Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група колішніх палітвязьняў Беларусі заклікала Эўразьвяз больш актыўна ўплываць на працэс вызваленьня зьняволеных

Вызваленыя 16 верасьня палітвязьні, якіх выправадзілі ў Літву. Ілюстрацыйнае фота
Вызваленыя 16 верасьня палітвязьні, якіх выправадзілі ў Літву. Ілюстрацыйнае фота

Больш за 70 колішніх палітвязьняў падпісалі адкрыты ліст да лідэраў краін Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі, Швайцарыі і Нарвэгіі з заклікам заняць больш актыўную пазыцыю ў справе вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі.

«Беларусь — адзін з усясьветных лідэраў у колькасьці палітвязьняў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Беларусі іх каля 900, пры гэтым рэальная колькасьць можа быць значна большай. Кожны дзень за кратамі адбірае ў іх здароўе, а ў іхных блізкіх — надзею. За сухімі лічбамі — рэальныя чалавечыя жыцьці, драмы і трагедыі. Прынамсі дзевяць чалавек ужо памерлі ў беларускай турме», — адзначаецца ў лісьце.

Асаблівую ўвагу колішнія палітзьняволеныя зьвярнулі на тых, у каго пагоршылася здароўе, — Вацлава Арэшку, Вольгу Маёраву, Аксану Шаляпіну, Тацяну Колас, Сяргея Кабарчука, Ірыну Мельхер і іншых.

«Мы заклікаем Эўрапейскі Зьвяз стаць актыўным удзельнікам працэсу вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсіяў у Беларусі. Мы просім выкарыстоўваць для гэтага ўсе даступныя сродкі: дыпляматычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу. Няхай гэтыя намаганьні будуць пасьлядоўнымі і скаардынаванымі, а вызваленьне людзей стане пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Менскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларусьсю», — сказана ў лісьце ўжо вызваленых зьняволеных паводле палітычных матываў.

Пад зваротам падпісаліся генэральная дырэктарка TUT.BY Людміла Чэкіна, галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, праваабаронцы Марфа Рабкова і Наста Лойка, палітычныя актывісты Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў, Ірына Злобіна, грамадзкая актывістка Алана Гебрэмарыям, журналісты Ігар Карней, Вольга Лойка, Ірына Слаўнікава і іншыя.

Аўтары звароту кажуць, што ён зьяўляецца «адкрытым, да яго могуць далучыцца ўсе былыя палітвязні».

Што папярэднічала

Цяпер вызваленьне палітзьняволеных адбываецца толькі ў межах беларуска-амэрыканскіх перамоваў, якія аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.

Амэрыканскі бок прадстаўляе Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі. З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.

За час перамоўва вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб зьняцьці санкцыяў зь «Беларуськалію» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020 году, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026 году склала ня менш за 500 тысяч.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на 26 кастрычніка 2026 году прызнаў палітвязьнямі 885 незаконна асуджаных грамадзян, а праваабарончая ініцыятыва dissidentby — 939.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG