У Адэсе дагэтуль працягваецца паветраная трывога. Расейскія войскі нанесьлі ўдар у першай палавіне дня 18 лістапада.
У Адэсе пашкоджаныя жылыя дамы, крама і кавярня
Улады Адэскай вобласьці паведамілі аб удары расейскіх войскаў па цэнтры Адэсы — чатыры чалавекі загінулі, сем параненыя. У жылых дамах павыбівала вокны, пашкоджаньні атрымалі навучальная ўстанова, крама і кавярня. Загарэліся аўтамабілі.
Украінскія сілы атакавалі адразу два НПЗ у Краснадарскім краі
Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі аб пажарах адразу на двух нафтаперапрацоўчых заводах Краснадарскага краю — Ільскім і Афіпскім, што знаходзяцца ў Северскім раёне.
У апэратыўным штабе Краснадарскага краю фактычна пацьвердзілі гэтую інфармацыю, хоць самі прадпрыемствы не назвалі.
«Праз падзеньне аскепкаў бесьпілётнікаў адбылося ўзгараньне на двух прадпрыемствах», — адзначаецца ў паведамленьні.
Згодна з інфармацыяй расейскіх уладаў, у выніку ўкраінскай атакі нібыта пацярпелі чатыры чалавекі. Фрагмэнты дронаў разьляцеліся па вялікім пэрымэтры — іх знайшлі пад 9 адрасамі.
Украіна атакуе гэтыя заводы пэрыядычна з 2023 году: Афіпскі НПЗ пацярпеў ужо 18 разоў, а Ільскі — 19. Восем удараў па гэтых двух заводах нанесьлі толькі сёлета.
Украіна ў адказ на расейскія ўдары па сацыяльнай інфраструктуры атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па нафтаперапрацоўчых магутнасьцях. Вайсковае камандаваньне заяўляе, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных тэрыторыях Украіны для працягу вайны.
Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі, анэксаваным ёю Крыме і захопленых ёю іншых вобласьцях Украіны. У некаторых рэгіёнах увялі строгія забароны ці абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль бачныя нават на спадарожнікавых здымках. Расейскія ўлады забаранілі экспарт аўтамабільнага і авіяцыйнага бэнзіну, а таксама дызэльнага паліва.
У пачатку ліпеня адразу некалькі краін Цэнтральнай Азіі заявілі аб паліўным крызісе праз скарачэньне паставак нафтапрадуктаў з Расеі й Ірану. У прыватнасьці, Таджыкістан, Кіргізстан і Ўзбэкістан пачалі тэрмінова шукаць магчымасьць кампэнсаваць страты ў пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі.
Пэўную частку дэфіцыту паліва на рынку Расеі закрываюць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.