Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ценявы бок беларускага ВПК: пасярэднікі, гатоўка і праблемы зь якасьцю. Расьсьледаваньне BelPol

Лога ініцыятывы BelPol
Лога ініцыятывы BelPol

Беларускі вайскова-прамысловы сэктар пасьля спаду ў 2020–2021 гадах істотна актывізаваўся на тле вайны ва Ўкраіне. Аднак ужо да канца 2024-га ў галіне пачалі назапашвацца праблемы — ад фінансавых цяжкасьцяў да складанасьцяў з разьлікамі і санкцыйнага ціску.

Пра гэта гаворыцца ў новым расьсьледаваньні ініцыятывы BelPol.

Рэзкі рост вытворчасьці і занятасьці

Пасьля пачатку вайны прадпрыемствы, якія ўваходзяць у структуру ваенна-прамысловага камітэту Беларусі, атрымалі новыя заказы і значна павялічылі выпуск прадукцыі. Паводле аўтараў расьсьледаваньня, у 2023 годзе рост склаў больш за 38%, а ў 2024-м — амаль 50%.

Разам з гэтым павялічылася і колькасьць працоўных месцаў. Напрыклад, на заводзе «Легмаш» штат вырас больш як у паўтара разу, а на «Пеленгу» — амаль на чвэрць. Усяго ў галіне да пачатку 2025 году было занята каля 16,5 тысячы чалавек, сярэднія заробкі перавышалі 3,3 тысячы рублёў. Аднак, паводле расьсьледнікаў, такі ўзровень аплаты працы часткова падтрымліваецца за кошт крэдытаў і не адпавядае рэальнаму росту прадукцыйнасьці.

Пагаршэньне сытуацыі і ціск санкцыяў

Да канца 2024 году тэндэнцыя пачала зьмяняцца. Расейскія заказчыкі сталі заніжаць кошты і затрымліваць плацяжы, што стварыла дадатковыя рызыкі для прадпрыемстваў, якія ўжо пашырылі вытворчасьць.

Унутраныя дакумэнты камітэту, на якія спасылаюцца аўтары, сьведчаць пра сур’ёзны ўплыў санкцыяў: ускладніліся міжнародныя разьлікі, узьніклі праблемы з валютнай выручкай, лягістыкай і закупам імпартных дэталяў.

Пошук новых рынкаў і роля пасярэднікаў

У адказ улады спрабуюць пераарыентаваць экспарт на новыя рэгіёны — перадусім краіны Афрыкі і Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Ключавую ролю ў гэтых пастаўках, паводле расьсьледаваньня, адыгрываюць пасярэдніцкія структуры, такія як Белспецзьнештэхніка і Белтэхэкспарт. Яны выступаюць як экспартэры прадукцыі іншых прадпрыемстваў.

Паведамляецца пра кантракты з краінамі Афрыкі, Пакістанам, Інданэзіяй, а таксама пра кантакты з прадстаўнікамі Талібану. Гаворка ідзе ня толькі пра пастаўкі тэхнікі, але і пра рамонт авіяцыі, пастаўкі камплектуючых і нават магчымыя сумесныя вытворчасьці.

Схемы абыходу санкцыяў

Асобная ўвага ў расьсьледаваньні надаецца фінансавым схемам. Аўтары сьцьвярджаюць, што для абыходу абмежаваньняў выкарыстоўваюцца фірмы-пасярэднікі ў трэціх краінах, разьлікі наяўнымі і перавоз буйных сум грошай. Сярод прыкладаў — перадача гатоўкі ў Маскве ў межах кантракту па мадэрнізацыі самалётаў Су-27 і Су-30 для Інданэзіі, а таксама перавоз у Беларусь дзясяткаў кіляграмаў наяўных даляраў — гаворка можа ісьці пра сумы ў мільёны. BelPol расказвае пра перадачу 80 кг гатоўкай, агулам амаль 8 млн даляраў ЗША. Грошы і зьдзелкі часта праходзяць праз «былых» - вайсковых пэнсіянэраў.

Каб прыцягнуць партнэраў, патэнцыйным пакупнікам арганізуюць камфортныя візыты: аплочваюць дарагія гатэлі, транспарт і забаўляльныя праграмы. У прыватнасьці, для адной з дэлегацый з Інданэзіі прадугледжваліся пяцізоркавае разьмяшчэньне і штодзённыя выплаты.

Праблемы зь якасьцю прадукцыі

Санкцыі закранулі і тэхнічны бок. Напрыклад, замест фінскай брані прадпрыемствы пачалі выкарыстоўваць расейскія аналягі. Паводле расьсьледаваньня, гэта адмоўна паўплывала на якасьць: у браняванай тэхніцы зьяўляюцца расколіны, парушаецца гермэтычнасьць, а некаторыя машыны нават губляюць плывучасьць.

У выніку, нягледзячы на кароткатэрміновы рост, беларускі ВПК сутыкнуўся з сыстэмнымі выклікамі. Залежнасьць ад расейскіх заказаў, санкцыі і праблемы з фінансамі вымушаюць галіну шукаць новыя, часта непразрыстыя схемы, што павялічвае рызыкі для яе далейшага разьвіцьця, вынікае з расьследаваньня BelPol.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG