Жабінкаўскій раённы выканаўчы камітэт (Берасьцейская вобласьць) спыніў функцыянаваньне батанічнага помніка прыроды мясцовага значэньня «Парк «Ацячызна», створанага ў лістападзе 2017 году.
Як вынікае з апублікаванага на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі дакумэнту, мясцовыя ўлады ўзгаднілі сваё рашэньне зь Дзяржаўнай інспэкцыяй аховы жывёльнага і расьліннага сьвету пра прэзыдэнце Беларусі, з Жабінкаўскай раённай інспэкцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольля, ААТ «Рагазьнянскі» і Ленінскім сельскім выканаўчым камітэтам.
Чым вядомы гэты парк
Парк знаходзіцца ў паселішчы Ленінскі Жабінкаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Ён быў заснаваны ў 1800 годзе і быў часткай сядзібы роду Бельскіх.
Плошча парку складала 7,3 гектара (пазьней зьменшылі да 5,973 гектара. — РС), а яго галоўнай асаблівасьцю быў стары дуб, узрост якога ацэньваўся ў 700-800 гадоў. Вышыня дрэва дасягала 25 мэтраў, а дыямэтар ствала — 2,6 мэтра. У 2015 годзе большая частка дуба абрынулася ад моцнага ветру. Згодна з інфармацыяй Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі, у парку таксама расьлі «вялікаўзроставыя, буйнамерныя эстэтычна і экалягічна значныя экзэмпляры граба звычайнага, дуба чарэшчатага, ліпы сэрцалістай, піхты белай, ясеня звычайнага, каштана і іншых відаў дрэў у аптымальнай жыцьцёвай форме».
Ад сядзібы Бельскіх цяпер захаваліся толькі некаторыя фрагмэнты гаспадарчых пабудоў — вінакурні (бровара), пабудаванай у 1904 годзе, склад і флігель. Усе іншыя элемэнты, у тым ліку сама сядзіба, цалкам зьнішчаныя ў ваенны і пасьляваенны пэрыяд.
Чым адметны род Бельскіх
Бельскія з Жабінкаўшчыны — гэта старадаўні каталіцкі шляхоцкі род, які паходзіў зь Люблінскага ваяводзтва Рэчы Паспалітай, а пасьля падзелаў дзяржавы яго прадстаўнікоў зацьвердзілі ў расейскім дваранстве і запісалі ў 6-ю частку Радаводнай кнігі Горадзенскай губэрні (у такія кнігі ўносілі толькі старажытныя роды, чыё шляхоцтва выводзілася да 1685 году).
Першай гаспадыняй сядзібы быў Яўгенія Бельская. Пры гаспадарстве яе сына Ксавэрыя маёнтак ператварыўся ў вялікі эканамічны і культурны асяродак. Ён пабудаваў сучасны для тых часоў бровар (вінакурню), вялікую сыраварню, у якой выраблялі сыры паводле швайцарскіх рэцэптаў, і заклаў пэйзажны парк.
Іхныя нашчадкі (канец XIX — пачатак XX стагодзьдзяў) працягвалі разьвіваць маёнтак, мадэрнізавалі вытворчасьць і актыўна займаліся грамадзкай дзейнасьцю ў Кобрынскім павеце.
Бельскія былі ў блізкім сваяцтве з іншымі вядомымі шляхоцкімі родамі Берасьцейшчыны і Палесься, такімі як Шадурскія, Быхаўцы, Рэйтаны і Ажэшкі (па лініі мужа пісьменніцы Элізы Ажэшкі). Гэта дазваляла ім трымаць высокі статус у рэгіёне. Апошнім уладальнікам быў сын Ксавэрыя Эдвард.
Што папярэднічала
Летась у сакавіку дзяржаўныя СМІ — ад рэгіянальных да агульнадзяржаўных, паведамлялі аб акцыі добраўпарадкаваньня парку. У ёй удзельнічалі прадстаўнікі Жабінкаўскага райвыканкаму, мясцовага савета дэпутатаў, прадстаўнікоў праўладнай партыі «Белая Русь», Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, раённай лякарні, цукровага заводу, вучні Ленінскай сярэдняй школы і «шмат іншых неабыякавых грамадзян Жабінкаўскага раёну і мястэчка Ленінскі».
«У выніку прыродны аб’ект стаў больш дагледжаным і прывабным з эстэтычнага пункту гледжаньня», — паведамлялі тады тэлеканал СТВ і «Беларусь сегодня».
Што вядома пра цяперашні стан парку і сядзібы
Цяпер, як вынікае з адкрытых крыніц, фрагмэнты гаспадарчых пабудоў знаходзяцца ў крытычна аварыйным стане: сьцены з чырвонай цэглы яшчэ стаяць, захаваліся і аўтэнтычныя арачныя аконныя праёмы, аднак дах цалкам зруйнаваны, абрынуліся ўнутраныя перакрыцьці, а ўнутраная прастора зарастае зелянінай. Старажытны парк цалкам расчыніўся ў сучаснай забудове паселішча Ленінскі.
Уся тэрыторыя прамысловай зоны сядзібы агароджана. Усе гэтыя аб’екты знаходзяцца на балянсе Ленінскага сельскага выканаўчага камітэту і Жабінкаўскага райвыканкаму. Фрагмэнты гаспадарчых пабудоў належалі мясцоваму сельскагаспадарчаму прадпрыемству, якое цяпер называецца ААТ «Рагазьнянскі».
Апошнім часам улады пэрыядычна выстаўляюць на аўкцыён разбураныя гістарычныя сядзібы і прапануюць у якасьць стартавай цаны базавую велічыню — цяпер гэта 45 рублёў. Аднак гэтыя аб’екты для продажу не выстаўляліся.
Форум