Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што ўкраінскія грамадзяне з акупаванага расейскімі войскамі горада Алешкі прыбылі на свабодную ўкраінскую тэрыторыю празь Беларусь. Іх сустрэлі ў Чарнігаўскай вобласьці. Усе яны атрымаюць неабходную дапамогу.
Ён пацьвердзіў, што гуманітарная апэрацыя па выратаваньні людзей з Алешак Херсонскай вобласьці прайшла пасьпяхова.
Зяленскі выказаў удзячнасьць першай лэдзі ЗША Мэланіі Трамп за пасярэдніцтва ў гэтай гуманітарнай місіі, а таксама ўпаўнаважанаму Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітру Лубінцу і яго камандзе за яе ажыцьцяўленьне.
30 кастрычніка ўкраінская дэлегацыя на чале з Дзьмітром Лубінцом прыбыла ў акупаваныя Алешкі, дзе з ночы 27 кастрычніка дзейнічаў рэжым «спыненьня агню». Паводле яго, для эвакуацыі падрыхтавалі 25 аўтобусаў на 750 месцаў, а таксама машыны хуткай дапамогі для людзей з абмежаванай рухомасьцю. Лубінец паведаміў, што ўсе ахвочыя выехаць на тэрыторыю, якую кантралюе ўкраінскі ўрад, змаглі пакінуць Алешкі.