«Я ня раз бачыў, як цяпер расейскія дроны ляцяць фактычна ўздоўж мяжы. [...] Ці могуць яны пры гэтым выкарыстоўваць рэтрансьлятары? Могуць. Але гэта яшчэ трэба давесьці. Наша МЗС вядзе пэўную работу, у тым ліку і стасоўна Беларусі. Якія-хаця кантакты і дыялёг патрэбныя нават у такой сытуацыі. Бо Беларусь заяўляла, што не выкарыстоўвае такіх сродкаў і не дазваляе гэтага рабіць. Але гэта ўжо больш пытаньне да выведкі», — сказаў Юры Ігнат у інтэрвію ўкраінскаму інфармацыйнаму агенцтву «РБК-Україна».
Паводле яго, калі дроны проста ляцяць адзін за адным, яны ўжо самі могуць быць рэтрансьлятарамі адзін для аднаго.
«Яны могуць перадаваць сыгнал ад дрона да дрона, ствараючы mesh-сетку. Прычым ня толькі лінейна — яны могуць выбудаваць цэлую сетку. І расейскі апэратар, які сядзіць, напрыклад, у Бранскай вобласьці ці ў Арле, можа праз гэтую сетку кіраваць тым дронам, які ляціць наперадзе, і выкарыстоўваць яго ў тым ліку супраць паветраных цэляў», — патлумачыў ён.
«На гэтым і палягае небясьпека mesh-сеткі. Плюс нельга выключаць выкарыстаньня для варожых дронаў наземных станцыяў сувязі, магчыма, нават з боку агентуры ўнутры Ўкраіны», — сказаў Юры Ігнат.
Што папярэднічала
17 кастрычніка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі чарговы раз заявіў, што Расея выкарыстоўвае рэтрансьлятары ў Беларусі для кіраваньня дронавымі атакамі на Ўкраіну, у тым ліку на яе заходнія і паўночныя вобласьці. Апроч таго, паводле Зяленскага, Расея спрабуе «даціснуць» Беларусь у пытаньні разьмяшчэньня на яе тэрыторыі расейскіх балістычных ракет для ўдараў па заходніх вобласьцях Украіны.
Упершыню інфармацыя аб выкарыстаньні Расеяй рэтрансьлятараў на тэрыторыі Беларусі зьявілася сёлета ў чэрвені. Тады прэзыдэнт Украіны запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі іх адключыць. Пазьней украінскія ўлады паведамлялі, што рэтрансьлятары часова спынялі працу, аднак у верасьні ў Кіеве заявілі аб іх новым падключэньні.
Украінскі маніторынгавы канал «єРадар» паведамляў пра чатыры рэтрансьлятары ў Беларусі, якія выкарыстоўвалі для сувязі і кіраваньня расейскімі рэактыўнымі дронамі.
Чаму гэта важна
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць беларускую вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі ва Ўкраіну і абстрэлаў там мірных гарадоў, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
У схемы падтрымкі расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.
З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна бесьперапынна адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі й імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.
Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб плянах «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.
Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».
16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.
Расея і Ўкраіна нарошчваюць выкарыстаньне дронаў у вайне. Падчас абстрэлаў сталі часьцейшымі залёты расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць ня ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.
Апроч таго, вядома некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.
Форум