Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найгорш з мэдыцынай — у горадзенскай турме. На канфэрэнцыі ў Вільні прэзэнтавалі рэйтынг беларускіх вязьніц

Турма ў Горадні, архіўнае фота ©Shutterstock
Турма ў Горадні, архіўнае фота ©Shutterstock

Беларускія лекары і праваабаронцы, што працуюць за мяжой, сёлета склалі рэйтынг турмаў і калёній Беларусі з гледжаньня мэдычай дапамогі. Сёньня яго прэзэнтавалі на адмысловай канфэрэнцыі ў Вільні.

Рэйтынг грунтуецца на анкетах 58 былых зьняволеных. Паводле яго, найгорш з мэдыцынай у горадзенскай турме і шклоўскай калёніі.

Дасьледчык з арганізацыі «Лекары за праўду і справядлівасьць», былы турэмны лекар Васіль Завадзкі лічыць невыпадковым тое, што на дне рэйтынгу апынуліся вязьніцы, зьвязаныя са сьмерцямі вядомых палітвязьняў.

Васіль Завадзкі, архіўнае фота
Васіль Завадзкі, архіўнае фота

«Гарадзенская турма, дзе памёр мастак Алесь Пушкін, і шклоўская калёнія, дзе скончылася жыцьцё актывіста Вітольда Ашурка, там апынуліся паводле шмат якіх паказьнікаў. Можна пэўна сказаць, што гэтым вязьніцам уласьцівыя сыстэмныя недахопы пэнітэнцыярнай сыстэмы Беларусі, але ў часы масавых рэпрэсій яны абвастрыліся і дайшло да таго, што людзі там паміраюць, хаця дзяржава мусіць ахоўваць іх здароўе. Таму я і кажу, што няма больш бяспраўнага чалавека ў Беларусі, чым асуджаны».

Але мэдыкі бачаць на прыкладзе вязьніцаў і хібы ўсёй беларускай сыстэмы аховы здароўя, адзначае Васіль Завадзкі.

Наверсе рэйтынгу — жаночая калёнія № 24 у Зарэччы і мужчынская № 22 пад Івацэвічамі.

«Там параўнальна лепшыя мэдычныя ўмовы, але пра тое, як там ужываюць ШЫЗА ды маральна зьдзекуюцца з вязьняў, мы таксама добра ведаем», — заўважае Васіль Завадзкі.

Ён лічыць, што неабходна вывесьці турэмную мэдыцыну з падпарадкаваньня МУС і перадаць Міністэрству аховы здароўя.

Рэйтынг калёній і турмаў

  1. ПК № 24, Зарэчча, Рэчыцкі раён — 64,91%
  2. ПК № 22, Даманава, Івацэвіцкі раён — 64,76%
  3. ПК № 15, Вейна, Магілёўскі раён — 64,20%
  4. ПК № 4, Гомель — 63,19%
  5. ПК № 9, Горкі — 62,65%
  6. ПК № 2, Бабруйск — 62,43%
  7. ПК № 1, Наваполацак — 57,93%
  8. Турма № 8, Жодзіна — 57,38%
  9. ПК № 3, Віцьба, Віцебскі раён — 55,92%
  10. ПК № 14, Навасады, Барысаўскі раён — 55,32%
  11. Турма № 4, Магілёў — 53,55%
  12. ПК № 20, Мазыр — 51,37%
  13. ПК № 17, Шклоў — 47,06%
  14. Турма № 1, Горадня — 43,87%

Менш за 50% — нездавальная арганізацыя мэдычнай дапамогі;
50–60% — неабходныя тэрміновыя захады;
60–70% — здавальняльны ўзровень.

На віленскай канфэрэнцыі, апроч турэмнай мэдыцыны, абмяркоўваюць

  • недахоп мэдычных кадраў і фінансаваньня,
  • пытаньне аховы пэрсанальных зьвестак зь пераходам на лічбавую сыстэму,
  • магчымасьці дабрачыннасьці пасьля нядаўняга ўказу Лукашэнкі,
  • рэфармаваньне беларускай сыстэмы аховы здароўя,
  • страхавую мэдыцыну
  • і іншыя тэмы.

У зьняволеньні застаюцца 15 мэдыкаў-палітвязьняў

Паводле ByMedSol, з жніўня 2020 году 270 мэдыцынскіх працаўнікоў былі затрыманыя альбо на доўгі час пазбаўленыя волі, сярод іх 127 жанчын і 143 мужчыны.

«Некаторых лекараў затрымлівалі да чатырох разоў. У дачыненьні да 52 мэдыцынскіх работнікаў былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, ім пагражала да 9 гадоў няволі. Большасьць мэдыкаў затрымлівалі падчас пратэстаў ці проста на вуліцы, калі іх прафэсія не была відавочная для сілавікоў.

У 12 выпадках людзей забіралі непасрэдна з працоўнага месца ці падчас аказаньня мэдыцынскай дапамогі. Сама меней у 11 выпадках паведамлялася пра ўжываньне фізычнай сілы і зьбіваньне.

Жахліва, але перасьлед мэдыкаў паводле палітычных прычын, у тым ліку крымінальны, працягваецца і ў нашы дні», — расказаў Свабодзе прадстаўнік мэдыяпраекту «Белыя халаты».

Шмат лекараў зьехалі зь Беларусі пад пагрозай перасьледу. Толькі ў Польшчы працуе ўжо больш за тысячу беларускіх мэдыкаў.

Паводле «Вясны», цяпер за кратамі застаюцца 15 мэдыкаў-палітвязьняў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG