Сядзібу Цюндзявіцкіх у Галошаве Талачынскага раёну Віцебскай вобласьці спачатку плянавалі зьнесьці, але ў 2021 яе адстаяла грамадзкасьць і маёнтку прысвоілі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці 3-й катэгорыі. Цяпер яе прадаюць.
Як паведамілі на Беларускай унівэрсальнай біржы, на тэрыторыі сядзібы, нібыта, закапаны скарб. «Лічыцца, што менавіта на тэрыторыі будучай сядзібы падчас адступленьня 1812 году імпэратар Напалеон загадаў закапаць частку свайго золата. Навуковых доказаў існаваньня скарбу ў Галошаве няма, але гэтая гісторыя дагэтуль прыцягвае сюды шукальнікаў прыгод», — адзначаецца ў матэрыяле.
Раней легендай пра Напалеона заманьвалі на аўкцыён па продажы сядзібы ў Падароску пад Ваўкавыскам. Але гісторыкі сьцьвярджаюць, што Напалеон Банапарт ня мог там спыняцца — ягоны шлях у 1812 ішоў з боку Коўна і Вільні праз поўнач і цэнтар Беларусі: Глыбокае, Віцебск, Воршу, Менск і Барысаў. А ў Падароску мог быць брат Напалеона Жэром. Бо Жэром заходзіў у Горадню і шмат часу там правёў у баляваньнях і іншых забавах.
Маёнтак Цюндзявіцкіх пабудавалі ў 1897 годзе каля возера Глыбокае. Плошча будынку — 621 квадратны мэтар. Патэнцыйны інвэстар атрымае ў арэнду на 50 гадоў зямельны ўчастак плошчай 0,7715 гектара.
Але паколькі сядзіба мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці новы ўласьнік павінен зрабіць рэстаўрацыю цягам трох гадоў.
Што вядома пра сядзібу і яе ўласьнікаў
Самы вядомы выхадзец старадаўняга роду, які жыў у гэтай мясцовасьці, — Міхал Цюндзявіцкі, паплечнік Кастуся Каліноўскага і ўдзельнік вызвольнага паўстаньня 1863-1864 гадоў. Яго расстралялі расейскія акупацыйныя ўлады. Міхаіл Цюндзявіцкі праектаваў гэтую сядзібу ў Галошаве, але яе пабудавалі ўжо пасьля яго сьмерці. Пасьля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году ўладальнікі будынку ўцяклі ў Польшчу.
У галоўным будынку ў савецкі час месьцілася школа, якая пазьней закрылася. Тэрыторыя сядзібы паступова прыйшла ў заняпад.
Чаму гэта важна
За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя зь іх некалькі гадоў ня могуць знайсьці ўласьнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.
Новымі ўласьнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расеі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвэстараў набытую маёмасьць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.
Форум