Як вынікае з апублікаваных дакумэнтаў, Украіна ўвяла санкцыі супраць закрытага акцыянэрнага таварыства (ЗАТ) «Уайт Бёрд» і яе кіраўніка Максіма Шабанава.
Санкцыі супраць Шабанава прадугледжваюць блякаваньне актываў, забарона на вывад капіталаў за межы Ўкраіны, спыненьне выкананьня эканамічных і фінансавых абавязкаў, забарона на ўдзел у прыватызацыі, павелічэньні статутных капіталаў, на перадачу тэхналёгій, на набыцьцё зямельных надзелаў і на ўезд ва Ўкраіну.
Датычна плятформы ўвялі блякаваньне інтэрнэт-правайдэрамі доступу да вэб-рэсурсаў кампаніі і сэрвісаў, разьмешчаных на яе рэсурсах.
Санкцыі ўвялі на 10 гадоў.
Што вядома пра кампанію і яе кіраўніка
ЗАТ «Уайт Бёрд» з 2020 году зьяўляецца рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгій. Гэта афіцыйны беларускі апэратара лічбавых знакаў (токенаў) і ўласьнік рэгуляванай крыптаплятформы Whitebird.io. Зарэгістравана ў Менску ў 2018 годзе.
Кампанія займаецца набыцьцём, продажам, абменам і захоўваньнем крыптавалют (Bitcoin, USDT, Ethereum і іншых), працуе з беларускімі і расейскімі рублямі, эўра і далярамі. Удзельнічае ў падрыхтоўцы да запуску першага ў Беларусі паўнавартаснага крыптабанку. Партнэрамі ў банкаўскім сэктары зьяўляюцца Альфа-Банк, Беларусбанк, БСБ Банк, Статусбанк, Парытэтбанк і іншыя.
Максіму Шабанаву 41 год. У сьпісах праваабаронцаў яго прозьвішча, імя і імя па бацьку супадае з імем колішняга супрацоўніка ўпраўленьня ўнутраных спраў Менскага аблвыканкаму.
Яго лічаць саўдзельнікам злачынстваў супраць правоў і свабод грамадзян Беларусі, датычным да затрыманьня, перасьледу і зьбіцьця ўдзельнікаў акцый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Чаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Расея і Ўкраіна збольшылі выкарыстаньне на вайне дронаў. На гэтым тле падчас абстрэлаў сталі больш частымі выпадкі залёту расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць не ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Апроч таго, вядомыя некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.
Форум