Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі ў ЗША плянуюць адправіць яшчэ адзін груз калію

Архіўнае фота
Архіўнае фота

У найбліжэйшы час у ЗША накіруюць наступную партыю калійных угнаеньняў зь Беларусі. Пра гэта паведаміў журналістам сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў пасьля дакладу Аляксандру Лукашэнку наконт разьвіцьця стасункаў з ЗША, перадае БелТА.

«Адзін груз нашага калію ўжо знаходзіцца ў порце Новага Арлеану. Ён цалкам прайшоў мытнае афармленьне і прыняты як беларускі прадукт. Гэта канкрэтны практычны вынік скасаваньня амэрыканцамі санкцыяў супраць нашай калійнай галіны», — расказаў дыплямат.

«У найбліжэйшай пэрспэктыве, відавочна, на рынак ЗША накіруюць наступны груз», — дадаў ён.

Рыбакоў пра перамовы з ЗША: «Станоўчых вынікаў ня трэба будзе чакаць вельмі доўга».

У адказ на пытаньне, ці варта найбліжэйшым часам чакаць працягу візытаў дэлегацыі ЗША, Валянцін Рыбакоў сказаў:

«Абавязкова варта чакаць. Але пакуль пра гэта гаварыць зарана».

Паводле яго, перамовы з амэрыканскім бокам, безумоўна, будуць працягвацца, а «станоўчых вынікаў ня трэба будзе чакаць вельмі доўга». Напрыклад, на наступным тыдні сталы прадстаўнік Беларусі разьлічвае чарговы раз сустрэцца з амэрыканскай дэлегацыяй у Нью-Ёрку.

Сярод галоўных пытаньняў, якія імкнецца вырашыць беларускі бок, ён назваў адмену санкцыяў.

«Мы над гэтым працуем, працэс ідзе. Пэўныя станоўчыя вынікі ў гэтым кірунку дасягнутыя. Няма ніякіх сумневаў, што гэты працэс будзе працягвацца, — адзначыў дыплямат. — Не гатовы абазначыць нейкія часавыя рамкі, бо перамоўны працэс складаны. Тым ня менш пакуль усё разьвіваецца ў тым кірунку, які нас цікавіць».

На парадку дня перамоваў як пытаньні, якія прадстаўнікі ЗША пакуль ня вырашылі паводле вынікаў папярэдніх сустрэчаў зь беларускім бокам, так і новыя магчымасьці для ўзаемадзеяньня.

«Вырашаюцца ўсе пытаньні, якія былі пазначаныя. Але цалкам вырашанае толькі адно: зьнятыя пэрсанальныя санкцыі з кіраўніка „Беларуськалію“. Астатнія пытаньні знаходзяцца ў працэсе вырашэньня. Гэта можа заняць пэўны час, бо пытаньні складаныя і датычаць банкаўскай дзейнасьці. Але яны будуць вырашаныя», — сказаў дыплямат.

Адно з пытаньняў, якое амэрыканскі бок пакуль ня вырашыў, — запазычанасьць за калій, пастаўлены раней. Амэрыканская кампанія — атрымальнік прадукцыі — накіравала грошы на рахунак у Citibank, але банк іх замарозіў.

«Цяпер мы працуем над разблякаваньнем гэтай сумы, каб яе перавялі Беларусі», — сказаў Валянцін Рыбакоў.

Паводле яго, гэта не адзінкавы выпадак.

«Была яшчэ другая запазычанасьць. Яна пагашаецца. Да канца гэтага году яе пагасяць цалкам», — сказаў ён.

«Ніхто не аспрэчвае таго факту, што гэта беларускія грошы і яны павінны быць вернутыя. Яны будуць вернутыя. Гэты працэс займае пэўны час, але пытаньне вырашаецца», — падкрэсьліў Рыбакоў.

Ён зьвярнуў увагу, што неўзабаве адбудуцца выбары ў Кангрэс ЗША. Гэта ўплывае на ўнутрыпалітычную сытуацыю ў краіне і ў пэўнай ступені адбіваецца на парадку дня перамоваў зь Беларусьсю, вызначэньні канкрэтных датаў ды іншых пытаньнях.

«У цэлым гэтыя вынікі не паўплываюць на гэты працэс з гледзішча нашых інтарэсаў і нашага ўзаемадзеяньня з ЗША. Бо нават калі вынікі Рэспубліканскай партыі будуць няўдалымі, асабліва на выбарах у ніжнюю палату Кангрэсу... Усё адно паводле Канстытуцыі прэзыдэнт ЗША ёсьць афіцыйнай асобай, якая выпрацоўвае і ажыцьцяўляе замежную палітыку краіны. З гэтага гледзішча нейкіх вялікіх непрыемнасьцяў нам чакаць ня варта, — сказаў Валянцін Рыбакоў.

Лукашэнка: «Мы з свайго боку сьвята выконваем тое, што абяцалі амэрыканцам»

Разам з Аляксандрам Лукашэнкам даклад Валянціна Рыбакова слухалі прэм’ер-міністар Аляксандар Турчын, генэральны пракурор Дзьмітры Гара, старшыня КДБ Іван Тэртэль і міністар замежных спраў Максім Рыжанкоў. Пра зьмест дакладу паведамленьняў не было.

Аляксандар Лукашэнка перад дакладам сказаў, што вельмі цэніць, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і ягоная каманда надаюць увагу кантактам зь Беларусі.

«Ёсьць зрухі ў шмат якіх пытаньнях. Нягледзячы на тое, што выпінаюцца асобныя праблемы, як яны кажуць, з абменам палітвязьняў на скасаваньне санкцыяў і гэтак далей. Хоць сёньня ў нас на стале шмат і іншых пытаньняў, зьвязаных з пасольствамі і гэтак далей. У тым ліку адносіны Беларусі з Эўразьвязам, што тычыцца таксама і Злучаных Штатаў Амэрыкі», — сказаў Лукашэнка.

«Мы з свайго боку сьвята выконваем тое, што абяцалі амэрыканцам», — заявіў ён і адзначыў, што хацеў бы, каб і амэрыканцы на «на 100% выконвалі дамоўленасьці».

Паводле Лукашэнкі, бакі дамовіліся, «што месяц патрэбны на тое, каб мы дзесьці падцягнуліся, амэрыканцы, як кажуць у народзе, падчысьцілі хвасты і выйшлі на пляцоўку далейшых дзеяньняў».

«Перадайце Джону Коўлу найлепшыя пажаданьні, ягонай жонцы — яркай і вядомай журналістцы. А таксама Дональду Трампу за тую ўвагу, якую ён надае адносінам з намі», — сказаў Лукашэнка.

Што папярэднічала

Кантакты Беларусі і ЗША аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.

Амэрыканскі бок аказвае Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі.

З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.

За час перамоў вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Беларуськалію» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».

На апошняй сустрэчы з Коўлам 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка заклікаў ЗША «няўхільна» выконваць усе дамоўленасьці.

«Адзінае — гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас — каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Так Лукашэнка выказаўся пасьля таго, як прэм’ер Аляксандар Турчын, які таксама быў на сустрэчы з Коўлам, агучыў праблему замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank.

21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.

Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускіх угнаеньняў, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.

21 кастрычніка ЗША зьнялі санкцыі з кіраўніка «Беларуськалія» Андрэя Рыбакова.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG