Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадаюць гістарычныя будынкі ў Віцебскай і Менскай вобласьцях. Уласьнік аднаго зь іх збанкрутаваў

Прададзеная нядаўна сядзіба ў Падароску, якую ўлады сканфіскавалі ў папярэдняга інвэстара. Ілюстрацыйнае фота
Прададзеная нядаўна сядзіба ў Падароску, якую ўлады сканфіскавалі ў папярэдняга інвэстара. Ілюстрацыйнае фота

Улады надалей шукаюць прыватных і камэрцыйных інвэстараў для аднаўленьня гістарычных будынкаў.

Цяпер на аўкцыён выставілі яшчэ два аб’екты, адзін зь іх прадалі ў 2020 годзе, але новы ўласьнік збанкрутаваў і сядзібу вярнулі ва ўласнасьць мясцовым уладам.

У Арэхаўне каля Вушачы прадаюць сядзібу Грабніцкіх

Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх
Сядзібна-паркавы ансамбль Грабніцкіх

Сядзібу Грабніцкіх, што ў Арэхаўне Вушацкага раёну, прадаюць з 2014 году. У 2020-м яе за 27 рублёў набыла прыватная менская кампанія «Азёры-Агра», што займалася расьлінаводзтвам. Новы ўласьнік плянаваў стварыць тут турыстычны аб’ект. Аднак, як вынікае з фота, апублікаванага ў абвестцы пра новы аўкцыён, за 6 гадоў так нічога і не зрабілі. 20 студзеня 2026 году ўлады пачалі працэдуру банкруцтва кампаніі. Афіцыйнай прычынай гэтага назвалі «устойлівую няплатаздольнасьць».

У выніку сядзібу зноў паспрабуюць прадаць 30 верасьня на плятформе Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы. Стартавая цана — 45 рублёў.

Сядзіба мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці 3-й катэгорыі. Гэта аднапавярховы аб’ект плошчай 510 квадратных мэтраў. Новы ўласьнік мусіць падпісаць ахоўныя абавязаньні.

Сядзібу каля возера ў Арэхаўне (мястэчка ў розныя часы называлі Лютава і Запалевічы) пабудавалі ў 1840 годзе. Сам маёнтак сям’я Грабніцкіх (яны таксама карысталіся прозьвішчам Дактаровічы) набыла ў 1745 годзе, іхныя нашчадкі валодалі ім да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году. Апошні ўладальнік сядзібы да рэвалюцыі — прафэсар Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч, біёляг і батанік. Падчас Другой сусьветнай вайны ў сядзібе месьціўся шпіталь, пасьля — школа.

У Валожынскім раёне прадаюць драўляны будынак сярэдзіны ХІХ стагодзьдзя

31 жніўня на плятформе Беларускай унівэрсальнай таварнай біржы адбудзецца аўкцыён на продаж драўлянага будынку плошчай 433 квадратных мэтры, пабудаванага ў 1849 годзе. Стартавая цана — 71 500 рублёў. Аднак статусу гістарычнай каштоўнасьці ён ня мае.

Шляхоцкая сядзіба ў вёсцы Чэхаўшчына Валожынскага раёну Менскай вобласьці
Шляхоцкая сядзіба ў вёсцы Чэхаўшчына Валожынскага раёну Менскай вобласьці

Шляхоцкая сядзіба ў Чэхаўшчыне Валожынскага раёну Менскай вобласьці засталася адзінай з усяго комплексу, пабудаванага ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Усе яго аб’екты — два жылыя будынкі і шэсьць гаспадарчых— зьнесьлі сёлета на падставе рашэньня Валожынскага райвыканкаму ад 30 траўня.

Паводле гісторыкаў, склад-лядоўня быў асаблівай каштоўнасьцю гэтае сядзібы. Ён, паводле дасьледаваньня Анатоля Федарука, быў збудаваны з бутавага каменю з чорным друзам на вапнавай росчыне. Над уваходам у лядоўню было аўтэнтычнае скляпеньне з датай будаўніцтва — Roku 1855.

Улады патлумачылі знос гістарычных гаспадарчых аб’ектаў патрэбай у бясьпецы. У Валожынскай раённай газэце паведамілі, што ў выніку эксплюатацыі стан аб’ектаў прызналі непрымальным. Паводле мясцовых уладаў, «фізычны знос будынкаў дасягнуў 100%, што зрабіла іх далейшую эксплюатацыю немагчымай і небясьпечнай».

У дакумэнтацыі аўкцыёну адзначаецца, што драўляны будынак паставілі ў 1849 годзе, але яго называюць «гаспадарчым корпусам 1957 году будаўніцтва». Гісторыкі называюць гэта вынікам тыповай савецкай БТІ-пашпартызацыі.

Разам з будынкам новы ўласьнік атрымае ў арэнду на 50 гадоў зямельны надзел 0,5139 га.

Згодна з інфармацыяй біржы, апошнімі ўласьнікамі сядзібы быў шляхоцкі род Сялянкаў (Салянкаў). Апошнім гаспадаром быў Марыян Сялянка. Пасьля нацыяналізацыі ў 1939 годзе ў сядзібе разьмяшчалася Чэхаўшчынская школа-інтэрнат.

Чаму гэта важна

За апошнія некалькі гадоў улады Беларусі выставілі на продаж дзясяткі гістарычных аб’ектаў, на рэстаўрацыю якіх дзяржава не вылучае грошай. Некаторыя зь іх некалькі гадоў ня могуць знайсьці ўласьнікаў, а іх стартавую цану паніжаюць да адной базавай велічыні.

Новымі ўласьнікамі такіх аб’ектаў могуць стаць як грамадзяне і юрыдычныя асобы Беларусі, гэтак і іншаземцы. Вядома некалькі фактаў, калі беларускія гістарычныя аб’екты набывалі грамадзяне Расеі. Разам з тым некалькі разоў у новых інвэстараў набытую маёмасьць забіралі і зноў выстаўлялі на продаж.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG