«Ёсьць запаленьні і ёсьць пагроза разьвіцьця гангрэны». Што адбываецца з арт-мэнэджарам Алегам Ларычавым, якога судзяць у Менску

Алег Ларычаў падчас аднаго са сваіх судовых працэсаў у 2017 годзе. Архіўнае фота

Алега Ларычава затрымалі 27 лістапада мінулага году. Ён шмат гадоў займаўся вулічным мастацтвам, арганізоўваў стварэньне гарадзкіх муралаў, ягонае фота ў Менску было на білбордах, зь ім супрацоўнічалі чыноўнікі.

Палітвязьня, вулічнага мастака і арт-мэнэджара Алега Ларычава затрымалі 27 лістапада 2025 году. Ён шмат гадоў займаўся вулічным мастацтвам, арганізоўваў стварэньне гарадзкіх муралаў. Пасьля падзеяў 2020 году заставаўся ў Беларусі, дзе жыве яго сям’я. У зьняволеньні ў Алега Ларычава абвастрыліся праблемы здароўя, ён не атрымлівае належнай мэдычнай дапамогі. Пра гэта Свабодзе расказала кіраўніца кампаніі «Годна» Аліна Герашчанка, сяброўка Алега.

«У яго ёсьць лекі ад цукровага дыябэту, а ўсё астатняе толькі на прызначэньне лекара. У яго язвы на нагах, якія не загойваюцца тры месяцы. Яму робяць перавязкі вельмі нерэгулярна, добра, калі раз на тыдзень. Паколькі ўсе лекі толькі на прызначэньне, іх цяжка перадаць. Ёсьць запаленьні і ёсьць пагроза разьвіцьця гангрэны — гэта ж вельмі сур’ёзная рэч, а нейкага сыстэмнага лекаваньня няма», — кажа Аліна.

Трэцяга лістапада ў суд для Алега выклікалі хуткую, бо ў яго паднялася тэмпэратура. Паводле інфармацыі Свабоды, у памяшканьні суду лекары зрабілі яму перавязку, пасьля чаго працэс быў працягнуты.

У чым вінавацяць арт-мэнэджара

Суд над арт-мэнэджарам Алегам Ларычавым пачаўся ў лістападзе. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — 361-1 («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім») і 361-2 («Фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня»), паведаміла Свабодзе Аліна Герашчанка.

Пракуратура імкнецца давесьці, што Алег Ларычаў мае дачыненьне да культурніцкай суполкі «Да зораў», якая спрабавала афіцыйна арганізоўваць у Беларусі культурныя падзеі кшталту імпрэзаў і канцэртаў і мела замежнае фінансаваньне. Таксама Ларычава вінавацяць у датычнасьці да старой мэмнай ініцыятывы «Вяйшнорыя». Няісная дзяржава Вяйшнорыя ўпершыню зьявілася ў сцэнары сумесных вайсковых вучэньняў Расеі і Беларусі «Захад-2017». Міт спадабаўся карыстальнікам сеціва, і Вяйшнорыя стала мэмам. У сеціве людзі прыдумлялі герб і сьцяг няіснай дзяржавы, зьявіўся жартоўны сайт. Увесь гэты рух быў гумарыстычным і фактычна спыніўся 6-7 гадоў таму.

Алег Ларычаў пасьля падзей 2020 году застаўся ў Беларусі. Яго арыштавалі толькі ў 2025

У верасьні інфармацыю аб тым, што Ларычава вінавацяць у дачыненьні да суполкі «Да зораў», пацьвердзіў Свабодзе вызвалены музыка Алесь Чумакоў. З словаў Чумакова, спачатку яны з Ларычавым былі фігурантамі адной справы, аднак пасьля справы разьдзялілі. Алега прывозілі ў суд над Чумаковым у якасьці сьведкі ў жніўні 2026 году. З словаў музыкі, Ларычаў ужо тады пачуваўся нядобра.

Разам з Алегам Ларычавым судзяць Сямёна Малашэнкава, якога таксама затрымалі ў леташнім лістападзе і вінавацяць у датычнасьці да ініцыятывы «Да зораў». Алега трымаюць у СІЗА-1 — у новым будынку ў Калядзічах пад Менскам.

На працэсе Алег Ларычаў спрабаваў заявіць Алеся Чумакова ў якасьці сьведкі, але той ужо быў за мяжой.

17 сьнежня 2025 году ініцыятыву «Да зораў» прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Няісную Вяйшнорыю і сацыяльныя сеткі жартоўнага праекту прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем» сёлета ў сакавіку.

Хто такі Алег Ларычаў

Алег — арт-мэнэджар і арганізатар праекту Urban Myths, у межах якога іншаземныя мастакі прыяжджалі ў Беларусь і рабілі вялізныя росьпісы шматпавярховых дамоў. Дзякуючы Urban Myths у Менску зьявілася некалькі сусьветна вядомых муралаў: «Дзяўчынка ў вышыванцы», «Ярыла», «Чалавек без імя», «Сэрца». Праект праіснаваў некалькі гадоў і падарыў сталіцы дзясяткі вулічных працаў. Усе гэтыя муралы ствараліся афіцыйна, са згоды мясцовых уладаў.

У 2016 годзе партрэт Алега Ларычава зьявіўся на сталічных білбордах у межах ініцыятывы гарадзкіх уладаў «Я Менск». Каля партрэту быў надпіс: «Гэта я арганізоўваю фэстывалі вулічнага выяўленчага мастацтва ў Менску». Такім чынам сталічныя ўлады прызналі ўнёсак Ларычава ў вобраз Менску.

Білборд з партрэтам Алега Ларычава ў Менску. Архіўнае фота

«Мне проста патэлефанавалі зь Менгарвыканкаму і прапанавалі паўдзельнічаць, — расказваў тады выданьню CityDog.by Алег. — Шчыра кажучы, я быў усьцешаны і, вядома, пагадзіўся. Прыехаў на фотасэсію — і вось ужо зьявіліся білборды. Дарэчы, у выканкаме адкрытыя да новых прапановаў: можна парэкамэндаваць кагосьці, і, калі ініцыятыву ўхваляць, гэты чалавек таксама зьявіцца на білбордзе. Ня ведаю, хто парэкамэндаваў мяне, мне не сказалі».

Вясной 2017 году Алега Ларычава двойчы судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў за «дробнае хуліганства», пакараўшы арыштам і штрафам. Праваабаронцы і сам Ларычаў называлі гэты перасьлед палітычна матываваным.

Культурнымі праектамі Алег Ларычаў пачаў займацца яшчэ з студэнцкіх гадоў — удзельнічаў у арганізацыі выставаў і канцэртаў.