Украінскі дрон улучыў у порт Усьць-Луга, які Беларусь выкарыстоўвае для экспарту ўгнаеньняў і нафтапрадуктаў

Наступствы ўкраінскага ўдару па Усьць-Лузе ў сакавіку 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Украіна ініцыюе яшчэ адну эвакуацыю жыхароў Алешак.

У расейскім морскім порце пажар

Губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка паведаміў, што ў ноч на 11 лістапада ў порце Усьць-Луга пачаўся пажар.

«Папярэдне, у выніку атакі БПЛА ёсьць пацэльваньне ў партовай зоне Усьць-Луга, адбылося загараньне, неабходныя сілы і сродкі пачалі тушэньне. Таксама адбылося аварыйнае адключэньне трансфарматарнай падстанцыі ў Усьць-Лузе», — удакладніў Дразьдзенка.

Паводле яго, пацярпелі тры працаўнікі, а над Ленінградзкай вобласьцю нібыта зьбілі 150 украінскіх дронаў.

Украінскія і расейскія маніторынгавыя каналы апублікавалі відэазапісы маштабнага пажару ў раёне порту. Паводле каналаў Exilenova+ і Supernova+, сэрвіс NASA FIRMS зафіксаваў асяродкі пажару ў порце Усьць-Луга. Сьцьвярджаюць, што пажар відаць з тэрыторыі Эстоніі.

Украінскія сілы атакавалі гэты расейскі порт ня менш за 13 разоў. Упершыню ён стаў мішэньню ў студзені 2024 году. Сёлета па ім наносілі ўдары сама меней 11 разоў.

Пасьля ўводу санкцыяў супраць Беларусі Усьць-Луга стаў асноўным портам для беларускага экспарту нафтапрадуктаў і мінэральных угнаеньняў. 19 лютага 2021 году ўрады Беларусі і Расеі падпісалі пагадненьне аб транспартаваньні нафтапрадуктаў праз гэты порт адразу на тры гады. Беларускія прадпрыемствы выкарыстоўваюць 20 расейскіх партоў для паставак сваёй прадукцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У расейскім порце Усьць-Луга, які выкарыстоўвае Беларусь, пажар пасьля ўкраінскай атакі. Дрон зьбілі і ў Латвіі

Украіна ініцыюе яшчэ адну эвакуацыю з Алешак

Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец паведаміў аб новых зваротах жыхароў акупаваных Расеяй Алешак у Херсонскай вобласьці з просьбамі аб эвакуацыі.

«Людзі, якія пабачылі, што мэханізм бясьпечнага выезду даў вынік, цяпер паведамляюць пра жаданьне выехаць на падкантрольную ўраду Ўкраіны тэрыторыю», — заявіў ён.

Паводле яго, офіс працягвае зьбіраць інфармацыю пра кожнага такога чалавека. Асаблівую ўвагу надаюць сталым людзям, маларухомым грамадзянам, цяжка хворым і сем’ям зь дзецьмі.

«Зараз мы працуем над магчымасьцю арганізацыі дадатковага бясьпечнага выезду жыхароў Алешак і іншых паселішчаў Алешкаўскай грамады. Для гэтага трэба ўзгадніць гуманітарныя і бясьпекавыя ўмовы. Як толькі будзе выпрацаваны бясьпечны мэханізм, людзі, якіх гэта датычыць, атрымаюць патрэбную інфармацыю», — заявіў Дзьмітро Лубінец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першы момант сустрэчы, сьлёзы радасьці і палёгкі. Як ва Ўкраіне сустракалі вывезеных з акупаваных Алешак грамадзян

Украіна і Расея абвясьцілі пра «спыненьне баявых дзеяньняў» з ночы 27 кастрычніка па 1 лістапада дзеля правядзеньня гуманітарнай місіі ў Алешках. Першая лэдзі ЗША Мэланія Трамп, якая паспрыяла дамоўленасьцям аб спыненьні агню, назвала гуманітарную місію ў Алешках пасьпяховай. Яна адзначыла, што місія дазволіла даставіць у рэгіён жыцьцёва важную дапамогу і эвакуаваць амаль 800 чалавек.

Жыхары Алешак вярнуліся ва Ўкраіну празь Беларусь. 10 лістапада міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў аб гатоўнасьці беларускага боку спрыяць такім місіям.

Расея акупавала Алешкі ў першыя дні поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022 году. Горад разьмешчаны на левым беразе ракі Дняпра, у акупаванай частцы Херсонскай вобласьці Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыхары Алешак вярнуліся ва Ўкраіну празь Беларусь. Рэжым цішыні закончыцца 1 лістапада