Як адзначаецца на сайце біржы, аўкцыён пачнецца з цаны 90 рублёў, хоць у пачатку 2025 году кошт фальварку ацэньвалі ў 297 662,06 рублёў. Папярэднія разы аўкцыёны не адбыліся, бо не знайшлося ахвочых у іх удзельнічаць. Вядома, прынамсі, пра чатыры спробы прадаць аб’екты — у 2020, 2023, двойчы ў 2025-ым.
У лоце — вэтэрынарная лякарня, цялятнік, кароўнік, сьвіран і агароджа.
Адна з абавязковых умоваў продажу: пачатак дзейнасьці на аб’екце не пазьней як праз два гады ад падпісаньня дамовы куплі-продажу, а ў выпадку капітальнага рамонту — не пазьней чым празь пяць гадоў пасьля набыцьця аб’екту.
Пераможца аўкцыёну зможа выкарыстоўваць зямельны надзел для жылой, адміністрацыйнай, гандлёвай ці іншай забудовы на падставе навуковай дзейнасьці, узгодненай зь Міністэрствам культуры Беларусі (у выпадку зьмены прызначэньня нерухомай маёмасьці). Ён атрымае ў арэнду на 50 гадоў 6,3787 га зямлі.
Адзначаецца, што аб’екты не ахоўваюцца дзяржавай, але зямля мае гісторыка-культурнае прызначэньне.
Што вядома пра аб'ект
«Мураванка Храптовічаў» — гэта помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, што зьяўляецца часткай палацава-паркавага ансамблю Шчорсаўскай сядзібы Храпотовічаў.
Яе заснаваў 1770-я гады падканцлер вялікі літоўскі Іахім Літавор Храптовіч. Праект ён заказаў італьянскаму архітэктару Дж. Сака, а інтэр’еры выконваў Карла Спампані, будаўнічымі работамі кіраваў Я. Габрыэль — гэта на той час была адна з самых моцных па творчым патэнцыяле эўрапейскага ўзроўню каманда архітэктараў.
Сам палац не захаваўся.
Аднаўленьнем аб’ектаў апекаваліся грамадзкія актывісты, якія стварылі арганізацыю «Фонд Шчорсы і Храптовічы». Яны праводзілі валянтэрскія летнікі і спрабавалі прыцягнуць фінансаваньне з праграм Эўразьвязу аб транспамежнай супрацы. Аднак у лістападзе 2021 году ўлады зьліквідавалі гэтую арганізацыю ў шэрагу сваёй барацьбы грамадзкім сэктарам пасьля пратэстаў 2020 году.
Форум