Як адзначаецца на сайце Беларускай унівэрсальнай біржы, на плятформе якой 20 жніўня адбыўся аўкцыён, падчас таргоў цана сядзібы павялічылася з стартавых 450 рублёў да амаль 201 тысячы рублёў.
На аўкцыён зарэгістраваліся 10 прэтэндэнтаў. Таргі доўжыліся 4 гадзіны 17 хвілін, а за гэты час зрабілі 4 457 ставак.
Што папярэднічала
Комплекс аб’ектаў сядзібы Чачотаў — Бохвіцаў у Ваўкавыскім раёне Горадзенскай вобласьці пачалі выстаўляць на аўкцыён з лістапада 2025 году. Першапачаткова яе прапанавалі за 2 160 490 рублёў. Правялі чатыры аўкцыёны, але ніводнага разу на яго не зарэгістраваўся ніводны ахвочы.
Сёлета красавіку праўладны рэсурс times.by апублікаваў артыкул, у якім, каб прыцягнуць увагу патэнцыйных інвэстараў, паведамілі аб тым, што ў сядзібе спыняўся Напалеон. Але гэта выявілася фэйкам.
Хто валодаў сядзібай раней
Да 2024 году сядзібай валодаў расейскі бізнэсовец зь беларускімі каранямі Павал Падкарытаў. Ён яе набыў у 2013 годзе за $118 тысяч. Ён плянаваў адкрыць там турыстычны комплекс, падвёў камунікацыі, зрабіў поўную рэстаўрацыю ўязной брамы.
У палацы адкрылі часовую экспазыцыю на 14 заляў, якая дазваляла праводзіць комплексную экскурсію пра гісторыю шляхты Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі. Яна была часткова зьвязаная зь лёсам былых уладальнікаў — Бохвіцаў. Агулам за дзесяць гадоў інвэстар уклаў у праект каля мільёна даляраў.
Маёнтак Падароск — гісторыка-культурная каштоўнасьць. Ён пабудаваны ў канцы XVIII стагодзьдзя. У яго было шмат уласьнікаў, апошнія зьвязаныя з Раманам Бохвіцам — гэта сын вядомага філёзафа Флярыяна Бохвіца. Раманавага сына Отана савецкія ўлады арыштавалі ў 1939 годзе, ён памёр у турме Ваўкавыску.
Згодна з умовамі продажу, маёнтак маюць пачаць выкарыстоўваць не пазьней як праз тры гады ад падпісаньня дамовы куплі-продажу або ў тэрміны, прадугледжаныя праектнай дакумэнтацыяй.
Форум