Парк сядзібы апошняга менскага ваяводы ў Сёмкаве абвясьцілі помнікам прыроды. Што вядома

Рэшткі сядзібы ў Сёмкаве. Архіўнае фота

Менскі раённы выканаўчы камітэт абвясьціў ляндшафты парк сядзібы Хмараў батанічным помнікам прыроды мясцовага значэньня.

Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі рашэньня, кіраваньне помнікам прыроды перадалі Папярнянскаму сельскаму выканаўчаму камітэту.

Фінансаваньне функцыянаваньня і аховы помніка прыроды, а таксама мерапрыемстваў, зьвязаных з яго абвяшчэньнем, будуць ажыцьцяўляць з сродкаў раённага бюджэту і «іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сёмкава. Сядзіба апошняга менскага ваяводы

Што вядома пра парк

Ляндшафтны парк сядзібы Хмараў знаходзіцца ў вёсцы Сёмкава Менскага раёну. Ён быў створаны ў 1775-1780—ых гадах паводле заказу апошняга менскага ваяводы Адама Хмары. Імаверны архітэктар праект — італьянец Карла Спампані. Парк быў створаны ў францускім клясычным стылі і меў сымэтрычную кампазыцыю.

У савецкі час гэтую мясцовасьць хутка забудавалі і цяпер уявіць, як выглядала сядзіба і парк магчыма толькі па малюнках Напалеона Орды. Тут быў барокавы комплекс з уязной брамай, аранжарэямі, паркам з альтанкамі і сажалкамі.

Як спрабавалі аднавіць сядзібу

У пачатку 2000-х гадоў сядзібна-паркавы комплекс спрабавалі захаваць і аднавіць грамадзкія ініцыятывы. Дзякуючы ім удалося правесьці першасныя работы па кансэрвацыі, расчыстцы тэрыторыі і дасьледаваньні фундамэнту.

У 2012 годзе сядзібны комплекс перадалі дабрачыннаму фонду «Сям’я—Адзінства— Айчына», зьвязаным з беларускай праваслаўнай царквой. Там плянавалі старыць Міжнародны цэнтар сям’і, праводзіць рэабілітацыйныя праграмы і паломніцкія сустрэчы. Аднак праз тое, што яны не змаглі правесьці рэстаўрацыю, сядзібу фактычна вярнулі пад кантроль дзяржавы — яго перадалі на балянс аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і ў справах моладзі Менскага райвыканкаму. У сьнежні 2025 яго выставілі на аўкцыён з стартавай цаной амаль у паўмільёна даляраў, але ён не адбыўся.

Чаму гэта важна

За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя зь іх некалькі гадоў ня могуць знайсьці ўласьнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.

Новымі ўласьнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расеі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвэстараў набытую маёмасьць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Амэрыканец купіў занядбаную сядзібу ў Арэхаўне каля Вушачы На Берасьцейшчыне скасавалі ахоўны статус старажытнага парку. Што вядомаПад Шчорсамі за 94,5 рубля прадалі «Мураванку Храптовічаў»