У Быхаве перарабілі скульптуру «Жанчыне-маці», якую беларусы крытыкавалі ў сацыяльных сетках. Скульптуру паставілі ў пачатку лістапада, яе аўтар скульптар Аляксандар Мінькоў. Кампазыцыя выклікала хвалю абурэньня: людзі ўгледзелі ў жанчыны ненатуральна вывернутую шыю, яна глядзела ў бок пад дзіўным кутом.
Карыстальнікі сацыяльных сетак раскрытыкавалі і вобраз, у якім выявілі жанчыну: старая сукенка-мяшок, дзьве нязграбныя касы. Маўляў, сучасныя жанчыны выглядаюць зусім інакш.
Урэшце з ініцыятывы мясцовых уладаў скульптар перарабіў помнік, але людзі ўсё адно засталіся незадаволенымі. Аляксандра Мінькова нават выключылі з Саюзу мастакоў, ён скардзіцца, што застаўся без замоваў.
«Надмагільле» да Году жанчыны
У траўні да абвешчанага ўладамі «Году жанчыны» ў Нясьвіжы ўсталявалі памятны знак — камень з надпісамі «Женщины ЖКХ — вместе» і «Аллея в честь года белорусской женщины». Карыстальнікі сеткі Threads параўналі гэты камень з надмагільлем.
Маўляў, не пасьпеў год жанчыны пачацца, а яго ўжо пахавалі.
Пасьля крытыкі памятны знак перарабілі: сьпераду да каменя прымацавалі кавалак белай бляхі і на ім выгравэравалі тыя ж надпісы. Аднак і тут не абышлося без кур’ёзу: напісалі «Минской облости».
Каровы ў антысанітарыі
У чэрвені зьявіўся відэаролік у ТіkТоk, у якім паказана, што кароваў на фэрме «Вуглы» Капыльскага раёну Менскай вобласьці трымаюць у антысанітарных умовах. Неўзабаве ролік выдалілі, але фэрмай зацікавілася раённая пракуратура. Яе супрацоўнікі прыехалі на месца і выдалі наказ аб выпраўленьні парушэньняў.
Потым у пракуратуры паведамілі, што асноўныя недахопы зьліквідавалі: памяшканьні, дзе трымаюць жывёлу, упарадкавалі, каровы забясьпечаныя чыстай пітной вадой і кормам. Што з аўтарам роліку, не паведамлялі.
На скандалы з каровамі ў Беларусі традыцыйна рэагуе Генэральная пракуратура. Скрыншот з афіцыйнага TikToka ведамства
Сёлета 6 сакавіка Лукашэнка прапанаваў жанчынам перад сьвяткаваньнем 8 сакавіка скардзіцца на праблемы яму ў TikTok. Аднак такія скаргі для людзей нярэдка заканчваюцца не разьвязаньнем праблемы, а цікавасьцю сілавікоў.
Увага міліцыі пасьля скаргі на мясцовыя ўлады
Жыхарка вёскі Равы Ашмянскага раёну Соф’я Язерская паскардзілася ў TikTok на зарослыя ўчасткі ў вёсцы і бязьдзеяньне мясцовых уладаў. Урэшце ёю зацікавілася міліцыя, а мясцовая газэта падала праблему як суседзкі канфлікт. «Гродзенская праўда» напісала пра гэта 4 лістапада. Аднак у матэрыяле не ўзгадала, што жанчына скардзілася менавіта на мясцовыя ўлады і супастаўляла іхныя дзеяньні з заявамі Лукашэнкі пра вёску.
Скрыншот з публікацыі пра выпадак у гарадзенскай дзяржаўнай газэце
Званок зь міліцыі пасьля відэа, зьнятага ў паліклініцы
Сёлета ў верасьні жыхар Менску зьняў відэа з 24-й сталічнай паліклінікі, якая спэцыялізуецца на мэдычных аглядах. На відэа аўтар паказаў перапоўнены калідор і паведаміў, што чакаў накіраваньня на мэдычную камісію каля трох гадзінаў. Ён выклаў відэа ў TikTok, дзе яно пачало набіраць стотысячныя прагляды. У камэнтарах людзі апісвалі свой падобны досьвед.
Пазьней аўтар выклаў другое відэа, у якім расказаў, што яму пазванілі зь міліцыі і загадалі выдаліць ролік, бо на яго трапілі «выявы іншых людзей». Цяпер відэа недасяжнае.
