У Расеі заявілі пра новую атаку Ўкраіны на Крымскі мост, якая можа не дазволіць аднавіць аўтобусны рух

Так выглядалі аркі Крымскага мосту перад пачаткам сэрыі ўкраінскіх удараў у лістападзе 2026 году. Архіўнае фота

Гэта трэцяя ўкраінская атака на мост за апошнія тры дні. 19 лістапада расейскія ўлады плянавалі аднавіць аўтобусны рух паміж Крымам, Расеяй і Беларусьсю.

Кіраўнік расейскай адміністрацыі Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што «ў выніку чарговай атакі на Крымскі мост рух часова спынілі».

Паводле яго, усе адказныя службы знаходзяцца на месцах і ацэньваюць маштабы шкоды. Аб пацярпелых Аксёнаў нічога не сказаў.

У Міністэрстве транспарту Расеі паведамілі аб спыненьні чыгуначнага руху. Напярэдадні заяўлялі, што 19 лістапада адновяць пасажырскія аўтобусныя перавозкі з Крыму ў Расею і Беларусь і назад маршрутамі Севастопаль — Краснадар, Еўпаторыя — Масква і Ялта — Менск.

Згодна з інфармацыяй украінскіх маніторынгавых каналаў, уначы ўкраінскія сілы атакавалі мост ракетамі. Telegram-канал Exilenova+ апублікаваў запіс, на якім можна пачуць сэрыю моцных выбухаў.

Падпісаныя на праўкраінскі Telegram-канал «Крымский ветер» паведамілі, што пакуль немагчыма пабачыць вынікі новага ўдару, пажару ў кірунку мосту таксама не было. Раней іншыя відавочцы адзначалі, што адбылося сама меней два ўдары.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украіна атакавала Крымскі мост, нафтабазу ў Растоўскай вобласьці Расеі, у порце Усьць-Луга зьнішчылі 5 рэзэрвуараў з нафтапрадуктамі

Што папярэднічала

Украінскія вайскоўцы аднавілі ўдары па Крымскім мосьце 16 лістапада. На наступны дзень, 17 лістапада, у выніку атакі ў мора абрынулася адна арка і аўтамабільны пралёт даўжынёй амаль 300 мэтраў.

Як паведамілі пазьней у Службе бясьпекі Ўкраіны, гэтая апэрацыя складалася з 7 этапаў і рыхтавалася прыблізна месяц — спачатку «выбівалі» расейскую супрацьпаветраную абарону, а потым пачалі атакі проста на мост.

Для зьнішчэньня мосту выкарыстоўвалі ракеты-дроны «Паляниця», а таксама іншыя бесьпілётнікі, у тым ліку Dovbush, «⁠Вендета», Da Vinci, «Січень», Mich-2000, Ruta, «Ан-197», FP-1, а таксама ракеты «Фламінго» і «Нептун».

Апошняя атака стала пятым моцным ударам украінскіх сілаў па мосьце, пачынаючы з 2022 году, тры зь іх адбыліся ў ноч на 16, 17 і 18 лістапада 2026 году.

Расейскія адміністрацыі Крыму пераконваюць, што закрыцьцё Крымскага мосту не адбілася на лягістыцы дастаўкі грузаў і паліва на паўвостраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія сілы ўдарылі па Крымскім мосьце, яго частка абрынулася ў мора. Расейцы атакавалі масты ў Кіеве