Як Свабодзе стала вядома ад інфармаванай крыніцы, у справе фігуруюць некалькі грамадзян Украіны, адзін зь якіх нібыта працуе ў Беларусі на ЗАТ «Група вытворчых тэхналёгій і авіяцыйнага машынабудаўніцтва «Аэрамаш», што ў Мачулішчах пад Менскам.
«Аэрамаш» ажыцьцяўляе поўны цыкль авіятэхнічных работ — канструктарскай распрацоўкі да выпуску гатовай прадукцыі, тэхнічнага суправаджэньня, рамонту і мадэрнізацыі. Тут аб’ядноўваюць трэнажоры рознага ўзроўню ў адзіную сетку і распрацоўваюць праграмы і мэтодыкі навучаньня лётнага і інжынэрнага складу. На трэнажорах «КТС-21М» рыхтуюць пілётаў вайсковых самалётаў МіГ-29.
Паводле ўкраінскіх сьледчых, перадача тэхналёгій адбылася не пазьней чэрвеня 2025 году праз адзін з мэсэнджэраў. За гэта ўкраінец нібыта атрымаў 1 тысячу даляраў. Цяпер суд абмежаваў свабоду падазраванага так званымі асабістымі абавязкамі, што больш вядома як падпіска аб нявыезьдзе.
Украінец, які перадаў тэхналёгіі свайму былому калезе па Інстытуце аўтаматызаваных сыстэм Акадэміі навук Украіны, раней працаваў канструктарам модульных электронных авіяцыйных трэнажораў для вайсковых верталётаў МІ-8, МІ-24, зьнішчальнікаў МіГ-29 і транспартных вайсковых самалётаў тыпу ІЛ-76.
Па месцы пражываньня падазраванага правялі вобшукі, падчас якіх сканфіскавалі шэраг электронных носьбітаў і мабільных тэлефонаў.
Чаму гэта важна
Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.
Раней расьсьледнікі заяўлялі, што больш за 100 беларускіх прадпрыемстваў выконваюць вайсковыя замовы Расеі.
Форум