Экспэрты Human Constanta дасьледуюць адкрытыя крыніцы: публікацыі дзяржаўных і незалежных СМІ, афіцыйныя сайты, паведамленьні праваабарончых арганізацыяў.
У новым дасьледаваньні праваабаронцы адзначаюць зьніжэньне ранейшых паказьнікаў у некаторых аспэктах. Так, сёлета ў ліпені–верасьні было прынята 317 новых судовых рашэньняў аб прызнаньні матэрыялаў «экстрэмісцікімі» (у папярэднім квартале — 446). Пад забарону трапілі 487 інфармацыйных матэрыялаў (у мінулым квартале — 654: зьніжэньне на 25%). А ўсяго ў рэспубліканскім сьпісе Міністэрства інфармацыі на 30 верасьня было 11 016 «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Крытыка прадуктаў у крамах
Асноўны акцэнт у новым дасьледаваньні быў зроблены на акаўнты ў Threads, TikTok і Instagram. Таксама ўпершыню адзначаецца рост колькасьці «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у выглядзе Telegram-ботаў для зваротнай сувязі, прымацаваных да асноўных інфармацыйных каналаў.
Паводле праваабаронцаў, напрыклад, суд Лоеўскага раёну ў жніўні працаваў як канвэер. Дасьледнікі мяркуюць, што сілавікі проста ўпісалі ў радок пошуку TikTok словы «Жыве Беларусь», пасьля чаго суд масава ўключыў у сьпіс больш за дзясятак каналаў, у назьве якіх было гэтае словазлучэньне.
Праваабаронца Human Constanta Яўген (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) у размове з Свабодай заўважае, што пасьля таго, як практыка публікацыі «пакаяльных відэа» з затрыманымі за камэнтары амаль спынілася, магло скласьціся ўражаньне, што перасьлед такога кшталту слабее. Аднак рыторыка сілавікоў і практыка сьведчаць пра адваротнае.
«У чэрвені Сьледчы камітэт абвесьціў аб узмацненьні маніторынгу сацыяльных сетак, зрабіўшы асаблівы акцэнт на Threads і TikTok Кіраўніца прэс-службы МУС Натальля Сахарчук на пытаньне вядоўцы тэлеканалу СТВ, ці ГУБАЗіК можа зацікавіць любы камэнтар у Threads, адказала сьцвярджальна. Яна таксама папярэдзіла, што ананімнасьці ў сеціве няма і нават выдаленьне публікацыі ня выратуе яе аўтара. МУС мае дастаткова рэсурсаў, каб вызначыць аўтара кожнага паведамленьня. Пазьней Сахарчук адкрыта назвала Threads „пагрозай бясьпецы“ і заявіла, што аўтарам давядзецца адказваць „і за крытыку прадуктаў у крамах, і за камэнтар пра супрацоўніка ДАІ“», — кажа праваабаронца.
Чатыры інтэрвію каналу Euronews ад Лукашэнкі
Аўтары новага дасьледаваньня таксама зьвяртаюць увагу на тое, што ўсё больш уплывовых замежных выданьняў у Беларусі прызнаюць «экстрэмісцкімі рэсурсамі». Да прыкладу, агульнаэўрапейскі інфармацыйны рэсурс Euronews (якому раней Аляксандр Лукашэнка чатыры разы даваў інтэрвію, сьцьвярджаючы, што Euronews надзвычай папулярны канал у беларусаў), дзяржаўная Polska Agencja Prasowa (PAP), незалежнае выданьне для Паўднёвага Каўказу JAMnews, незалежнае расейскамоўнае выданьне Dron Media, telegram-канал буйнога ўкраінскага тэлеканалу Freedom, эстонскі партал навінаў Postimees.ee, польскае каталіцкае выданьне Gość Niedzielny, казахстанскія мэдыя.
Прызналі «экстрэмісцкімі» і шмат каналаў, скіраваных на расейскую аўдыторыю — telegram-каналы «Навальный LIVE», рэсурсы палітыкаў Ільлі Яшына, Леаніда Волкава, «Можем объяснить», «Соловьиный помёт», «Лига свободных наций» ды іншыя.
За тры месяцы сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» папоўніўся толькі трыма пазыцыямі, і ўсе яны зьвязаныя з Украінай: гэта два падразьдзелы беларускіх добраахвотнікаў у складзе ЗСУ і мэдыяпраект «Фабрыка навін».
Для параўнаньня: у красавіку–чэрвені «экстрэмісцкім» было абвешчана 31 новае «фармаваньне». Такім чынам, фіксуецца рэзкі спад актыўнасьці сілавікоў у гэтым кантэксце — больш чым у 10 разоў.
А вось тэмпы папаўненьня сьпісу друкаванымі выданьнямі рэзка вырасьлі: зь ліпеня па верасень 2026 году «экстрэмісцкай» прызналі ня менш за 21 кнігу, што ў 2,5 раза больш, чым у красавіку–чэрвені.
