Камітэт «Віцебскаблмаёмасьць» прадаў на аўкцыёне за 1 базавую велічыню — 27 рублёў — арэхнаўскую сядзібу Грабніцкіх, што ў Вушацкім раёне Віцебскай вобласьці. Сядзібу выстаўлялі на таргі ад 2014 году, у тым ліку за 1 базавую.
Новым уладальнікам, як паведамляе Дзяржаўны камітэт маёмасьці, стала кампанія пад назвай «Азёры-Агра», якая зарэгістравалася ў Менску і займаецца расьлінаводзтвам.
Камітэт перадае, што прадстаўнік пакупніка зьбіраецца аднавіць сядзібу і зрабіць на яе базе турыстычны аб’ект. Пакупніку дасталіся сам будынак плошчай 510 м², а таксама (бясплатна) зялёныя насаджэньні на тэрыторыі сядзібы і (у арэнду на 50 гадоў) участак зямлі плошчай 0,13 га, але ня цэлы парк, плошча якога складае 20 га.
Мураваны будынак адносіцца да аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Віцебскай вобласьці. Сядзібу каля возера ў Арэхаўне (паселішча называлася ў розныя часы таксама Лютава і Запалевічы) збудавалі ў 1840 годзе. Сам маёнтак сям’я Грабніцкіх (якія таксама карысталіся прозьвішчам Дактаровічы) купіла ў 1745 годзе, іхныя нашчадкі валодалі ім да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году. Апошні ўладальнік сядзібы да рэвалюцыі — прафэсар Адам Станіслававіч Грабніцкі-Дактаровіч, біёляг і батанік. Падчас Другой сусьветнай вайны ў сядзібе месьціўся шпіталь, пасьля — школа.