Намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусі Аляксандар Ягораў расказаў, што пасьля пэўнай працы ў краіне можа зьявіцца першы крыптабанк.
«Мы будзем працаваць з усімі патэнцыйнымі інвэстарамі, як унутранымі, так і замежнымі, каб практычна адразу пасьля прывядзеньня заканадаўства ў адпаведнасьць з указам мы ўбачылі ў нас у краіне першы крыптабанк».
Указ, пра які гаворыць Ягораў, падпісаны Лукашэнкам 16 студзеня пад № 19 і афіцыйна называецца «Аб крыптабанках і асобных пытаньнях кантролю ў сфэры лічбавых знакаў (токенаў)».
Дакумэнт, як гавораць у ягонай адміністрацыі, «накіраваны на ўмацаваньне іміджу Беларусі як флягмана ў сфэры фінансавых IT-тэхналёгіяў і прадугледжвае стварэньне ўмоваў для дзейнасьці ў краіне крыптабанкаў».
Згодна з указам, крыптабанкам прызнаецца акцыянэрнае таварыства, якое мае права спалучаць дзейнасьць з выкарыстаньнем лічбавых знакаў (токенаў) з ажыцьцяўленьнем банкаўскіх, платных і іншых зьвязаных зь імі фінансавых апэрацыяў.
Для допуску на рынак крыптабанк павінен мець статус рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгіяў і быць уключаны ў рэестар крыптабанкаў Нацыянальнага банку.
Крыптабанк абавязаны выконваць патрабаваньні заканадаўства, якое датычыць нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў, выконваць рашэньні назіральнай рады Парку высокіх тэхналёгіяў.
Падвойнае рэгуляваньне дазволіць крыптабанку прапаноўваць кліентам інавацыйныя фінансавыя прадукты, якія маюць перавагі клясычных банкаўскіх апэрацыяў і адначасова ў тэхналягічнасьці, хуткасьці і выгадзе апэрацыяў зь лічбавымі знакамі (токенамі).
Камэнтуючы ўказ, намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Ягораў зазначыў, што крыптабанк зможа выдаваць крэдыты пад заклад крыптавалюты.
«Акрамя інструмэнтаў, якія зараз маюць крыптабіржы, будзе дапоўнены пералік апэрацыяў, якія зможа рабіць крыптабанк. Напрыклад, такія апэрацыі, як крэдытаваньне пад заклад крыптавалюты. Для пэўных інвэстараў гэта можа быць даволі цікавай рэччу. Напрыклад, для майнэраў, не гатовых адразу абменьваць назапашаныя, дапусьцім, біткойны на валюту; каб разьлічыцца за энэргетыку, яны змогуць выкарыстоўваць гэтыя біткойны як заклад пры атрыманьні крэдытаў і разьлічвацца крэдытнымі грашыма, а біткойны трымаць у сябе на гаманцах».
На ягоную думку, гэта будзе дадатковым стымулам для прыходу інвэстараў, зьвязаных з крыптаіндустрыяй.
Крыптавалюта ў Беларусі
Улады ў Беларусі даўно займаюцца пытаньнем крыптавалюты. Яшчэ ў 2017 годзе Лукашэнка падпісаў указ «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі», які легалізаваў абарачэньне крыптавалютаў у дзяржаве. Пры Парку высокіх тэхналёгіяў стварылі крыптабіржу. Пры гэтым празь некалькі гадоў сам жа Лукашэнка быў абураны яе неэфэктыўнасьцю.
Крыптарэзыдэнтаў у ПВТ вылучылі ў асобны блёк, на 2025 год там было 18 кампаніяў. Некаторыя зь іх — апэратары крыптаплятформы, некаторыя аказваюць паслугі ў разьмяшчэньні токенаў на біржах, іншыя надаюць юрыдычныя і брокерскія паслугі, зьвязаныя з апэрацыямі на крыптабіржах.
Пры гэтым найбольш яскравай навіной пра крыптавалюты ў 2025-м у краіне сталася несур’ёзная, жартоўная. 1 красавіка на сайце дзяржаўнага агенцтва «Минск-новости» зьявілася навіна з спасылкай на прэс-службу Нацыянальнага банку пра тое, што ў Беларусі зьявіцца нацыянальная крыптавалюта «зубр». Гэта быў першакрасавіцкі жарт. На трэці дзень на «навіну» адрэагавалі ў Нацыянальным банку, заклікаўшы СМІ «больш адказна падбіраць тэмы».
На публікацыю зрэагавалі людзі, якія сталі тэлефанаваць у Нацыянальны банк і пытаць, як яны могуць набыць «новую крыптавалюту». Тады ж Нацыянальны банк Беларусі падкрэсьліў, што «не плянаваў і не плянуе выпускаць сваю крыптавалюту».
Аркамя таго, у Беларусі ў 2025-м выкрылі адзін з найбуйнейшых у гісторыі крыптаабменьнікаў. Як паведаміў Камітэт дзяржаўнага кантролю, сума абароту незаконнага «крыптаабменьніку» склала 2,5 млрд рублёў, а папярэдні аб’ём нявыплачаных падаткаў — каля 1 млн рублёў.
Падпольны «крыптаабменьнік» дзейнічаў у выглядзе праграмнага забесьпячэньня — «бота», інтэграванага ў Тэлеграм.
А яшчэ ў лістападзе 2022 году ў краіне ўпершыню спагналі доўг крыптавалютай. Тады рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства аказаньня паслуг «БелЮрЗабесьпячэньне» прадало крыптавалюту, перададзеную судовым выканаўцам у рамках выканаўчага вядзеньня. У інструкцыі выканаўчага вядзеньня зьявіўся рэглямэнт парадку звароту па спагнаньне ў крыптавалюце, пасьлядоўнасьць дзеяньняў судовага выканаўцы і прадпрыемства.
Форум