«Але незразумела, якімі крытэрамі кіруюцца дзяржаўныя органы пры разьмежаваньні кніг, якія ўключаюцца ў „экстрэмісцкі сьпіс“, і выданьняў, якія трапляюць у „сьпіс забароненых кніг“», — мяркуе праваабаронца Human Constanta Яўген.
«Забароненыя кнігі», паводле праваабаронцаў Human Constanta, можна падзяліць на некалькі катэгорыяў:
- — выданьні, зьвязаныя з расейскай агрэсіяй супраць Украіны: «Бязьлітасны Вальсок» і «Ноч. А ты…» Аляксандра Баля (зборнікі антываенных песень і грамадзянскай лірыкі); «Дабіце тых, хто выжыў. Вытокі і сэнс расейскага трампізму» (кніга расейскага журналіста Алега Кашына аб расейска-ўкраінскай вайне і сучаснай палітыцы);
- — праграмныя дакумэнты і прапановы рэформаў: «Народная праграма „Вольная Беларусь“» (апублікаваныя ў 2017 годзе ў «Беларускіх ведамасьцях»); «Праграма канстытуцыйных пераўтварэньняў: прапановы рэформы дзяржаўна-праўнай сыстэмы» юрыста Міхаіла Пастухова (2020);
- — гісторыя пратэставага і апазыцыйнага руху: «„Пакаленьне „Маладога Фронту“ і моладзі, народжанай у 1970–1985 гадах» Паўла Севярынца (2004; гэта ўжо чацьвертая ягоная кніга ў сьпісе Міністэрства інфармацыі);
- — асэнсаваньне савецкай спадчыны, улады і ідэнтычнасьці: дасьледаваньне Станіслава Шушкевіча «Нэакамунізм у Беларусі: ідэалёгія, практыка, пэрспэктывы» (2002); «100 цытатаў на Свабодзе» нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч (2019).
Асобна праваабаронцы вылучаюць «шпіёнскі раман» францускага пісьменьніка Марка Леві «Ноа», дзеяньне якога разгортваецца ў Беларусі ў 2020–2022 гадах. Пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах хатняй гаспадыні Сьвятланы над дыктатарам Лучынам яе зь дзецьмі вывозяць за мяжу, мужа адпраўляюць у турму, а міжнародная група хакераў узломвае базы КДБ і дапамагае перасьледаваным актывістам.
Твор мастацкі, але ў ім прачытваюцца простыя алюзіі на падзеі ў Беларусі.
Тэрміны даўніны
Нягледзячы на сканчэньне 5-гадовага тэрміну даўніны, паводле некаторых «палітычных» артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку і «народнага» 342-га (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба арушаюць грамадзкі парадак), калі чалавек ухіляецца ад сьледзтва, напрыклад зьяжджае, тэрмін адказнасьці павялічваецца да 15 гадоў. Артыкул 342 часта замяняюць на 293 — «масавыя беспарадкі». Тэрміны пакараньня там ужо зусім іншыя: за «ўдзел» — ад 3 да 8 гадоў, за «арганізацыю беспарадкаў» — да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Пачынаючы з 2020 году, зафіксавана больш за 50 адвольных затрыманьняў адвакатаў, на верасень 2026 году ў зьняволеньні застаюцца шасьцёра адвакатаў.
Паказальнай справай стаў нядаўні прысуд адвакату Зьмітру Лаеўскаму (які абараняў Віктара Бабарыку, Максіма Знака). 9 верасьня 2026 году Менскі гарадзкі суд асудзіў Лаеўскага на 3 гады пазбаўленьня волі. Нагодай сталі інтэрвію незалежным беларускім мэдыя, якія ён даваў у 2021-м. Але тады тыя мэдыя не былі яшчэ прызнаныя «экстрэмісцкімі».
І яшчэ некалькі лічбаў і фактаў:
- — за апошнія паўтара года заведзена новых 2000 «экстрэмісцкіх» справаў;
- — дзьвюм з паловай тысячам чалавек выставілі больш за 150 завочных прысудаў з тэрмінамі да 20–25 гадоў пазбаўленьня волі;
- — з 2022 году ў суды накіраваныя справы на падставе завочных абвінавачаньняў больш як 150 беларусаў, якія зьехалі за мяжу.
- — на канец верасьня 2026 году ў пераліку асобаў, датычных да «экстрэмісцкай» дзейнасьці, знаходзіліся 6930 чалавек, 186 зь іх папоўнілі гэты пералік МУС за апошнія тры месяцы;
- — у «справе Гаюна» асуджаныя 234 чалавекі;
- — у «справе ЭГУ» зафіксавана 183 факты перасьледу студэнтаў, выпускнікоў і выкладчыкаў (156 зь іх знаходзяцца ў Беларусі);
- — працягваюцца праверкі, вобшукі, затрыманьні і прысуды людзям пасьля іх прыезду ў Беларусь. Часьцей праводзяць асабісты надгляд з прыніжальным разьдзяваньнем.
Форум