Адпаведную пастанову падпісалі Савет міністраў і Нацыянальны банк, піша «Позірк».
Згодна з зацьверджаным палажэньнем, дыстанцыйная ідэнтыфікацыя павінна праводзіцца да пачатку абслугоўваньня кліента або пры зьмене яго пэрсанальных зьвестак.
Для праверкі асобы крыптабанкі змогуць выкарыстоўваць некалькі спосабаў: зьвесткі міжбанкаўскай сыстэмы ідэнтыфікацыі, Адзіную сыстэму ідэнтыфікацыі фізычных і юрыдычных асобаў, біямэтрычныя дакумэнты, а таксама спэцыяльныя тэхналёгіі біямэтрычнай праверкі праз інтэрнэт.
Правілы прадугледжваюць стварэньне электроннай базы даных кліентаў, праверку дакладнасьці пададзенай інфармацыі і магчымасьць прыцягненьня спэцыяльных агентаў для правядзеньня ідэнтыфікацыі.
Пры выкарыстаньні біямэтрыі банк павінен будзе ўпэўніцца, што дакумэнт сапраўдны, а ідэнтыфікацыю праходзіць менавіта той чалавек, якому ён належыць.
Пры гэтым крыптабанкі абавязаны выконваць патрабаваньні абароны пэрсанальных зьвестак, кібэрбясьпекі і правілы супрацьдзеяньня адмываньню грошай, фінансаваньню тэрарызму і распаўсюду зброі масавага паражэньня.
10 ліпеня Нацбанк вызначыў патрабаваньні да фінансавай устойлівасьці крыптабанкаў. Яны павінны будуць выконваць большасьць банкаўскіх нарматываў, уключна з патрабаваньнямі да капіталу, валютных рызык і рэзэрваў на выпадак магчымых стратаў.
У ПВТ зарэгістраваныя 26 крыптарэзыдэнтаў (10 біржаў, 13 брокераў, два апэратары ICO і адзін крыптаабменьнік), паведаміў першы намесьнік начальніка сакратарыяту назіральнай рады Дзьмітры Калечыц у інтэрвію «Першаму інфармацыйнаму» тэлеканалу 6 ліпеня. Паводле яго, яны ўжо прыцягнулі каля 500 млн рублёў ад беларускіх грамадзян.
Жаданьне стварыць крыптабанк выказалі некалькі інвэстараў, дадаў Калечыц.
Што гэта значыць?
Улады ў Беларусі даўно займаюцца пытаньнем крыптавалюты. Яшчэ ў 2017 годзе Лукашэнка падпісаў указ «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які легалізаваў абарачэньне крыптавалютаў у дзяржаве. Пры Парку высокіх тэхналёгіяў стварылі крыптабіржу. Пры гэтым празь некалькі гадоў сам жа Лукашэнка быў абураны яе неэфэктыўнасьцю.
Крыптарэзыдэнтаў у ПВТ вылучылі ў асобны блёк, на 2025 год там было 18 кампаніяў. Некаторыя зь іх — апэратары крыптаплятформы, некаторыя аказваюць паслугі ў разьмяшчэньні токенаў на біржах, іншыя надаюць юрыдычныя і брокерскія паслугі, зьвязаныя з апэрацыямі на крыптабіржах.
Пры гэтым найбольш яскравай навіной пра крыптавалюты ў 2025-м у краіне сталася несур’ёзная, жартоўная. 1 красавіка на сайце дзяржаўнага агенцтва «Минск-новости» зьявілася навіна з спасылкай на прэс-службу Нацыянальнага банку пра тое, што ў Беларусі зьявіцца нацыянальная крыптавалюта «зубр». Гэта быў першакрасавіцкі жарт. На трэці дзень на «навіну» адрэагавалі ў Нацыянальным банку, заклікаўшы СМІ «больш адказна падбіраць тэмы».
На публікацыю зрэагавалі людзі, якія сталі тэлефанаваць у Нацыянальны банк і пытаць, як яны могуць набыць «новую крыптавалюту». Тады ж Нацыянальны банк Беларусі падкрэсьліў, што «не плянаваў і не плянуе выпускаць сваю крыптавалюту».
Аркамя таго, у Беларусі ў 2025-м выкрылі адзін з найбуйнейшых у гісторыі крыптаабменьнікаў. Як паведаміў Камітэт дзяржаўнага кантролю, сума абароту незаконнага «крыптаабменьніку» склала 2,5 млрд рублёў, а папярэдні аб’ём нявыплачаных падаткаў — каля 1 млн рублёў.
Падпольны «крыптаабменьнік» дзейнічаў у выглядзе праграмнага забесьпячэньня — «бота», інтэграванага ў Тэлеграм.
А яшчэ ў лістападзе 2022 году ў краіне ўпершыню спагналі доўг крыптавалютай. Тады рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства аказаньня паслуг «БелЮрЗабесьпячэньне» прадало крыптавалюту, перададзеную судовым выканаўцам у рамках выканаўчага вядзеньня. У інструкцыі выканаўчага вядзеньня зьявіўся рэглямэнт парадку звароту па спагнаньне ў крыптавалюце, пасьлядоўнасьць дзеяньняў судовага выканаўцы і прадпрыемства.
Што будзе далей?
Дазвол на дзейнасьць крыптабанкаў і рэглямэнтацыя іх дзейнасьці — новы крок для крыптавалюты ў Беларусі. Аднак з шырынёю апэрацый будуць цяжкасьці. Пытаньне ў санкцыях.
З 24 траўня 2026 году краінам Эўразьвязу забаронена «проста або ўскосна ўдзельнічаць у зьдзелках з крыптаактывамі або лічбавымі валютамі» Беларусі, а таксама аказваць якую-небудзь падтрымку ў разьвіцьці такіх крыптаактываў або лічбавых валют.
Форум