Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскі фонд зьбіраецца выкупіць слонімскую сынагогу XVII стагодзьдзя


Слонімская сынагога

Брытанскі фонд габрэйскай спадчыны паспрабуе выкупіць слонімскую сынагогу 1642 году на аўкцыёне. Падчас першага аўкцыёну, які праходзіў у Горадні 15 чэрвеня, ахвотных купіць гэты гістарычны будынак не было.

Першапачаткова сынагогу ацанілі ў 137 тысячаў рублёў.

«Так, мы хочам купіць сынагогу», — сказаў Свабодзе адзін з удзельнікаў праекту аднаўленьня сынагогі Сайман Каплінскі.

Брытанскі фонд заявіў пра свой інтарэс да сынагогі ў 2017 годзе, калі яна трапіла ў сьпіс чатырох найбольш важных для аднаўленьня сынагог Эўропы.

Аднаўляць сынагогу пачалі ў 2018 годзе. Фонд габрэйскай спадчыны прафінансаваў абсьледаваньне будынка, рамонт даху, устаноўку абсталяваньня, якое адсочвае зрухі канструктыўных элемэнтаў.

Цяпер брытанцы хочуць выкупіць сынагогу.

«Мы чакаем, што сынагога зноў будзе выстаўленая на аўкцыён сёлета, — гаворыцца ў прэс-рэлізе фонду. — Мы ўпэўненыя, што Фонд зможа прапанаваць пераканаўчае бачаньне яе аднаўленьня».

У прэс-рэлізе таксама гаворыцца, што Фонд габрэйскай спадчыны цяпер супрацоўнічае з Таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры. Беларуская арганізацыя будзе кансультантам па архітэктуры.

Наступны аўкцыён па продажы сынагогі мае прайсьці не пазьней за сярэдзіну жніўня 2020 году. Першапачатковы кошт будынка зьнізяць удвая, паведаміў прадстаўнік Таварыства аховы помнікаў Юры Меляшкевіч.

Такім чынам, калі нічога ня стане на перашкодзе, сынагога абыдзецца фонду прыблізна ў 70 тысячаў рублёў. Аднак поўнае аднаўленьне будзе каштаваць у разы болей. На гэта зьвяртаюць увагу ў Фондзе габрэйскай спадчыны. Там разьлічваюць на супрацу з дабрачыннымі арганізацыямі.

Слонімская вялікая сынагога — адзін з самых важных аб’ектаў габрэйскай спадчыны ў Беларусі, кажа выканаўчы дырэктар фонду Майкл Мэйл.

«Яна ўяўляе сабой агульную спадчыну — і габрэйскую, і беларускую, і эўрапейскую. Мы спадзяёмся, што дзякуючы нашым намаганьням мы зможам захаваць гэта выдатнае збудаваньне і зрабіць так, каб яно зноў адыгрывала значную ролю ў жыцьці Слоніма».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG