Вашынгтон не сьпяшаецца, Лукашэнка нэрвуецца. Што адбываецца зь перамовамі?

Сустрэча Джона Коўла і Аляксандра Лукашэнкі ў Менску 15 верасьня 2026 году

Сьцісла

  • Новы візыт Джона Коўла, які плянаваўся «прыкладна празь месяц», не адбыўся.
  • Ёсьць рызыка, што цікавасьць ЗША да перамоўнага трэку зь Беларусьсю можа моцна зьменшыцца.
  • Лукашэнка замітусіўся і імкнецца паказаць Вашынгтону сваю зацікаўленасьць у працягу перамоваў.

Джон Коўл разьлічваў вярнуцца ў Менск празь месяц, але новы візыт дагэтуль не анансаваны. Пакуль Вашынгтон не сьпяшаецца з працягам перамоваў, Лукашэнка ўсё настойлівей дэманструе зацікаўленасьць у дыялёгу. На тле актывізацыі амэрыканска-расейскіх кантактаў паўстае пытаньне: ці не губляе Менск сваю ролю ў вялікай геапалітычнай гульні?

Мінулы візыт спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла ў Менск 15 верасьня не апраўдаў чаканьняў многіх. Выглядае, абодва бакі засталіся незадаволеныя ягонымі вынікамі. Дамовіліся пра тое, што патрэбен нейкі час, каб урэгуляваць нявырашаныя праблемы. Коўл заявіў, што разьлічвае зноў наведаць Менск «прыкладна праз месяц», спадзеючыся дабіцца вызваленьня «яшчэ сотняў зьняволеных». Пра такі ж час на выпраўленьне хібаў у беларуска-амэрыканскіх адносінах казаў і Аляксандр Лукашэнка.

У абодвух бакоў быў вялікі аптымізм асабліва пасьля заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа 22 верасьня пра магчымасьць куплі беларускіх калійных угнаеньняў па больш выгаднай цане, чым прапануе Канада. Першы карабель зь беларускім каліем меўся прыбыць у ЗША 14 кастрычніка.

Аднак прайшло ўжо больш за месяц, а новы візыт Коўла ў Менск так і не адбыўся. І калі адбудзецца, не зразумела. Бо, як вынікае з нарады ў Лукашэнкі 22 кастрычніка, існуе розная ступень зацікаўленасьці ў паглыбленьні двухбаковага дыялёгу. Афіцыйнаму Менску ён патрэбен значна больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Трамп загаварыў пра беларускі калій? Спыталі ў амэрыканскіх экспэртаў

Хто больш зацікаўлены ў перамоўным трэку?

«Мы са свайго боку сьвята выконваем тое, што абяцалі амэрыканцам. Тады было сказана дэлегацыі, што вельмі хацелася б, каб і амэрыканцы ў гэтых адносінах на 100% выконвалі дамоўленасьці», — адзначыў Лукашэнка падчас згаданай нарады.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў, які вядзе перамовы з амэрыканцамі, канстатаваў: «Пытаньні вырашаюцца ўсе, якія былі абазначаныя. Але цалкам вырашанае толькі адно — зьнятыя пэрсанальныя санкцыі зь кіраўніка „Беларуськалію“. Астатнія пытаньні ў працэсе вырашэньня. Гэта можа заняць нейкі час, таму што пытаньні складаныя».

Як вынікае з камэнтароў Рыбакова, ня вырашылася пытаньне пра вяртаньне доўгу за калій — грошы замарожаныя ў Citibank. Нягледзячы на намаганьні Вашынгтону, ня вырашанае пытаньне аднаўленьня транзыту беларускага калію праз парты краін Балтыі. Літва, у прыватнасьці, адмаўляецца адкрываць Клайпедзкі порт для беларускіх угнаеньняў, пакуль дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу. Вашынгтон ставіць умовы дзеля аднаўленьня працы сваёй амбасады ў Менску. І адначасова робіць акцэнт на вызваленьні палітвязьняў, што не падабаецца кіраўніцтву Беларусі.

Мяркуючы з усяго, такая сытуацыя нявызначанасьці выклікае пэўнае расчараваньне, раздражненьне і нецярпеньне з беларускага боку. Узьнікла небясьпека, што цікавасьць ЗША да перамоўнага трэку зь Беларусьсю можа моцна зьменшыцца, і ўсе надзеі Менску на тое, што зь яго дапамогай можна вырашыць шмат замежнапалітычных праблем, акажуцца марнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўніка «Беларуськалію» выключылі з санкцыйных сьпісаў ЗШАЗь Беларусі ў ЗША плянуюць адправіць яшчэ адзін груз каліюСтала вядома, чаму амбасада ЗША не аднаўляе сваю дзейнасьць у Менску

На тле прывіду «новай Ялты»

Заявы Трампа пра магчымасьць закупляць таньнейшы беларускі калій маглі быць зьвязаныя ня толькі з гандлёвымі спрэчкамі з Канадай, але і з унутрыпалітычнымі разьлікамі напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс. Але выбары пройдуць праз тыдзень. І на гэтым цікавасьць да беларускага калію можа значна зьменшыцца.

Цяпер актывізавалася супраца паміж ЗША і Расеяй. І пасярэднік паміж Вашынгтонам і Масквою, у ролі якога амэрыканская адміністрацыя бачыла Лукашэнку, ужо менш патрэбныя.

Тым больш што роля Лукашэнкі як пасярэдніка можа станавіцца менш актуальнай на тле абмеркаваньня магчымай сустрэчы кіраўнікоў ЗША, Расеі і Кітаю. Паводле The Washington Post, з такой ініцыятывай выступіў Пуцін. Сярод магчымых тэмаў перамоваў называюць і вайну ва Ўкраіне. Пакуль, аднак, правядзеньне саміту не ўзгодненае.

Прывід «новай Ялты», калі кіраўнікі вялікіх дзяржаў дзеляць сфэры ўплыву ў сьвеце, зьмяншае ролю сярэдніх дзяржаваў, кшталту Беларусі. Агульная вонкавая атмасфэра напярэдадні верагоднага саміту ў кітайскім Шэньчжэні ня вельмі спрыяльная для паскарэньня беларуска-амэрыканскіх перамоваў.

Сустрэча Ўіткафа і Пуціна ў Крамлі. 21 кастрычніка 2026 году

Роля калію ў дачыненьнях Беларусі з ЗША

Яшчэ адзін цікавы сюжэт. 10 кастрычніка The New York Times са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла, што спэцпасланьнікі Трампа Стыў Ўіткаф і Джарэд Кушнэр прапаноўвалі Маскве шэраг эканамічных саступак, у тым ліку палягчэньне экспарту беларускага калію, у абмен на абмежаванае спыненьне агню ва Ўкраіне. Калі сапраўды гэтая інфармацыя праўдзівая, то зь яе вынікае, што Вашынгтон разглядае Беларусь і Расею як адзінае цэлае, і амэрыканцы гатовыя рабіць палёгкі Беларусі, каб задобрыць РФ. Чарговы раз паўстае пытаньне суб’ектнасьці Беларусі як сувэрэннай дзяржавы.

Акрамя таго, Уладзімір Пуцін заявіў на сустрэчы зь Ўіткафам, што Расея магла б пастаўляць на амэрыканскі рынак угнаеньні ў вялікіх аб’ёмах. Варта мець на ўвазе, што Расея экспартуе ў ЗША шмат азотных, фосфарных, калійных і зьмяшаных мінэральных угнаеньняў. Толькі калію ў фінансавым 2026 годзе паставілі амаль мільён тон. Для параўнаньня: на тым судне, якое прывезла ў амэрыканскі порт Новы Арлеан беларускі калій, было толькі каля 30 тысяч тон калію. І тут Беларусь губляецца ў цяні Расеі.

І дзейнасьць створанай Трампам Рады міру неяк заціхла. А Лукашэнка спадзяваўся сустрэцца з амэрыканскім прэзыдэнтам на саміце гэтай арганізацыі.

Да таго ж Джон Коўл цяпер у чаканьні новай пасады. Трамп намінаваў яго ў якасьці спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША ў справах закладнікаў, у рангу амбасадара. У адрозьненьне ад яго місіі па Беларусі, гэтая новая пасада патрабуе абавязковага зацьвярджэньня ў Сэнаце Кангрэсу ЗША. Патрэбен час і пэўныя высілкі. Ці хопіць Коўлу сілаў і часу дзеля паездак у Менск?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трамп вылучыў Коўла на пасаду спэцпрадстаўніка ў справах закладнікаў

Лукашэнка замітусіўся

Усе гэтыя чыньнікі даюць падставу для хваляваньняў у Менску. Таму невыпадкова, што Лукашэнка замітусіўся. Ён імкнецца паказаць Вашынгтону сваю зацікаўленасьць у працягу перамоваў. 28 ліпеня кіраўнік Беларусі дэманстратыўна вынес на публіку факт сустрэчы з тым жа Рыбаковым, які вядзе перамовы з Джонам Коўлам. 22 кастрычніка ён зьбірае цэлую нараду з высокіх чыноўнікаў, каб абмеркаваць хаду перамоваў з ЗША. Таксама настойлівая дэманстрацыя зацікаўленасьці.

Адначасова Беларусь адгружае другое судна з каліем для ЗША, паведаміў Рыбакоўhttps://belta.by/special/economics/view/belarus-v-blizhajshee-vremja-napravit-novuju-partiju-kalija-v-ssha-807183-2026/. Нагадаю, што зусім нядаўна Лукашэнка заяўляў, што, маўляў, увесь беларускі калій даўно закантрактаваны і лішняга ўгнаеньня няма, таму, калі ЗША ён так патрэбны, то варта таргавацца з Менскам. А цяпер высьвятляецца, што калій знайшоўся.

А яшчэ былі прапановы Лукашэнкі да ЗША пабудаваць завод у вытворчасьці азотных угнаеньняў на паях з Расеяй.

Прысутнасьць на нарадзе 22 кастрычніка ўжо ня толькі звыклага старшыні КДБ Івана Тэртэля, але і генэральнага пракурора Дзьмітрыя Гары таксама паказальная. Гэтыя ж людзі «адказваюць» за палітзьняволеных. Іх удзел можна разглядаць і як сыгнал Вашынгтону пра гатоўнасьць абмяркоўваць далейшае вызваленьне палітвязьняў. І да таго, каб паспаборнічаць у вачах Трампа, хто большы «гуманіст» — ён ці Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Паміж вайной і разрадкай: Лукашэнка шукае выйсьця зь небясьпечнай залежнасьці