тыя, хто застаўся, залежалі ад гуманітарнай дапамогі.

Тэмы гэтага артыкулу
​
XS
SM
MD
LG