Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі заявіў, што Расея хацела б біць па Ўкраіне ракетамі зь Беларусі

Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Расея спрабуе «даціснуць» Беларусь у пытаньні разьмяшчэньня на яе тэрыторыі расейскіх балістычных ракет для ўдараў па заходніх абласьцях Украіны, заявіў прэзыдэнт Украіны.

Расея рыхтуецца ўзмацніць удары па заходніх абласьцях Украіны. Асаблівую ролю ў гэтых атаках адыгрывае Беларусь, якая ўключае рэтрансьлятары для варожых дронаў. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі, адказваючы на пытаньні журналістаў падчас онлайн-брыфінгу ў WhatsApp, перадаюць украінскія СМІ, у прыватнасьці УНІАН і «Суспільне».

«Ці ёсьць пагроза ўдараў і павелічэньня колькасьці атакаў на заходнюю частку нашай дзяржавы? Безумоўна. Ці рыхтуецца да гэтага Расея? Я думаю, так», — заявіў прэзыдэнт.

Зяленскі дадаў, што акурат Беларусь уключае рэтрансьлятары для расейскіх ўдарных дронаў. Аднак расейскім уладам гэтага мала.

«Ім патрэбная падтрымка Лукашэнкі для таго, каб на тэрыторыі Беларусі былі разьмешчаныя іншыя віды зброі, у тым ліку балістычная. І, безумоўна, разьмяшчэньне балістычнай зброі на тэрыторыі Беларусі будзе пагрозай перадусім для заходняй часткі нашай дзяржавы. Я думаю, такія пляны ёсьць у Пуціна... Але гэта непасрэднае ўцягваньне Беларусі ў гэтую вайну. Непасрэднае», — сказаў прэзыдэнт Украіны.

Ён заклікаў Беларусь не рабіць гэтага кроку, бо непасрэдны ўдзел у вайне супраць Украіны гэтаксама небясьпечны для яе грамадзянаў.

Прэзыдэнт дадаў, што на захадзе Украіны ўзмацняюць супрацьпаветраную абарону ў тых месцах, дзе ўжо існуе і, паводле прагнозаў, у будучыні ўзрасьце пагроза варожых удараў.

Праца рэтрансьлятараў. Што вядома?

Украінскі маніторынгавы канал «єРадар» паведамляў пра чатыры рэтрансьлятары ў Беларусі, якія выкарыстоўвалі для сувязі і кіраваньня расейскімі рэактыўнымі дронамі.

Сёлета ў чэрвені прэзыдэнт Украіны запатрабаваў ад Аляксандра Лукашэнкі адключыць рэтрансьлятары. Пазьней украінскія ўлады паведамлялі, што рэтрансьлятары часова спынялі працу, аднак у верасьні ў Кіеве заявілі аб іх новым падключэньні.

Чаму гэта важна

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну супраць Беларусі заходнія краіны, Эўразьвяз і Ўкраіна працягваюць уводзіць санкцыі.

Цягам усяго пэрыяду ад моманту расейскага ваеннага ўварваньня ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі практычна безь перапынку праводзяць вайсковыя вучэньні.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG