Дасьледаваньне BIPART грунтуецца на дадзеных з адкрытых крыніц, публікацыях на афіцыйных сайтах беларускіх і расейскіх дзяржаўных органаў, публікацыях у дзяржаўных і незалежных СМІ. Аўтары найбольш увагі надавалі публікацыям пра асабістыя сустрэчы кіраўнікоў расейскіх рэгіёнаў зь беларускімі калегамі. Аналізавалі перадусім паездкі ў Беларусь расейскіх губэрнатараў, кіраўнікоў вобласьцяў і аўтаноміяў, а таксама паездкі ў Расею кіраўнікоў беларускіх аблвыканкамаў.
«Мы аналізавалі перш за ўсё тыя візыты расейскіх кіраўнікоў, якія адбываліся без удзелу Лукашэнкі, наўпрост у беларускія рэгіёны, — кажа ў размове з Свабодай аўтарка дасьледаваньня (гутарка адбывалася на ўмове ананімнасьці з прычын бясьпекі. — РС). — А таксама паездкі беларускіх чыноўнікаў у РФ. Сустрэчы з Лукашэнкам мы паглядзелі асобна, ёсьць асобны пласт дадзеных аб гэтым».
Гомель, Магілёў, Берасьце
Суразмоўца адзначае, што расейскія чыноўнікі топ-узроўню наведваюць Беларусь рэгулярна і бязь нейкай тэрытарыяльнай прывязкі. Няма такіх месцаў, куды б не прыяжджалі расейскія дэлегацыі рознага ўзроўню. Разам з тым у пэўныя беларускія рэгіёны расейцы прыяжджаюць заўважна часьцей, чым у іншыя.
«Яны бываюць прыкладна ўсюды, — кажа аўтарка дасьледаваньня. — Найбольш актыўнымі ў колькасьці сустрэчаў былі Магілёў, Гомель. Але ў мяне ня склалася ўражаньня, што яны прыяжджаюць у асноўным на ўсход Беларусі або наадварот — на захад. Але найбольш актыўна, напэўна, у Гомель. Яшчэ часта бываюць паездкі ў Берасьце».
Паводле дасьледаваньня BIPART, з 2018 па 2026 гады 41 сустрэча з кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў адбылася ў Гомлі, 32 сустрэчы — у Магілёве, 27 — у Берасьці.
«Часьцей за ўсё гэта вельмі прагматычныя, скіраваныя на абмеркаваньне эканамічных пытаньняў сустрэчы, — гаворыць суразмоўца. — Там абмяркоўваюць сумесныя праекты, гандаль. Тое, што ў асноўным зьвязана з гаспадаркай. Пры гэтым калі паміж двума рэгіёнамі, беларускім і расейскім, падпісваецца дамова — яна дастаткова тыповая. І там ужо гаворыцца ня толькі пра эканоміку, але і пра культуру, навуку, гуманітарную сфэру і гэтак далей. Але з публікацыяў у СМІ відаць, што абмяркоўваюць у асноўным эканамічныя пытаньні, зьвязаныя пераважна з гандлем».
УРЫВАК З ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯ: «У Горадзенскага аблвыканкаму складваецца крыху іншая мадэль узаемадзеяньня з рэгіёнамі Расеі. Адрозна ад Берасьця, Віцебску і Гомля, тут няма аднаго-двух расейскіх рэгіёнаў, з кіраўнікамі якіх ёсьць асабістыя кантакты. Было зафіксавана па дзьве сустрэчы з кіраўнікамі Арлоўскай, Ульянаўскай і Чэлябінскай вобласьцяў, Башкартастану і Прыморскага краю. Супрацоўніцтва расьсеяна паміж вялікай колькасьцю партнэраў і менш канцэнтруецца на ўзроўні асабістых кантактаў першых асобаў. Гэтаму ёсьць геаграфічнае тлумачэньне. Горадзенская вобласьць — адна з самых заходніх у Беларусі, яе памежная лёгіка гістарычна была ў значнай ступені зьвернута не на ўсход, да Расеі, а на захад — да Польшчы і Літвы. Да цяперашняга палітычнага крызісу вобласьць была глыбока ўбудаваная ў трансьмежавыя і гандлёвыя сувязі з заходнімі суседзямі, адначасова і Расея заставалася для яе буйным рынкам. Нават пасля 2022 году пераарыентацыя на Расею не прывяла да дамінацыі аднаго расейскага партнэра».
