Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Беларусі назваў вызваленьне палітвязьняў «мінімальнымі выдаткамі»

Максім Рыжанкоў, архіўнае фота
Максім Рыжанкоў, архіўнае фота

Паводле міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, Аляксандар Лукашэнка не пярэчыць намаганьням ЗША вызваліць беларускіх палітвязьняў.

«Бо гэтыя людзі, прынамсі некаторыя зь іх, ужо ўсьвядомілі свае паводзіны, іншыя адседзелі пэўны час і разумеюць, што лепей зноў туды не трапляць», — патлумачыў Рыжанкоў у інтэрвію расейскаму ашенцтву ТАСС.

«З гледзішча таго, што гэта ўсё ж спрыяе нармалізацыі адносінаў, гэта нават выгадна. І нашыя людзі гэта зразумеюць», — дадаў ён.

Рыжанкоў заявіў, што Менск разьлічвае на ўзаемпаважлівыя адносіны з ЗША без умяшаньня ва ўнутраныя справы.

«Мы чакаем таго, чаго чакаюць усе краіны ў адносінах адна з адной: нармальных, добрых адносінаў, калі ніхто не ўмешваецца ў твае справы, калі з тваімі інтарэсамі гатовыя лічыцца, калі выбудоўваюцца раўнапраўныя, узаемапаважлівыя адносіны і супрацоўніцтва ў розных сфэрах, ад палітычнай да гандлёва-эканамічнай. Вядома, мы чакаем гэтага і ад амэрыканскага боку. Паводле адчуваньняў на сёньняшні момант, амэрыканцы разумеюць такія падыходы», — сказаў ён.

Паводле Рыжанкова, адным з «раздражняльнікаў», якія стрымліваюць разьвіцьцё адносінаў, застаецца пытаньне палітвязьняў. Іхнае вызваленьне ён назваў «мінімальнымі выдаткамі, за якімі стаіць вырашэньне даволі сур’ёзных эканамічных пытаньняў».

Таксама кіраўнік МЗС заявіў, што

  • не выключае візыту спэцпасланьніка прэзыдэнта ЗША Джона Коўла ў Беларусь да канца году;
  • Беларусь гатовая аднавіць вайсковыя каналы сувязі з NATO, калі краіны альянсу прадэманструюць сустрэчную гатоўнасьць;
  • усё больш эўрапейскіх краінаў заяўляюць пра цікавасьць да вайсковага ўзаемадзеяньня або робяць практычныя крокі, каб вярнуць сваіх вайсковых аташэ».

Што папярэднічала

Кантакты Беларусі і ЗША аднавіліся ў 2025 годзе пасьля працяглага пэрыяду жорсткіх санкцыяў і закрыцьця амбасадаў.

Амэрыканскі бок аказвае Джон Коўл, якога прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў сваім спэцыяльным пасланьнікам для Беларусі.

З публічных паведамленьняў вядома, што перамовы вядуцца аб вызваленьні ўладамі Беларусі палітычных зьняволеных у абмен на скасаваньне ЗША эканамічных санкцыяў.

За час перамоў вызвалілі 671 чалавека, але ня ўсе яны былі палітвязьнямі. У абмен ЗША заявілі аб скасаваньні санкцыяў зь «Беларуськалію» і «Белінвэстбанку», а таксама з ААТ «Лакафарба» і канцэрну «Белляспаперпрам».

На апошняй сустрэчы з Коўлам 15 верасьня Аляксандар Лукашэнка заклікаў ЗША «няўхільна» выконваць усе дамоўленасьці.

«Адзінае — гэта не патрабаваньне, гэта мая просьба да вас — каб мы няўхільна выконвалі дамоўленасьць з нашага боку і з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі. Мы нямала дасягнулі дамоўленасьцяў, што датычаць нашых эканамічных дачыненьняў», — працытавала Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Так Лукашэнка выказаўся пасьля таго, як прэм’ер Аляксандар Турчын, які таксама быў на сустрэчы з Коўлам, агучыў праблему замарожаных 43–44 мільёнаў даляраў «Беларуськалію» ў амэрыканскім Citibank.

21 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паведаміў пра ўгоду з Беларусьсю аб пастаўках калію ў ЗША. Допіс ён зьмясьціў на сваёй старонцы ў Truth Social.

«Злучаныя Штаты працуюць над маштабнай угодай аб закупе калійных угнаеньняў у Беларусі. Цана будзе значна ніжэйшай за тую, якую мы цяпер плацім Канадзе, — гэта выдатная навіна для нашых фэрмэраў і жывёлаводаў. Дзякуй за ўвагу да гэтага пытаньня!» — напісаў ён.

Санкцыі зь беларускай калійнай вытворчасьці ЗША канчаткова зьнялі сёлета ў сакавіку, калі Менск вызваліў вялікую групу беларускіх палітзьняволеных. Эўразьвяз у сваю чаргу пакінуў санкцыі ў сіле. Краіны ЭЗ ня проста не набываюць беларускіх угнаеньняў, але і забараняюць іх транзыт праз свае морскія парты.


Чаму гэта важна

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе на тэрыторыі Беларусі, улады якой падтрымалі гэтую агрэсію, практычна без перапынку праводзяць вучэньні вайсковых і іншых ваенізаваных падразьдзелаў.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў аб пагрозах з боку Ўкраіны і іншых суседзяў Беларусі, у тым ліку тэрарыстычнай. Гэта ніводнага разу ня было пацьверджана. Аднак гэтымі заявамі ён абгрунтаваў неабходнасьць разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі і комплексаў «Арэшнік».

Камэнтуючы вайсковыя вучэньні розных відаў фармаваньняў, Лукашэнка кожны раз заяўляе, што Беларусь «рыхтуецца да вайны».


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG