Гэта вынікае з абноўленага карыстальніцкага пагадненьня, апублікаванага на сайце кампаніі.
Іактм чынам кампанія BTG Technology Holdings Limited, якая кіруе крыптабіржай Bitget, зьмяніла ўмовы карыстаньня. Ва ўмовах пазначаныя краіны, у тым ліку Беларусі, юрысдыкцыя ў якіх пазбаўляе асоб ці кампаніі права карыстацца крыптабіржай.
У сацсетцы X плятформа адзначыла, што кліентам з названых краін будуць накіраваныя апавяшчэньні аб далейшых дзеяньнях.
У паведамленьнях, разасланых кампаніяй, кліентам рэкамэндавалі самастойна закрыць дзейныя пазыцыі і вывесьці сваю крыптавалюту да 21 кастрычніка. Пасьля гэтага крыптавалютная біржа будзе прымусова закрываць пакінутыя пазыцыі карыстальнікаў у аўтаматычным рэжыме і адначасова абмяжоўваць доступ да такіх акаўнтаў.
Сёньня таксама стала вядома, што яшчэ адна вядомая крыптабіржа, MEXC, аб’явіла пра спыненьне абслугоўваньня карыстальнікаў з Расеі і Беларусі, піша Devby.io.
Чаму гэта важна
Біржы тлумачаць забарону «рэгуляторнымі патрабаваньнямі ў розных краінах», але такім чынам адразаецца легальная магчымасьць канвэртацыі расейскіх і беларускіх рублёў у валюты іншых краін, у тым ліку даляры і эўра, і назад, што дае тэарэтычную магчымасьць фінансаваць паралельны імпарт і закупкі абсталяваньня і камплектуючых, экспарт якіх у Беларусь і Расею знаходзіцца пад забаронай.
Крыптабіржай лічыцца онлайн-плятформа, дзе людзі купляюць, прадаюць і абменьваюць паміж сабой крыптавалюту. Яна выглядае як звычайная біржа ці абменьнік, працуе ў лічбавым рэжыме. Крыптабіржа злучае тых, хто хоча купіць крыптавалюту і яе прадаць.