Аргентына стала папулярным кірункам, куды пары прыяжджаюць нараджаць дзіця, а потым могуць застацца там жыць. У гісторыі Ксеніі ўсё адбылося наадварот. Яна прыехала ў Аргентыну, перакананая, што больш ніколі ня будзе нараджаць. Але сустрэла мужчыну, закахалася, выйшла замуж і нядаўна ў пары нарадзілася дзяўчынка.
Беларуска Ксенія* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) пераехала жыць у Аргентыну паўтара году таму. Пераяжджала дзеля адукацыі дачкі, якая абрала там унівэрсытэт.
Сябры тады пыталіся ў яе, ці Ксенія не цяжарная і ці ня едзе праз акіян нараджаць. Бо Аргентына — папулярны кірунак, каб прыехаць і нарадзіць там дзіця (birth tourism). Малое адразу атрымлівае аргентынскае грамадзянства па месцы нараджэньня. Гэта дае падставы і для бацькоў з часам легалізавацца ў Паўднёвай Амэрыцы. Аднак Ксенія была перакананая, што пытаньне з нараджэньнем дзяцей для сябе ўжо закрыла. У яе ёсьць старэйшыя дзеці, якіх яна нараджала ў Беларусі. Да таго ж нараджаць яшчэ адно было небясьпечна для ейнага здароўя.
Аднак пасьля пераезду беларуска пачала сустракацца з аргентынцам. Мужчына казаў, што марыць пра сям’ю і дзяцей. Ксенія спачатку адказвала яму, што яна больш не плянуе нараджаць, і што, магчыма, ім лепш разысьціся. Аднак пара вырашыла, што ім важней застацца разам. Каханьне — тлумачыць Ксенія прычыну, чаму зьмяніла сваё стаўленьне.
«Проста там так клясна, арэолам зусім іншым адчуваецца. Каля я бачыла яго (мужа. — РС) і чула, як ён кажа пра гэта (пра дзяцей. — РС), то ўсё больш і больш хацелася. Мы вырашылі: „Паспрабуем, можа, не атрымаецца“», — успамінае суразмоўца.
Неўзабаве пара зацяжарыла. Нядаўна ў Ксеніі і ейнага аргентынскага мужа нарадзілася дачка. Беларуска расказала Свабодзе, як праходзіла цяжарнасьць і роды ў Аргентыне.
Менш аналізаў і аглядаў
Яна адзначае, што абавязку станавіцца на ўлік па цяжарнасьці ў Аргентыне няма.
«Усё на тваім сумленьні», — кажа яна.
Агулам, на думку суразмоўцы, стаўленьне да цяжарнасьці ў Аргентыне больш разьняволенае, чым у Беларусі.
«Тут усё вельмі прыязна, лагодна, з усьмешкамі, з падтрымкай. Ніколі жанчын тут ня будуць пужаць. Як раней: нейкі аналіз не зрабіла, і цябе ўжо як першакляшку прабіраюць», — параўноўвае яна падыходы ў Аргентыне і Беларусі.
Ксенія ўспамінае, як размаўляла з аргентынкай, якая была цяжарнай у трэці раз. І тая ня здолела адказаць на пытаньне, які цяпер у яе тэрмін цяжарнасьці, бо проста не адсочвала гэта.
«Хутчэй за ўсё яна была ў доктара адзін ці два разы, а можа і не», — мяркуе суразмоўца.
Сама Ксенія, зь ейных словаў, наведвала гінэколягаў прыкладна раз у месяц, а бліжэй да родаў — раз на тыдзень. Жанчына заўважае, што за ўвесь час цяжарнасьці яе ні разу не аглядалі на гінэкалягічным крэсьле.
«Тут лішні раз ніхто ня будзе аглядаць. Адзін раз, калі я апынулася на крэсьле, у мяне бралі мазок, бліжэй да родаў. Я не ўзьбіралася на гэтае крэсла з нагамі дагары, а проста на край прылягла. Мазок бралі, не здымаючы майткі. Яна акуратненька адсунула (адзеньне) са словамі „Дазвольце“, палачкай памазала і ўсё», — апісвае працэдуру суразмоўца.
Яна заўважае, што ў аргентынскіх шпіталях патрэбна рабіць менш аналізаў, чым у Беларусі, падчас цяжарнасьці. Іх прызначаюць, толькі калі ёсьць падставы, нейкія складанасьці.
