Пра гэта напісаў у сацсетках прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Найбольш складаная сытуацыя была ў Луцку, Роўне, Жытоміры, Віньніцы, Шапятоўцы, Славуце і Няцешыне. Удары таксама наносіліся па энэргетычнай інфраструктуры Харкаўшчыны, Кіеўскай вобласьці, Днепрапятроўшчыны ды іншых абласьцей. Расейцы пашырылі маштаб сваёй антыэнэргетычнай апэрацыі і спрабуюць максымальна расьцярушыць нашы рэзэрвы і аднаўленчыя магчымасьці», — паведаміў Зяленскі.
Ён дадаў, што ад 7-й вечара да 7-й раніцы Расея атакавала Ўкраіну больш як 320 «Шахедамі», а таксама баражуючымі боепрыпасамі, крылатымі і балістычнымі ракетамі.
«У той час, калі расейцы нанесьлі такі маштабны ўдар па нашай энэргетыцы, у Амэрыцы, на жаль, было прынятае рашэньне цалкам праігнараваць закон Ліндсі Грэма, які мусіў увесьці сапраўды дзейсны ціск на Расею дзеля спыненьня гэтай вайны. Гэты закон мог і яшчэ можа вельмі дапамагчы!», — напісаў Зяленскі.
Ён падкрэсьліў, што Расея спрабуе пакінуць мільёны ўкраінцаў без электрычнасьці і ацяпленьня і заклікаў да ціску на агрэсара.
«Трэба не здаваць пазыцыяў і спрабаваць скончыць вайну. Скончыць, а ня даць Пуціну ўсе падставы працягваць яе бясконца», — заявіў Зяленскі.
Дроны некалькі разоў ляцелі ўздоўж беларускай мяжы ва ўсіх сумежных абласьцях Украіны
Паветраныя сілы Ўкраіны ў першай палове 17 кастрычніка паведамілі прынамсі пра пяць палётаў групаў БПЛА і адзінкавых дронаў уздоўж мяжы зь Беларусьсю: а 9:15, 9:37, 10:39, 11:37 і 12:44.
Ад начных і ранішніх расейскіх удараў ня менш як 7 мірных жыхароў загінулі, дзясяткі пацярпелі
Данецкая вобласьць. У Славянску загінулі як мінімум тры чалавекі і больш за 15 пацярпелі пасьля начнога і ранішняга бамбаваньня гораду расейскім войскам. Два шматпавярховікі часткова разбураныя, пад заваламі могуць знаходзіцца целы. Двое жыхароў загінулі ў Краматорску.
Сумы і ваколіцы. Расейскае войска скінула 8 кіраваных бомбаў. Загінуў адзін чалавек.
Хэрсон. Расейская авіяцыя скінула 8 авіябомбаў на жылыя кварталы. Семярых чалавек ратавальнікі дасталі з-пад завалаў. Ад паўторнага ўдару загінуў кіроўца хуткай дапамогі. Пацярпелі больш за 20 чалавек.
Харкаў. У выніку расейскіх ракетных удараў па Харкаве ўвечары 16 кастрычніка пацярпелі 15 чалавек, сярод іх трое дзяцей.
Запарожжа. У выніку ракетнага абстрэлу былі параненыя пяць чалавек, сярод якіх 11-гадовае дзіця. Міністэрства абароны Расеі заявіла пра «масаваны ўдар высокадакладнай зброяй» па мэталюргічным камбінаце «Запарожсталь» і прадпрыемстве «Запарожтрансфарматар».
Таксама расейскія ўдары зазналі Віньніцкая, Адэская і Чарнігаўская вобласьці — пашкоджаныя дамы і машыны, ёсьць пацярпелыя. На Ровеншчыне ад абстрэлу на прадпрыемстве параненыя два чалавекі.
Днём раней, у пятніцу, ад расейскіх удараў загінулі ня менш за 8 мірных жыхароў і каля 60 былі параненыя. Больш за мільён засталіся без электрычнасьці, паведаміла агенцтва Reuters.
У Расеі праз украінскія атакі закрывалі аэрапорты. У Менску — аж да 16 гадзінаў чаканьня на вылет
У Маскве ўначы абмяжоўвалі працу аэрапортаў Шарамецева, Унукава, Дамадзедава і Жукоўскі. Паводле расейскага міністэрства абароны, над 16 рэгіёнамі і Чорным морам перахапілі больш за 600 дронаў.
Паводле таблё менскага аэрапорту прынамсі адзін ранішні рэйс з Масквы і адпаведна ў Маскву адменены. Спазьненьні прылётаў склалі да 10 гадзінаў. Гэтак, рэйс з Шарамецева замест 23:30 прыбыў толькі а 9:30 раніцы. На вылет больш як на гадзіну затрымліваецца 8 рэйсаў. Рэйс у Душанбэ затрыманы больш як на 8 гадзін. У Шарамецева раніцай вылецелі два самалёты з спазьненьнем амаль на 11 і 16 гадзінаў.
Расейскія ўлады паведамілі пра аднаго загінулага ад дрона
Украінскі Генштаб 17 кастрычніка паведаміў пра паражэньне чыгуначнага мосту ў Бранскай вобласьці каля населенага пункту Слабада-Сялецкая, што за 70 км ад беларускай мяжы. Таксама Ўкраіна заявіла пра ўдары па вайсковых складах на акупаваных тэрыторыях, пункце кіраваньня дронамі і заводзе, які вырабляе БПЛА.
У Шабекіне Белгародзкай вобласьці ў выніку атакі дрона на легкавы аўтамабіль загінула жанчына. У вёсцы Вазьнясенка Шабекінскай акругі ў выніку атакі БПЛА пацярпеў мужчына, паведаміў Апэратыўны штаб вобласьці. Цэлямі налётаў украінскіх дронаў сталі некалькі прадпрыемстваў і аб’ектаў інфраструктуры, ёсьць разбурэньні.
У Курскай вобласьці, паводле зьвестак губэрнатара, у пасёлку імя Куйбышава Рыльскага раёну дрон атакаваў цукровы завод. Параненая 56-гадовая жанчына.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум