Дроны з Расеі зноў ляцелі ўздоўж Беларусі. Украінскі корпус, у якім ваююць беларусы, правёў унікальную апэрацыю

У газавай трубе на самакаце: кадры апэрацыі «Вялес», праведзенай корпусам «Хартыя»

У ноч на 28 кастрычніка расейскія войскі абстралялі Ўкраіну. Дронамі атакавалі Кіеўскую, Сумскую, Запароскую, Харкаўскую, Палтаўскую, Данецкую, Чарнігаўскую, Валынскую і Жытомірскую вобласьці.

Як паведамілі ў апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны, пачынаючы з 4:57, дзьве групы расейскіх дронаў рухаліся ў кірунку Кіеўскай вобласьці ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.

Украінскі бок зафіксаваў сама меней дзьве групы расейскіх рэактыўных дронаў, якія з Бранскай вобласьці рухаліся ўздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Праблема ня толькі ў рэтрансьлятарах. У Паветраных сілах Украіны расказалі, чаму расейскія дроны ляцяць паўзь мяжу Беларусі

У Харкаве ёсьць параненыя

Улады ня ўсіх украінскіх рэгіёнаў, дзе ўначы абвяшчалі паветраную трывогу, паведамілі аб наступствах расейскай атакі. У большасьці зь іх паветраная трывога ўсё яшчэ працягваецца.

У Харкаве ў выніку начнога ўдару 5 чалавек параненыя, у тым ліку 4-гадовае дзіця.

Расейскі дрон выклікаў маштабны пажар на плошчы 2500 квадратных мэтраў — гарэлі шматкватэрны і прыватныя жылыя будынкі, гаспадарчыя памяшканьні, вытворчасьць, легкавыя аўтамабілі.

Ратавальнікі пад пагрозай новых удараў намагаюцца ліквідаваць наступствы начной атакі.

Падразьдзел «Хартыя», у якім ваююць беларусы, правялі апэрацыю пад Купянскам

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб трэцяй пасьпяховай апэрацыі ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Першая апэрацыя — ДШВ, вельмі істотная: больш за 800 квадратных кілямэтраў вызвалілі. Другая наша апэрацыя — гэта апэрацыя „Вівальдзі“ на Данеччыне, менавіта ў тых раёнах, дзе ў расейцаў было шмат амбіцый, шмат было ў іх плянаў і шмат было штурмаў. Больш за 200 кілямэтраў вызвалілі хлопцы. Трэцяя апэрацыя — „Вялес“ ад „Хартыі“, якая ўзмацняе нашые пазыцыі і дэманструе расейцам, што і пад Купянскам у іх няма выніку, які ім вызначыла іхнае палітычнае кіраўніцтва», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

У корпусе «Хартыя» адзначылі, што падчас апэрацыі «Вялес» зьнішчылі больш за 100 расейскіх вайскоўцаў і больш за 30 узялі ў палон. Украінскія падразьдзелы змаглі пад зямлёй прасунуцца больш як на 15 кілямэтраў.

«Расейцы ўжо спрабавалі выкарыстаць падземныя газавыя камунікацыі, каб прасунуцца праз нашыя пазыцыі і пераходзіць да штурмавых дзеяньняў. Украінская воіны пасьпяхова трансфармавалі гэтую тактыку, мадэрнізавалі яе, зрабілі значна больш прадуманай і тэхналягічнай», — адзначаецца ў паведамленьні брыгады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі прыехаў у Купянск. Раней начальнік расейскага Генштабу дакладваў Пуціну пра «вызваленьне» гораду

Чым адметны Купянск

Купянск — вялікі чыгуначны вузел на ўсходзе Харкаўскай вобласьці. Акупаваны ў першыя месяцы поўнамаштабнай вайны і вызвалены ўкраінцамі ў верасьні 2022 году. Расея заявіла аб другім захопе Купянску 20 лістапада 2025-га — пра гэта прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну тады паведаміў Валерый Герасімаў, начальнік расейскага Генштабу, але Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны тады адразу зьняпраўдзіў гэтую заяву.

Летась 12 сьнежня камандаваньне корпусу Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны «Хартыя» паведаміла, што Сілы абароны прарваліся да ракі Аскол і цалкам перакрылі маршруты паставак расейскім вайскоўцам у Купянску. У той жа дзень Уладзімір Зяленскі абнародаваў відэазапіс, на якім ён стаяў каля стэлы на ўезьдзе ў Купянск. Увогуле пасьля ўкраінскіх контратак гэты горад цалкам знаходзіцца пад кантролем украінскіх вайскоўцаў.

Купянскі контрнаступ стаў першай за некалькі гадоў менавіта наступальнай апэрацыяй сіл абароны Ўкраіны, якую вайскоўцы і экспэрты ацэньваюць як пасьпяховую.

Грамадзяне Беларусі ваююць у некалькі ўкраінскіх фарміраваньнях, у тым ліку ў складзе падразьдзелаў Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны, 3-й асобнай штурмавой брыгады, у «Артане», «Кракене 1654», «Хартыі» і іншых.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Украіна пачынае лепш разумець, як праводзіць наступы». Контратакі Ўкраіны на тле праблемаў у расейскай арміі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.