Ад ратаваньня фартэцыі на сярэднявечным Палесьсі да самотнага робата ў час постапакаліпсісу. Над якімі гульнямі цяпер працуюць беларусы

Tales of Meadows, скрыншот

Праехацца па беларускіх сядзібах, выратаваць фабрыку ў паравую эпоху ці ўзяць на сябе ролю ўладальніка канторы мікрапазык. У сьвежай падборцы 5 гульняў ад беларусаў, якія цяпер распрацоўваюцца.

M.I.N.S.K. Robotics: Робат-выведнік пасярод руін

Вы — створаны інжынэрам андроід, які спрабуе выжыць у закінутым постапакаліптычным сьвеце. Трэба здабываць жыцьцёва неабходныя рэсурсы ў закінутых месцах, праточвацца праз таксычны туман, замагацца з марадэрамі і варожымі машынамі.

Пра гэта гульня M.I.N.S.K. Robotics ад беларускіх распрацоўнікаў Krok13. Гэта прыгодніцкі горар-выжывач зь відам ад трэцяй асобы. Вы кіруеце шматфункцыянальным робатам, які можа і па драбінах лазіць, і са зброі страляць.

«Акуніцеся ў гісторыю адзіноты, надзеі і любові. Вашы ўзаемадзеяньні паміж людзьмі і машынамі фармуюць унікальны аповед, а прынятыя рашэньні могуць зьмяніць хаду падзеяў», — абяцаюць распрацоўнікі на старонцы гульні.

Пакуль дата рэлізу не абвешчана. Зь відэа ў сацыяльных сетках вынікае, што ў гульні мусіць быць дэталізаваная рэалістычная графіка.

Гульня M.I.N.S.K. Robotics, скрыншот

Цікавая і гісторыя распрацоўкі. Перш гульню ствараў адзін чалавек, пасьля яму ўдалося адшукаць выдаўца з досьведам выпуску камэрцыйных гульняў. Згодна з старонкай у краме гульняў Steam, у праекце будзе беларуская мова.

SteamPanic: Last Shift: Уратуй фабрыку з паравой цягай

У гэтай гульні вы працуеце на фабрыцы «паравых» часоў. Усё абсталяваньне працуе на пары і мае добрую выслугу гадоў, ад чаго ўвесь час ламаецца. Фабрыка працуе, начальнік незадаволены, калі вы не пасьпяваеце ўсё рамантаваць, бо тут не да абеду. То шасьцярня вылеціць, якую трэба хутка замяніць, то дзірка ў трубе зьявіцца, і трэба тэрмінова хапаць газавы пальнік і заварваць адтуліну. А бывае, што наагул здарыцца пажар, тады трэба хапацца за тушыльнік. Згодна з старонкай у Steam, выпусьціць гульню SteamPanic: Last Shift аўтары збіраюцца налета. Дэмкі на старонцы няма, але працоўны прататып дасяжны на сайце itch.io, гэта такі аналяг Steam, але з прасьцейшым уваходам.

Гульня SteamPanic last shift, скрыншот

Праект робіць каманда JDF GAMES, у партфоліё распрацоўнікі маюць адну выпушчаную гульню — горадабудаўнічы сымулятар Urban Project у духу настолкі.

Shliah: Горар-падарожжа па беларускіх сядзібах

У гэтай гульні распрацоўнікі абяцаюць «глыбокую атмасфэрную роўд-трып-прыгоду ад першай асобы з элемэнтамі горару». Паводле сюжэту, гулец мае службовы абавязак езьдзіць па беларускіх сядзібах, касьцёлах, напаўзруйнаваных палацах і зьбіраць інвэнтарныя меткі.

Аднак «звычайная працоўная паездка ператвараецца ў паранаідальны квэст», як абяцаюць аўтары. Дата выхаду гульні пакуль не абвешчаная.

Гульня Tales of Meadows, скрыншот

Распрацоўнікі — студыя Qualestory Games, якая таксама працуе над гульнёй пра Тураўскае княства Tales of Meadow. Раней Свабода расказвала, што каманда выпусьціла дэма гэтай гульні.

Пачытаўшы водгукі гульцоў, у Qualestory Games вырашылі перарабляць праект пра Тураўскае княства, зьмяняць графіку і некаторыя элемэнты сцэнару. А паколькі гэта даволі доўга, то каманда вырашыла выпусьціць яшчэ адзін праект — Shliah. Прынамсі так вынікае з сацыяльных сетак, якія вядзе каманда. У гульні абяцаюць беларускую мову.

Walls of Fate: Сярэднявечнае Палесьсе

Вы прыяжджаеце ў фартэцыю на родных землях — дзесьці на Палесьсі XV–XVI стагодзьдзя — але ейны гаспадар, ваш брат, некуды зьнік. А сама фартэцыя перажывае ня лепшыя часы, да таго ж туды неўзабаве прыедзе рэвізор. Гэта завязка гульні Walls of Fate. Задача гульца — узяць уладу ў свае рукі і пратрымацца 10 дзён. Вам трэба выслухоўваць просьбы мясцовых жыхароў, вырашаць крызісныя спрэчкі і ахвяраваць рэсурсы, бо ня ўсім можна дапамагчы, а колькасьць дзеяньняў абмежаваная.

Гульня Walls of Fate, скрыншот

Гэта сумесь RPG з ізамэтрычным выглядам і рэсурснага мэнэджмэнту. Праект робіць невялікая каманда elevel, перш яны плянавалі выпусьціць гульню для партфоліё, але пасьля ўдзелу ў выставах гульнёй пачала цікавіцца публіка, і яе вырашылі давесьці да рэлізу, які заплянаваны налета.

Creditable: Узначаль кантору мікрапазык

Гэта гульня з прадуманай драматургіяй пра даўгі, маральны выбар і дэпрэсію. Галоўны герой кіруе канторай, якая выдае мікрапазыкі. Можна ўхваліць просьбу кліента і даць яму ў доўг, а можна адмовіць. Гулец мусіць расстаўляць прыярытэты: прыбытак ці чалавечнасьць. Навакольле адмыслова выканана ў шэрых фарбах, бо справы ў самога ўладальніка канторы так сабе. Ён сам вінен банку грошы, якіх ня мае. Таму прадаў кватэру і адкрыў гэтае невялікае прадпрыемства: дае ў доўг іншым, каб самому выплаціць даўгі. Мэты ў наведнікаў розныя: у каго новы айфон і ўліваньні ў крыпту, а ў каго няма ежы і патрэбных лекаў. І толькі ад ягонага выбару залежыць, стане сьвет больш яскравым ці не.

Гульня Creditable, скрыншот

Пасьля працоўнага дня гулец камунікуе з суседзямі па офісным будынку, у якіх свае камічныя і драматычныя гісторыі.

Як вынікае з старонкі гульні, аўтары натхняліся такімі гейм-шэдэўрамі, як Papers, Please, This is Police і Disco Elysium, дзе сюжэт залежыць ад маральнага выбару героя і шмат пабудавана на дэталізаваных дыялёгах.

Гульня пакуль ня мае старонкі ў Steam, але мае ўласны сайт, дзе дасяжная дэма-вэрсія. Праект робіць невялікая каманда з трох чалавек, цяпер яны шукаюць выдаўца, каб пашырыцца і завяршыць яго.