Пагрозы адміністрацыйнымі і крымінальнымі артыкуламі
Выданьне «Кліч Радзімы» паведаміла 23 лістапада, што да людзей, якія апісваюць праблемы ў сацыяльных сетках, стала прыходзіць міліцыя. Нібыта гэта сыгнал аб тым, што ўлада чуе праблемы грамадзянаў, а міліцыя можа дапамагчы: апэратыўна праверыць інфармацыю на месцы, высьветліць, ці патрэбная чалавеку дапамога, перадухіліць эскаляцыю канфлікту і зьняць сацыяльную напружанасьць, піша выданьне.
«Імкненьне набраць прагляды і рэакцыі ў сацыяльных сетках часам падштурхоўвае аўтараў да эмацыйных перабольшваньняў, распаўсюджваньня чутак або публікацыі неправераных фактаў, якія могуць ганьбіць рэпутацыю канкрэтных службовых асоб, арганізацый або грамадзянаў», — піша выданьне.
І пералічвае артыкулы, адпаведна якім чалавека могуць пакараць: адміністрацыйныя — за «хуліганства» і «невыкананьне патрабаваньня службовай асобы», крымінальныя — «за паклёп».
Пасыл матэрыялу такі, што людзям раяць скардзіцца на праблемы ў зваротах да дзяржаўных службаў, а не ў сацыяльных сетках.
«Мясцовыя ўлады рэагуюць на бясьпечныя для іх тэмы»
Паводле доктаркі навук, мэдыяэкспэрткі Ірыны Сідорскай, улада рэагуе на публічны скандал на бясьпечныя для яе тэмы, прыклад — Быхаў. Аднак гэта рэакцыя не на грамадзкую думку, а менавіта на скандал.
«Мясцовая ўлада не змагла прайсьці міма, бо гэта было прынцыпова: аўтарытэт, здольнасьць рэагаваць, эфэктыўнасьць. Па-першае, крытыка мастацкай вартасьці помніка — даволі бясьпечная тэма. Гаворка не пра палітычны лад, сілавікоў ці паўнамоцтвы Лукашэнкі. Улада змагла прадэманстраваць, што яна нібыта здольная выпраўляць памылкі. Але што яны выпраўляюць — няўдалую скульптуру ці мэханізм прыняцьця рашэньняў, якія прывёў да зьяўленьня гэтай няўдалай скульптуры? Пра зьмену правілаў, паводле якіх прымаліся рашэньні, гаворкі няма. Ці ўзгаднялі з жыхарамі Быхава саму ідэю гэтага помніка? Ці спыталіся ўлады, што яны могуць зрабіць для жанчын у „Год жанчыны?“ Мо варта было спытаць у жыхарак Быхава, каму мае быць помнік, ці трэба наагул помнік, ці лепш у парку паставіць лавачкі або пандусы, каб было зручна гуляць з вазкамі, калі вы ўжо хочаце ўшанаваць жанчыну-маці. Ніякага ж грамадзкага абмеркаваньня няма», — зазначае суразмоўца.
Экспэртка дадае, што мясцовыя ўлады могуць прызнаць незадаволенасьць людзей, напрыклад, мастацкімі якасьцямі помніка. Аднак крайнім у такой гісторыі апынуўся сам мастак, а ня тыя, хто ўзгадняе рашэньні.
«У гісторыі з Быхавам уладам усё можна было сапхнуць на скульптара. З аднаго боку, мясцовая ўлада прымала рашэньні, а з другога — не яна была выканаўцай. Гэта не мэдычныя праблемы, не праблемы з дарогамі ці інфраструктурай. Калі б людзі паставілі пытаньне патрэбнасьці гэтага помніка, то іх бы хуценька спынілі. Дзяржаўны тэлеканал АНТ падхапіў дыскусію, журналісты прыехалі і нібыта разабраліся. Пачалі кіраваць гэтым інфармацыйным вобразам. Калі б яны гэтага не зрабілі, магчыма, дыскусія прыняла б для ўладаў больш небясьпечны характар. А вось ці гатовая ўлада слухаць жанчын нават у „Год жанчыны“, то так яны пытаньне нават ня ставяць», — даводзіць Ірына Сідорская.