Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У BelPol раскрылі яшчэ адну схему абыходу санкцый у інтарэсах ААТ «Планар», які супрацоўнічае з ВПК Расеі

Прадпрыемства «Планар», якое актыўна супрацоўнічае з вайскова-прамысловым комплексам Расеі. Архіўнае фота
Прадпрыемства «Планар», якое актыўна супрацоўнічае з вайскова-прамысловым комплексам Расеі. Архіўнае фота

Падсанкцыйнае прадпрыемства ААТ «Планар», якое актыўна супрацоўнічае з вайскова-прамысловым комплексам Расеі, атрымлівала неабходныя дэталі праз горадзенскае ТАА «Будгеадар» (УНП 591505540).

Як паведамілі ў арганізацыі BelPol, гэтая кампанія спэцыялізуецца на продажы дарожных матэрыялаў, матэрыялаў для даху, а таксама геарашотак, геатэкстылю і бентанітавых палотнаў.

Раней «Будгеадар» ужо фігураваў у расьсьледаваньні BelPol аб пастаўках абсталяваньня для падсанкцыйнага ААТ «Горадзенская тытунёвая фабрыка „Нёман“». Тады праз гэтую кампанію паставілі абсталяваньне на агульную суму 358 816 эўра, уключна з прамысловым CO₂-лазэрам Luxinar OEM-45i X.

Новыя зьвесткі, сьцьвярджаюць у BelPol, сьведчаць аб пастаўках замежных кампанэнтаў для ААТ «Планар».

У дакумэнтах, апублікаваных арганізацыяй, вынікае, што «Планар» набыў у «Будгеадар» манахромную камэру машыннага зору XIMEA xiQ MQ013MG-ON-S7 і рэдуктары францускай кампаніі Girard Transmissions. Лінейка рэдуктараў DYNABOX, якую раней выпускала Girard Transmissions, цяпер уваходзіць у групу Nidec Drive Technology.

Камэру XIMEA xiQ MQ013MG-ON-S7 робяць у Славаччыне на прадпрыемстве XIMEA у горадзе Зохар недалёка ад Браціславы. Але сам брэнд і галоўны офіс XIMEA GmbH знаходзяцца ў Мюнстэры (Нямеччына).

Што папярэднічала

ААТ «Планар» знаходзіцца па санкцыямі эўрапейскіх і іншы заходніх краіны праз глыбокую інтэграцыю прадпрыемства ў вытворчасьць абсталяваньня і кампанэнтаў для беларускага і расейскага абароннага комплексу.

ЗША ўключылі прадпрыемства ў SDN-сьпіс 5 сьнежня 2023 году. Пазьней абмежаваньні ўвялі Вялікая Брытанія, Аўстралія, Канада, Эўразьвяз і Швайцарыя.

У сакавіку 2025 году Эўразьвяз увёў санкцыі і супраць генэральнага дырэктара прадпрыемства Сяргея Авакава.

Чаму гэта важна

Аляксандар Лукашэнка і вайсковае кіраўніцтва Беларусі падтрымалі расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволілі скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG