Як паведаміла агенцтва AFP, пасьля ўзлому кампанія апублікавала ў сацыяльнай сетцы X шэраг паведамленьняў, часам супярэчлівых, у якіх сьцьвярджала, што «сродкі карыстальнікаў знаходзяцца ў поўнай бясьпецы», а таксама абяцала «пакрыць усе страты».
Пазьней у акаўнце Binance для Лацінскай Амэрыкі адзначылі, што «агульны ацэначны ўрон складае прыблізна 6,3 мільярда даляраў».
«Мы працавалі з партнэрамі ў сфэры блокчэйна, каб замарозіць закранутыя актывы; цяпер у блокчэйне замарожана прыблізна 3 мільярды даляраў», — паведамілі ў кампаніі.
Гэтая сума ў чатыры разы перавышае памер страт падчас найбуйнейшай падобнай кібэратакі, што адбылася раней: летась у лютым з плятформы Bybit вывелі 1,5 мільярда даляраў (гэты інцыдэнт зьвязваюць з хакерамі Паўночнай Карэі).
Прыблізна а 00:30 паводле Грынвіча (GMT) 30 кастрычніка Binance паведаміла, што ўсе апэрацыі па ўнясеньні і вывадзе сродкаў «часова прыпыненыя, пакуль каманда праводзіць праверкі бясьпекі, замарожвае сродкі і ўзаемадзейнічае з праваахоўнымі органамі».
«Гэтая лічба можа працягваць расьці, паколькі нашы каманды цесна супрацоўнічаюць з праваахоўнымі органамі, эмітэнтамі, фірмамі ў аналітыцы блокчэйна і партнэрамі па галіне, каб адсачыць і замарозіць дадатковыя актывы», — заявілі ў кампаніі.
У заяве кампаніі адзначаецца, што, паводле папярэдняга расьсьледаваньня, прычынай узлому стаў скампрамэтаваны ноўтбук, які належаў інжынэру DevOps. Гэта дазволіла староньнім асобам атрымаць доступ да «сэрвіснага кантэйнэра» і ажыцьцявіць несанкцыянаваныя транзакцыі па вывадзе сродкаў.
Міністэрства юстыцыі ЗША і ФБР пакуль не камэнтавалі сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дзьве вядомыя крыптабіржы ўключылі Беларусь у лік забароненых юрысдыкцыйЦэны на крыптавалюты пачалі рэзка зьніжацца
Яшчэ за некалькі гадзін да таго, як біржа Binance пацьвердзіла факт атакі, назіральнікі ў галіне паведамлялі, што хакеры змаглі пранікнуць на гэтую плятформу.
На фоне навін пра кібэратаку цэны на большасьць асноўных крыптавалют пайшлі ўніз. Выключэньнем сталі стейблкоіны, кошт якіх, паводле вызначэньня, можа вагацца толькі ў вельмі вузкіх межах.
Прыблізна а 04:00 паводле Грынвіча (GMT) Bitcoin і Ethereum патаньнелі на 0,8 % пасьля таго, як раней дэманстравалі падзеньне амаль на 5 % і 6 % адпаведна. Манэта BNB, што належыць экасыстэме Binance, вырасла ў цане на 2,7 % пасьля папярэдняга абвалу амаль на 10 %.
Атака на Binance адбываецца на фоне асьцярог многіх экспэртаў: яны мяркуюць, што пастаянна ўзрастаючыя магчымасьці мадэляў штучнага інтэлекту (ШІ) могуць паставіць пад пагрозу крыптаграфію і пратаколы ІТ-бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
З 18 ліпеня ў Беларусі дазволеныя крыптабанкіЯкія могуць быць наступствы
У адрозьненьне ад традыцыйных банкаў, страчаныя ў выніку хакерскіх атак сродкі вярнуць немагчыма. Маштабныя атакі часты прыводзяць да таго, што біржы ня могуць кампэнсаваць страты карыстальнікам і вымушаныя банкрутаваць, як гэта адбылося ў выпадку з Mt. Gox і Coincheck.
Апроч таго, у выніку такіх атак могуць скрасьці пэрсанальную інфармацыю, якую зьбіраюць крыптабіржы — копіі дакумэнтаў карыстальнікаў, адрасы і банкаўскую інфармацыю.
Маштабныя атакі выклікаюць рэзкае падзеньне галоўных крыптавалют, а таксама зьніжаюць давер да лічбавых грошай.