Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў абвясьціў у міжнародны вышук «Жэню з Гомля», які дапамагаў расейскаму ВПК атрымліваць оптыку з Украіны

Расьсьледаваньне праводзілі сьледчыя Чарнігаўскага абласнога ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Расьсьледаваньне праводзілі сьледчыя Чарнігаўскага абласнога ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Украіна абвясьціла ў вышук грамадзяніна Беларусі Яўгена Малінковіча, якога абвінавачваюць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — аб парушэньні міжнародных правілаў гандлю таварамі падвойнага прызначэньня і дапамозе краіне-агрэсарцы ў складзе групы паводле папярэдняй змовы.

Як стала вядома Свабодзе ад інфармаваных крыніц, расьсьледаваньне яго справы адбывалася завочна. Цяпер справу перадалі ў суд і беларуса завочна арыштавалі.

43-гадоваму гамельчуку прызначылі адваката. Ён выступіў супраць завочнага арышту беларуса, паколькі, паводле яго, сьледчыя парушылі працэдуру паведамленьня яму аб падазрэньні. Але суд прызнаў працэдуру адпаведнай, паколькі выклікі да сьледчых і тэкст падазрэньня афіцыйна публікавала Чарнігаўская абласная пракуратура.

Яўгену Малінковічу інкрымінуюць арганізацыю паставак з Украіны праз Польшчу ў Расею аптычнага шкла для разанскага ТАА «КОЛТ», якое выконвае замовы для вайсковай прамысловасьці Расеі. У Польшчу вырабы перавозілі грамадзяне Ўкраіны. Сьледчыя задакумэнтавалі некалькі такіх перавозак, але агульны аб’ём не ўдакладняюць. Украінскія «партнэры» пад час сьледзтва згадвалі Яўгена Малінковіча як «Жэню з Гомля».

Шкло мела маркіраваньне «МС23», «БК-110» і «ТК-114». Паводле экспэртаў, такі тып шкла выкарыстоўваюць у Расеі ў вытворчасьці вайсковых прыладаў.

Паводле ч. 1 артыкулу 111-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (дапамога краіне-агрэсарцы), беларусу пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 12 гадоў. Санкцыя яшчэ аднаго інкрымінаванага яму артыкулу (ч. 1 артыкулу 333 — парушэньне парадку ажыцьцяўленьня міжнароднай перадачы тавараў, якія падлягаюць экспартнаму кантролю) прадугледжвае штраф у памеры ад 34 да 85 тысяч грыўняў (ад 700 да 1800 даляраў у эквіваленце) або абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў.

Асаблівасьці аптычнага шкла, якім нібыта гандляваў беларус

Шкло з маркіраваньнем «МС23», «БК-110» і «ТК-114» мае ўнікальныя фізыка-хімічныя сродкі. Апошнія два віды адрозьніваюцца такой якасьцю як устойлівасьць да радыяцыі — яны маюць адмысловыя дабаўкі, дзякуючы якім шкло не цямнее, што зьяўляецца крытычна важным для вытворчасьці вайсковай і касьмічнай тэхнікі.

Гэтае шкло выкарыстоўваюць у вытворчасьці вайсковых кантралюючых прыбораў, галовак саманавядзеньня ракет, а таксама для оптыкі ва ўмовах ядзернага ўзьдзеяньня.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Раней расьсьледнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць вайсковыя замовы Расеі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG