Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пабыць вартаўніком нацыянальнага парку або дзікім лісам. Падборка самых лясных гульняў

Скрыншот з гульні Spirit of the North 2
Скрыншот з гульні Spirit of the North 2

У самоце сачыць за паркам у Ваёмінгу, пабываць у скандынаўскай казцы ці пабыць лясным стварэньнем, дом якога атакуюць робаты. Расказваем пра вельмі розныя гульні, дзе асноўнае месца дзеяньня — лес.

Беларусь часта называюць лясной краінай: больш за 40% яе тэрыторыі пакрыта лясамі. Цягам стагодзьдзяў лес быў крыніцай ня толькі рэсурсаў, але і народных мітаў, павер’яў, а часам успрымаўся як загадкавая, непрадказальная прастора. Лес натхняў ня толькі нашых продкаў, а і паслужыў вобразам для многіх сучасных кампутарных гульняў. Расказваем пра іх.

Глядзець за лесам, каб перажыць гора

Вы ўладкоўваецеся сэзонным пажарным наглядчыкам участку лесу Шашоні на паўночным захадзе амэрыканскага штату Ваёмінг, каб перажыць асабістую драму і на нейкі час уцячы ад рэальнасьці. А дзе гэта можна зрабіць лепш, чым у поўнай адзіноце на прыродзе? Гэта сюжэт гульні Firewatch ад амэрыканскай студыі Campo Santo.

Скрыншот з гульні Firewatch
Скрыншот з гульні Firewatch

Спачатку задача героя выглядае простай: глядзець за парадкам у лесе з адмысловай вежы і выконваць заданьні, якія дае па радыё начальніца Дэдайла. Гэтыя дыялёгі ў гульні адыгрываюць адну з самых галоўных роляў, менавіта празь іх герой пражывае сваё гора і арыентуецца ў прасторы. Гэтыя ж дыялёгі на адлегласьці ствараюць атмасфэру адасобленасьці й самоты.

Гэта гульня ад першай асобы ў 3D, дзе драматургія будуецца ў тым ліку візуальным шэрагам: калі жоўты і зялёны колеры сымбалізуюць спакой, то чырвоны — небясьпеку, а сіні — адзіноту і таямніцы.

Выконваючы заданьні, герой пачынае разгадваць загадкі і паступова сам трапляе ў містычны дэтэктыў, які пры гэтым не ператвараецца ў горар. Стыль гульні — на стыку паходнага стымулятара й інтэрактыўнага кіно. Яна ставіць цяжкае філязофскае пытаньне: ці можна ўцячы ад сябе, проста хаваючыся ў лесе, ці твае нявырашаныя праблемы ўсё адно цябе адшукаюць.

Firewatch — дэбютная і адзіная гульня студыі, прадукт зрабіла каманда з 12 чалавек. Пасьля выхаду гульні невялікую інды-студыю набыла буйная кампанія Valve, якая сярод іншага кіруе плятформай дыстрыбуцыі і крамай гульняў Steam.

Выжыць у лесе з зомбі і канібаламі

Пасьля крушэньня вашага самалёта вы трапляеце на дзікую паўвыспу. Трэба здабываць сабе ежу і змайстраваць хаця б нейкае жыльлё. Пра гэта гульня The Forest ад канадзкай студыі Endnight Games. Стыль гульні — выжывальнік-горар ад першай асобы. На высьпе жывуць плямёны разумных канібалаў, якія будуць сачыць за вамі і нападаць, а таксама мутацыйныя монстры.

Скрыншот з гульні The Forest
Скрыншот з гульні The Forest

Да таго ж давядзецца разгадваць загадкі: куды падзеліся іншыя пасажыры, хто насяляў паўвыспу раней, адкуль тут мутанты? Апроч блуканьня па лесе, які тут поўны жахаў і містыкі, гульцу давядзецца спускацца ў пячоры, якія становяць сабой яшчэ больш небясьпечную прастору.

The Forest выйшаў у 2018 годзе, у яго пагулялі больш за 5 мільёнаў чалавек. Endnight Games — яскравы прыклад маленькай каманды: на старце ў студыі былі ўсяго тры распрацоўнікі і мінімальны бюджэт. Аднак гульня стала гітом. У 2024 годзе студыя выпусьціла другую гульню пра лес, якую многія геймэры лічаць адной з самых прыгожых у сваім жанры — Sons of the Forest. У ёй галоўнаму герою давядзецца зноў трапіць на дзікую выспу, адшукаць там зьніклага мільярдэра і разгадаць загадку старажытнай цывілізацыі. У працяг гульні распрацоўнікі дадалі дынамічна зьменлівае надвор’е і палепшылі яе агульны візуальны стыль.

Скрыншот з гульні Sons of the Forest
Скрыншот з гульні Sons of the Forest

Ліс і паўночныя духі

Скандынаўскія міты, ісьляндзкія прасторы зь лясамі, гарамі і засьнежанымі раўнінамі, магічныя эфэкты прыроды — усё гэта зьмяшалі распрацоўнікі гульні Spirit of the North, казкі, натхнёнай мітамі поўначы.

Галоўны герой — ліс, зь якім выходзіць на кантакт дух лісіцы. Пасьля раненьня ліса дух зьліваецца з пэрсанажам і надае яму магічныя здольнасьці. Усё гэта трэба, каб уратаваць свой прыгожы паўночны сусьвет ад чырвонай пагібелі, якая пагражае ўсяму жывому.

Скрыншот з гульні Spirit of the North
Скрыншот з гульні Spirit of the North

Стылістыка гульні — трохмерны нелінейны плятформэр (калі герой рухаецца да мэты па нейкіх паверхнях. — РС), дзе трэба разгадваць загадкі, адкрываць новыя магчымасьці і рухацца наперад, адольваючы перашкоды.

Гульню хваляць за прыгожыя разнастайныя адкрытыя ляндшафты і цікавую мэханіку кіраваньня галоўным героем. Словаў у гульні няма, часам даводзіцца адгадваць, куды менавіта рухацца, і сачыць за падказкамі сюжэту.

Стваральнікі — невялікая амэрыканская студыя Infuse Studio з усяго двума распрацоўнікамі. У 2025 годзе выйшла другая частка — Spirit of the North 2, у якой галоўнаму герою далі спадарожніка-крумкача, палепшылі агульную графіку і, зразумела, прыдумалі новы сюжэт. І калі ў першай частцы лес быў толькі адной зь лякацыяў, то ў другой ён стаў разнастайны і значна большы.

Сьпяваць, каб уратаваць лес ад робатаў

Вы маленькае мітячнае стварэньне, якому трэба ўратаваць свой лес ад варожых усёй прыродзе робатаў. Аднак са зброі ў вас толькі песьня. Гэта сюжэт гульні Fe, дзе няма ані падказак, ані дыялёгаў, а большасьць мэханік завязаная на гук.

Лясныя жыхары становяцца ахвярай нападу робатаў і «маўклівых», якія зь нейкай прычыны хочуць зьнішчыць лес і ўсё жывое ў ім. Галоўны герой Fe сам ня можа біцца зь імі, але можа сьпяваць песьні іншым жывёлам, каб заручыцца іхнай падтрымкай, а таксама зьбіраць магічныя крышталі, каб адкрываць у сабе новыя здольнасьці.

Скрыншот з гульні Fe
Скрыншот з гульні Fe

Гэта нелінейны прыгодніцкі экшн у стылі плятформэру. Герою трэба адольваць перашкоды і выконваць заданьні, каб выканаць галоўную задачу. Гульню хваляць за магічную атмасфэру, візуальны і графічны шэраг, а таксама захапляльны сюжэт.

Гульню ў 2018 годзе зрабіла невялікая швэдзкая студыя Zoink Games пры падтрымцы буйной кампаніі EA Games. У 2020 годзе студыя фактычна спыніла існаваньне, стаўшы часткаю буйнейшай кампаніі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG