«Мы заклікаем Эўрапейскі Зьвяз стаць актыўным удзельнікам працэсу вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі. Мы просім выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя сродкі: дыпляматычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу. Няхай гэтыя намаганьні будуць пасьлядоўнымі і скаардынаванымі, а вызваленьне людзей стане пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Менскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларусьсю», — сказана ў звароце, пад якім падпісаліся больш за 70 колішніх палітвязьняў.
Падпісантка звароту: Мы заклікаем эўрапейцаў весьці дыялёг менавіта пра спыненьне рэпрэсіяў
Адна з ініцыятарак адкрытага ліста, былая палітзьняволеная журналістка Марына Золатава на просьбу Свабоды абгрунтавала ініцыятыву жаданьнем актывізаваць працэс вызваленьня.
«Гэты ліст зьявіўся таму, што мы стаміліся чакаць. Мы вельмі перажываем за тых людзей, якія застаюцца ў зьняволеньні», — сказала яна.
Марына Золатава
Марына Золатава дадала, што колішнія палітвязьні, якія падпісалі ліст, спадзяюцца, што іх пачуюць і пачнуць рабіць нейкія крокі ў гэтым кірунку.
«Мы спадзяемся, што эўрапейскія палітыкі прымуць канкрэтныя захады, каб людзі былі вызваленыя. [...] Мы разумеем, што рэпрэсіі не спыняюцца і што ўвесь час гучаць новыя выракі, увесь час новых людзей кідаюць за краты, але мы заклікаем таксама эўрапейскія краіны да таго, каб яны вялі размовы і дыялёг менавіта пра спыненьне рэпрэсіяў», — дадала яна.
«Мне зразумела, што гэта вельмі складанае, вельмі цяжкае пытаньне. Але калі ёсьць імпэт, калі ёсьць жаданьне яго вырашаць, я лічу, што яго можна вырашыць, калі людзі размаўляюць адно з адным, калі яны чуюць адно аднаго, калі калі яны чуюць розныя меркаваньні, зьбіраюць гэтыя меркаваньні і разам выпрацоўваюць нейкія рашэньні», — адзначыла Марына Золатава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Група колішніх палітвязьняў Беларусі заклікала Эўразьвяз больш актыўна ўплываць на працэс вызваленьня зьняволеныхПраваабаронца: ініцыятыва можа паглыбіць раскол у дэмакратычных сілах
Праваабаронца і былы палітвязень Уладзь Лабковіч паведаміў, што аб ініцыятыве даведаўся толькі пасьля публікацыі ліста. «Мне падаецца, гэта памылка з боку арганізатараў, што яны зрабілі гэта максымальна таемна і правялі такую сэпарацыю палітычных вязьняў на тых, хто падпісаў гэты ліст, і тых, хто не падпісаў. Зараз, вядома, кажуць, што ліст адкрыты, да яго можна далучыцца, але ніякіх мэханізмаў далучэньня няма», — сказаў ён Свабодзе.
Уладзь Лабковіч
Паводле яго, ініцыятыва выглядае маніпуляцыйнай.
«Асноўная праблема ў тым, якія мэты перасьледуюць арганізатары гэтага ліста ці тыя, хто за ім стаіць. І гэтыя мэты мне падаюцца дастаткова маніпуляцыйнымі, бо ў гэтым лісьце няма ацэнкі беларускага рэжыму, ён пададзены як нейкая стыхійная зьява, як паводка, зь якой трэба змагацца эўрапейцам і выратоўваць людзей. Пры гэтым не гавораць аб тым, што рэальнымі суб’ектамі, акторамі, якія супраць вызваленьня людзей, зьяўляецца якраз беларускі рэжым», — мяркуе Ўладзь Лабковіч.
Апроч таго, паводле яго, ліст не ўтрымлівае «праваабарончага парадку дня» і можа мець «такі палітычны характар у далейшым паглыбленьні расколу ў дэмакратычных сілах і спробаў уцягнуць эўрапейцаў у безумоўны перамоўны працэс з рэжымам».
Былы дыплямат: ініцыятыва своечасовая
Кіраўнік Агенцтва трансатлянтычнага супрацоўніцтва, былы дыплямат Валер Кавалеўскі назваў гэтую ініцыятыву вельмі своечасовай.
«Я асабіста ня маю да гэтага дачыненьня, але цалкам падтрымліваю яе як заклік да Эўропы, якая мае неабходныя інструмэнты ўплыву, кантралюе важныя інтарэсы для Менску, дзеля таго, каб пачаць працу зь Менскам у вызваленьні палітвязьняў, але таксама і ў спыненьні крымінальнага перасьледу ў Беларусі паводле палітычных матываў», — сказаў Свабодзе Валер Кавалеўскі.
Валер Кавалеўскі
Паводле яго, Злучаныя Штаты займаюцца менавіта тэмай вызваленьня, але пакуль ніхто не займаецца тэмай, як можна спыніць крымінальны перасьлед паводле палітычных матываў у Беларусі.
«Таму я лічу, што Эўропа мае важныя пазыцыі, мае важныя інструмэнты дзеля таго, каб сапраўды праз узаемадзеяньне зь Менскам дамагацца станоўчых крокаў з боку беларускіх уладаў», — мяркуе ён.
Былы палітвязень: Не ператварыць Беларусь у Азэрбайджан
Былы палітвязень Эдуард Пальчыс у допісе ў Фэйсбуку назваў адкрыты ліст да Эўразьвязу «даволі нэўтральным і пазытыўным», але выказаў асьцярогу, што яго могуць выкарыстаць для прасоўваньня ідэі паступовага зьняцьця санкцыяў зь Беларусі.
«І падпісалася шмат добрых людзей. Але чамусьці інтуіцыя мне падказвае, што гэты „адкрыты ліст“ будзе выкарыстоўвацца ў кулюарных размовах з эўрапейскімі дыпляматамі зусім іншымі асобамі», — напісаў Пальчыс.
Ён падкрэсьліў, што пытаньні ў яго ўзьнікаюць не да падпісантаў, а да людзей, якія могуць выкарыстоўваць гэты зварот у палітычных перамовах.
Эдуард Пальчыс
Пальчыс адзначыў, што вызваленьне палітвязьняў павінна заставацца безумоўным прыярытэтам, а місію спэцпасланьніка ЗША Джона Коўла назваў «неверагодна каштоўнай».
«Нашыя хлопцы і дзяўчаты жывуць у пекле. Ламаецца іх здароўе, псыхіка, сем'і, справы, бізнэсы — цалкам усё жыцьцё. Асабліва, калі тэрміны вялікія», — напісаў ён.
Разам з тым Пальчыс скрытыкаваў спадзяваньні, што паступовае зьняцьце санкцыяў аўтаматычна прывядзе да вызваленьня ўсіх зьняволеных і пачатку паўнавартасных перамоваў. Ён нагадаў пра апошні візыт Коўла ў Менск, пасьля якога замест чаканага вызваленьня 200 палітвязьняў на волю выйшлі значна менш людзей.
«Я ня ведаю, якое эга ці тупасьць павінна быць у галаве тых людзей, якія сапраўды думаюць, што вось з вамі нехта проста так сядзе пра нешта размаўляць. Тым больш, калі ў вас не будзе ніякага сурʼёзнага рычагу ціску», — заявіў ён.
Асобна Пальчыс паставіў пытаньне пра вызваленьне ўсіх палітвязьняў, у тым ліку Мікалая Аўтуховіча, фігурантаў ягонай справы і «рэйкавых партызанаў», асуджаных на працяглыя тэрміны.
«Як нам даведацца пра ўсіх? Бо сыстэма стала настолькі непразрыстай, што мы можам ня бачыць новых палітычных вязьняў», — напісаў ён.
Яшчэ адно прынцыповае пытаньне, паводле Пальчыса, як дамагчыся ня толькі вызваленьня цяперашніх палітвязьняў, але і спыненьня новых рэпрэсіяў.
«Як нам спыніць новыя пасадкі? Машына рэпрэсій наладжана і яна хоча жэрці. Кожны дзень КДБ ці ГУБАЗіК кагосьці затрымлівае, прыходзіць да родных, шантажуе, цісьне», — адзначыў ён.
Пальчыс таксама сумняваецца, што ў выпадку новых рэпрэсіяў Эўразьвяз зможа хутка аднавіць скасаваныя санкцыі. Ён зьвярнуў увагу на адрозьненьні паміж мэханізмамі прыняцьця санкцыйных рашэньняў у ЭЗ і ЗША і на тое, што міжнародная палітычная сытуацыя істотна зьмянілася пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Мы павінны выцягнуць усіх — усіх да апошняга», — падкрэсьліў ён.
Аднак, паводле Пальчыса, вызваленьне палітвязьняў не павінна прывесьці да замацаваньня аўтарытарнай сыстэмы, пры якой апанэнтаў уладаў вымушаюць пакідаць краіну, а новыя палітычныя зьняволеныя застаюцца без падтрымкі.
«Але я не хачу, каб усе нашыя ахвяры прывялі да таго, каб Беларусь напрыканцы ператварылася ў Азэрбайджан, лепшыя людзі краіны былі вывезены без магчымасьці спакойна павярнуцца, а новыя палітвязьні сядзелі ўжо без усялякай падтрымкі», — падсумаваў Пальчыс.
Аналітык: агучылі традыцыйныя заклікі, але важны кантэкст
Аналітык Свабоды Валер Карбалевіч мяркуе, што ў лісьце агучаныя «традыцыйныя пажаданьні і заклікі беларускіх апанэнтаў Лукашэнкі пра вызваленьне палітвязьняў, пра спыненьне рэпрэсіяў».
Валер Карбалевіч
«Здавалася б, нічога тут асаблівага няма, але важна разумець кантэкст. У гэтым лісьце ёсьць нейкія тэзы, якія ў пэўным сэнсе ўступаюць ня тое што ў канфлікт, але ў нейкія адрозьненьні ад афіцыйнай пазыцыі офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Там гаворыцца пра стымулы, якія павінен быў бы ўжыць Эўрапейскі Зьвяз у перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам, з рэжымам, які існуе ў Беларусі», — адзначыў Карбалевіч.
Паводле яго, сярод стымулаў, імаверна, маецца на ўвазе скасаваньне ці зьмяншэньне санкцыяў, а таксама патрэба пачуць ня толькі офіс Сьвятланы Ціханоўскай, але і шырэйшы спэктар праціўнікаў Лукашэнкі.
«То бок гэта пэўны жэст, які нібыта імкнецца да таго, каб стварыць нейкі такі пэўны элемэнт апазыцыйнасьці ў адносінах да каманды Сьвятланы Ціханоўскай. Я менавіта так бачу вось гэты дакумэнт. Наколькі ён рэальны і наколькі ён дапаможа вызваленьню палітвязьняў, спыненьню рэпрэсіяў, — цяжка сказаць», — дадаў Валер Карбалевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Спэцдакладчык ААН зрабіў агляд парушэньняў правоў жанчын у БеларусіШто папярэднічала
26 кастрычніка апублікаваны тэкст адкрытага ліста колішніх палітвязьняў да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.
Пад зваротам падпісаліся генэральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітычныя актывісты Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, грамадзкая актывістка Алана Гебрэмарыям, журналісты Ігар Карней, Вольга Лойка, Ірына Слаўнікава і іншыя.
Паводле аўтараў звароту, дыялёг «пра людзей і каштоўнасьці павінен весьціся разам з беларускім грамадзтвам».
«Мы заклікаем ЭЗ слухаць розныя галасы беларусаў, у тым ліку тых, хто прайшоў праз турму, і ўлічваць іх досьвед пры выпрацоўцы рашэньняў. Мы не бяром на сябе ролю судзьдзяў у пытаньнях вялікай палітыкі і паважаем розныя меркаваньні сярод беларусаў пра тое, як лепш дамагчыся перамен. Але ў адным мы адзіныя: за кожным рашэньнем стаяць жывыя людзі. Мы просім вас памятаць пра гэта, калі вы прымаеце рашэньні пра будучыню адносін з Беларусьсю, і зрабіць вызваленьне людзей і спыненьне рэпрэсій прыярытэтам эўрапейскай палітыкі», — ідзецца ў звароце.
Аўтары звароту кажуць, што ён «адкрыты, да яго могуць далучыцца ўсе былыя палітвязьні».