Аднак апошнімі гадамі на сустрэчах беларускіх і расейскіх чыноўнікаў усё часьцей гучыць ідэалягічная рыторыка. Паводле аўтаркі дасьледаваньня, гэта вынік пачатай у 2022 годзе поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
«Перамовы могуць суправаджацца кароткім дыялёгам, дзе будзе згадана штосьці зьвязанае з памяцьцю пра вайну (Другую ўсясьветную. — РС), — расказвае аўтарка дасьледаваньня. — Або могуць гаварыць пра неабходнасьць патрыятычнага выхаваньня моладзі. Але гэта ўсё ж літаральна некалькі кароткіх рэплік. Асноўнае абмеркаваньне на сустрэчах расейскіх кіраўнікоў у Беларусі ў кожным разе прысьвечана эканамічным пытаньням. Хто што каму прадасьць, у якіх аб’ёмах і гэтак далей».
Хто прыяжджае найчасьцей
Ці ёсьць сярод расейскіх губэрнатараў такія, хто прыяжджае ў Беларусь часьцей за іншых? Паводле аўтаркі дасьледаваньня, можна назваць адразу некалькі імёнаў.
«Галоўным тут я б вылучыла кіраўніка Прыморскага краю Алега Кажамяку, — расказвае суразмоўца. — Вывучыўшы гэтае пытаньне глыбей, мы зразумелі, што тут уплывае вельмі моцна асабісты фактар. Ён даўным-даўно сябруе з Лукашэнкам. І адпаведна выбудоўвае адносіны зь беларускімі рэгіёнамі. Прыморскі край Расеі даволі далёка ад Беларусі — 10 тысяч кілямэтраў. Але тут адлегласьць увогуле ніяк не замінае. Кажамяка рэгулярна бывае ў Беларусі, актыўна сустракаецца з усімі, падпісвае дамовы. Менавіта ён удзельнічаў у вызваленьні Соф’і Сапегі (затрыманай і асуджанай пасьля пасадкі самалёта Ryanair у Менску ў траўні 2021 году. — РС). Наколькі я ведаю, родныя Соф’і праз Кажамяку дамагліся вызваленьня».
Акрамя Кажамякі, аўтарка дасьледаваньня называе кіраўніка Ўльянаўскай вобласьці Аляксея Рускіх. Ён моцна актывізаваўся пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне і ўводу санкцыяў супраць Расеі.
«Ён пачаў тады вельмі актыўна наладжваць кантакты, — гаворыць суразмоўца. — Прыяжджае ў беларускія рэгіёны, мае вялікі эканамічны інтарэс у гэтым. На маю думку, тут таксама прасочваецца асабісты фактар. Бо зусім ня кожны расейскі губэрнатар імкнецца актыўна супрацоўнічаць зь Беларусьсю, зь беларускімі рэгіёнамі. Нехта ўвогуле ня езьдзіць, хоць пад санкцыі ўся Расея аднолькава трапіла».
Кантакты паміж рэгіёнамі Беларусі і Расеі адбываюцца і безь непасрэднага асабістага ўдзелу іх кіраўнікоў. Як прыклад — супрацоўніцтва, якое склалася паміж Масквой і Менскам, якія таксама маюць статус рэгіёнаў. Мэр Масквы Сяргей Сабянін нячаста бывае ў Беларусі з асабістымі візытамі, што не замінае адміністрацыям абедзьвюх сталіц даволі шчыльна супрацоўнічаць.
«Кіраўнік Менску даволі часта камунікуе з кіраўніком Санкт-Пецярбургу, а таксама з кіраўніком Масквы Сабяніным, — гаворыць суразмоўца. — Такая гарадзкая дыпляматыя, ведаеце. Абмяркоўваюць як эканоміку, так і гарадзкія пытаньні. Урбаністычныя, сыстэмы грамадзкага транспарту. Усё такое вельмі практычнае, дзелавыя кантакты».
Рэзкая актывізацыя пасьля пачатку вайны
Як сказана вышэй, аўтары дасьледаваньня заўважылі зрух, які адбыўся ў расейска-беларускіх кантактах пасьля 24 лютага 2022 году. Супраца, якое зьведвала праблемы ў 2020 годзе праз пандэмію, пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны значна актывізавалася.
«У 2022 годзе была рэзкая актывізацыя, — гаворыць аўтарка дасьледаваньня. — Тут наўпрост паўплываў пачатак вайны і тыя санкцыі, якія пасьля яго ўвялі ў дачыненьні да Расеі і Беларусі».
Аўтары публікацыі не дасьледавалі кантакты кіраўнікоў беларускіх рэгіёнаў з дэлегацыямі іншых краін. Пры гэтым яны таксама адбываюцца, адзначае суразмоўца. Гэта перадусім прыезды дэлегацыяў зь некаторых краін СНД, Азіі і Афрыкі. Аднак расейскія топ-чыноўнкі прыяжджаюць у Беларусь зараз значна часьцей, чым прадстаўнікі іншых краін.
«Да лютага 2022 году ідэалягічных момантаў на сустрэчах беларускіх і расейскіх чыноўнікаў увогуле не прасочвалася, — расказвае аўтарка дасьледаваньня. — Але пасьля ўсё часьцей эканамічныя перамовы сталі суправаджацца кароткімі дыялёгамі пра агульную памяць, пра барацьбу з фашызмам, пра патрыятычнае выхаваньне моладзі».
Суразмоўца дадае, што такія ідэалягічныя ўкрапленьні часта выглядаюць як нешта вымушанае. Быццам чыноўнікі павінны гэта прагаварыць, а пасьля ўжо могуць перайсьці да абмеркаваньня важных справаў.
«Разам з тым складана сказаць, што адбываецца на практыцы за кулісамі, — прызнаецца аўтарка дасьледаваньня. — Я бачу толькі тое, што публікуюць афіцыйныя крыніцы. Навіны на сайце аблвыканкаму або на сайтах СМІ. Што абмяркоўваюць на нефармальных сустрэчах — цяжка сказаць. Мы знайшлі, напрыклад, зьвесткі пра 176 сустрэчаў (за пэрыяд з 2018 па 2026 гады. — РС). Але я думаю, што такіх сустрэчаў можа быць больш. Напрыклад, што адбываецца на штогадовым форуме Беларусі і Расеі? Там зьбіраюцца кіраўнікі беларускіх аблвыканкамаў, кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў. Што яны там робяць і што абмяркоўваюць, у якой атмасфэры — мы не заўсёды ведаем дакладна».
УРЫВАК З ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯ: «Калі паглядзець ня толькі на частату сустрэчаў, але і на іх беспасярэдні вынік, то відаць, што беларуска-расейскія міжрэгіянальныя кантакты ў цэлым маюць практычны характар. З 176 зафіксаваных сустрэчаў у 88 выпадках, то бок роўна ў палове, вынікам стала падпісаньне нейкага канкрэтнага дакумэнту: пагадненьня аб супрацоўніцтве, пляну захадаў, дарожнай карты або іншага дакумэнту, які фармалізуе далейшае ўзаемадзеяньне. Яшчэ 82 сустрэчы (47%) былі прысьвечаны абмеркаваньню супрацоўніцтва — яго бягучых вынікаў, новых праектаў і далейшых плянаў. Такім чынам, пераважная большасьць сустрэчаў — амаль 97% — мелі наўпрост рабочы зьмест, зьвязаны або з замацаваньнем дамоўленасьцяў на паперы, або з абмеркаваньнем канкрэтнага ўзаемадзеяньня».
Ці езьдзяць на сустрэчы ў Расею кіраўнікі беларускіх рэгіёнаў? З словаў дасьледніцы, у тут яны адрозьніваюцца ад сваіх расейскіх калегаў, бо, як правіла, накіроўваюцца ў такія паездкі з свайго працоўнага абавязку, а не з уласнай ініцыятывы. Калі кагосьці прызначаюць на пасаду кіраўніка аблвыканкаму ў Беларусі, то ён не пачынае весьці там уласную палітыку, а хутчэй працягвае той курс, які быў абазначаны да яго прыходу.
«Вось, напрыклад, у нас ёсьць Гомельскі аблвыканкам, які актыўна супрацоўнічае з Бранскай вобласьцю Расеі, яны маюць агульную мяжу, — расказвае суразмоўца. — І калі ў Гомлі мяняецца кіраўнік вобласьці, то гэта не ўплывае на кантакты з расейскім рэгіёнам, яны працягваюцца на тым жа ўзроўні, на якім былі раней. У беларускіх кіраўнікоў я не заўважыла нейкага асабістага фактару. У Беларусі замест гэтага ёсьць свае „прыколы“. Існуе так званае замацаваньне адказнасьці за пэўны кірунак. Старшыню аблвыканкаму могуць прызначыць адказным за разьвіцьцё адносінаў зь нейкім пэўным расейскім рэгіёнам. Напрыклад, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму будзе адказваць за разьвіцьцё адносінаў усёй Беларусі з Хабараўскім краем. Увогуле ўсёй Беларусі. Адпаведна камунікацыя з кіраўніцтвам Хабараўскага краю становіцца яго працоўным абавязкам. Але гэта працоўны абавязак, а не асабістая ініцыятыва».
Наколькі паездкі расейскіх чыноўнікаў па Беларусі кантралюе афіцыйны Менск, ці заўсёды пра іх ведае Лукашэнка і ці кантралюе ён гэта асабіста? Паводле аўтаркі дасьледаваньня, аб гэтым можна толькі меркаваць.
«У мяне склалася меркаваньне, што такія кантакты толькі вітаюцца, — кажа дасьледніца. — Прычым на ўзроўні цэнтральных уладаў як Беларусі, так і Расеі».
Супрацоўніцтва з расейскай адміністрацыяй акупаваных украінскіх земляў
Асобная частка дасьледаваньня прысьвечана разьвіцьцю кантактаў паміж беларускімі рэгіёнамі і акупацыйнай адміністрацыяй украінскіх тэрыторыяў пад кантролем Расеі. Паводле суразмоўцы, гэтыя кантакты выразна адрозьніваюцца ад супрацы кіраўнікоў беларускіх рэгіёнаў з уласна расейскімі вобласьцямі й іншымі адміністрацыйнымі адзінкамі.
«Такіх кантактаў няшмат, і мне здаецца відавочным, што Лукашэнка наколькі мага іх пазьбягае, — гаворыць суразмоўца. — Імаверна, таму, што гэта можа мець для яго палітычную цану. З 2018 году ён сустракаўся толькі двойчы з кіраўніком так званай „ДНР“ Пушыліным і адзін раз з расейскім кіраўніком акупаванай Херсонскай вобласьці Уладзімірам Сальдам. Больш сустрэчаў не было. Але былі падпісаныя дамовы аб супрацоўніцтве паміж беларускімі рэгіёнамі і акупацыйнай адміністрацыяй украінскіх тэрыторыяў. Іх няшмат: толькі з Крымам, Севастопалем (выступае як асобная адміністрацыйная адзінка, — РС) і так званай „ДНР“. І не паўсюль гэта дамовы паміж прадстаўнікамі выканаўчай улады».
УРЫВАК З ДАСЬЛЕДАВАНЬНЯ: «Заўважная пэўная асьцярожнасць Лукашэнкі ўва ўзаемадзеяньні з акупаванымі тэрыторыямі. На фоне 87 асабістых сустрэчаў Лукашэнкі з кіраўнікамі прызнаных расейскіх суб’ектаў тры сустрэчы з прадстаўнікамі „ДНР“ і Херсонскай вобласьці выглядаюць хутчэй выключэньнем, чым правілам. Характэрна, што Крым мае найбольш разьвітыя фармальныя рэгіянальныя сувязі зь Беларусьсю, аднак яны так і не былі дапоўнены асабістым кантактам Лукашэнкі з кіраўніком анэксаванай рэспублікі пры тым, што Лукашэнку неаднаразова і публічна запрашалі наведаць паўвостраў. Кіраўнік расейскай акупацыйнай адміністрацыі ў Крыме Сяргей Аксёнаў яшчэ ў 2021 годзе казаў, што ў Крыме Лукашэнку радыя, „але для гэтага патрэбна яго жаданьне“».
З словаў суразмоўцы, усе падобныя кантакты зьявіліся пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Гэта датычыць і асабістых сустрэчаў, і падпісаных дакумэнтаў.
«Імаверна, усё ж прыходзіцца неяк дэманстраваць Пуціну, што Беларусь і з акупаванымі тэрыторыямі Украіны можа наладжваць кантакты, — гаворыць дасьледніца. — Аднак у той жа час не рабіць гэта насамрэч актыўна і прадуктыўна. З выклікам. Бо гэта можа мець палітычную цану. Вельмі маруднае і асьцярожнае выбудоўваньне адносінаў. Дамовы аб намерах супрацоўнічаць — стандартныя. І я не прыгадаю, каб вялося пра падпісаньне канкрэтных так званых дарожных мапаў аб супрацоўніцтве на некалькі гадоў наперад. Нічога падобнага я ня бачыла. Калі яны і былі, то яны не публікаваліся».
Форум