«Няма такога, што трэба прайсьці ўсіх спэцыялістаў, поўны чэк-ап двойчы за цяжарнасьць. Здаецца, што гэта і ня дрэнна. Але ў нас гэта такая фармальнасьць збольшага. Проста займае час. Памятаю, на кроў быў проста стос паперак», — параўноўвае беларуска.
Суразмоўца адзначае, што ёй бліжэй аргентынскі падыход. Калі яна мела патрэбу і зьвярталася да лекара, то той прызначаў ёй дадатковыя абсьледаваньні. Прыкладам, на таксаплазмоз (інфэкцыйнае захворваньне людзей і жывёлаў), бо ў іх дома ёсьць каты.
Ксенія расказвае, што яна назіралася ў паліклініцы, а потым і нараджала па мэдыцынскай страхоўцы, якую мае дзякуючы працы мужа. Амаль усе мэдыцынскія паслугі ў гэтым выпадку для яе былі бясплатнымі. Некаторыя жанчыны ў Аргентыне абіраюць нараджаць не ў прыватных, а ў грамадзкіх шпіталях, бо мэдыцынскае абслугоўваньне там таксама на добрым узроўні. Да таго ж яно бясплатнае. Калі няма страхоўкі, то за час цяжарнасьці і родаў, за мэдыцынскія паслугі ў прыватных шпіталях можна заплаціць каля пяці тысяч даляраў.
«Там (у грамадзкіх шпіталях. — РС), можа, харчаваньне не такое, без дэсэртаў або дэсэрт там прасьцей. Але па частцы мэдыцыны ўсё ў такім жа аб’ёме», — параўноўвае прыватную і грамадзкую мэдыцыну суразмоўца.
Ксенія плаціла толькі за тое, што абірала канкрэтнага лекара і акушэрку, якія суправаджалі роды: каля 200 і 100 даляраў адпаведна. Яна кажа, што гэта традыцыя — даплачваць мэдыкам пэўныя сумы, паводле расцэнак. Максымальныя тарыфы, пра якія яна чула, — 500-600 даляраў. Паводле яе, у шпіталях гэтага не хаваюць і ня робяць патаемнай справай.
Ксенія нараджала ва ўзросьце 39 гадоў. Яна кажа, што ніхто з не казаў ёй, што гэта позьні ўзрост, каб нараджаць. Пры гэтым яна бачыла больш цяжарных свайго ўзросту, чым маладзейшых. І такі ўзрост у краіне лічыцца нармальным, каб станавіцца маці.
Муж на родах — норма
Роля мужа або партнэра ў Аргентыне важная, працягвае аповед Ксенія. Звычайна пара нараджае разам. Калі жанчына нараджае адна — гэта хутчэй выключэньне. Таксама на роды можна ўзяць з сабой ня толькі мужа, але і іншых блізкіх людзей, сяброўку. Побач іх можа быць некалькі адначасова. Але такое дазваляюць звычайна толькі ў прыватных шпіталях. У любых шпіталях, ня толькі радзільнях, звычайна ёсьць канапы або крэслы для тых, хто суправаджае пацыента.
«Каб да цябе прыходзілі, няма ніякіх абмежаваньняў. У нас (у Беларусі. — РС) радзільнае аддзяленьне — гэта закрытая прастора, тут — адкрытая», — кажа беларуска.
Ксенія тлумачыць, што ў Аргентыне не прынята прыяжджаць у радзільню загадзя. На курсах для цяжарных іх вучылі, што варта перачакаць першыя схваткі дома. Ехаць, толькі калі яны будуць адбывацца кожныя пяць хвілін. Ксеніі патрэбна было рабіць плянавае кесарава, але яна ўсё адно паехала ў шпіталь непасрэдна перад родамі.
«Я прыехала да дзьвярэй шпіталя. Яны ўбачылі, што цяжарная. Адразу пасадзілі мяне на крэсла, павезьлі. Спыталі мае дакумэнты і паехалі ў родавае аддзяленьне», — успамінае суразмоўца.
Муж амаль увесь час знаходзіўся побач зь ёй, расказвае Ксенія, сядзеў на крэсьле каля яе галавы. Яго папрасілі толькі на 15 хвілін выйсьці з залі, пакуль рыхтаваліся да апэрацыі. Суразмоўца кажа, што цела жанчыны падчас кесарава амаль цалкам закрываюць. Пакідаюць адкрытым толькі месца, дзе будуць рабіць разрэз. Месца апэрацыі таксама адгароджваюць фіранкай.
У ейным выпадку апэрацыя заняла каля дзьвюх гадзін, бо падчас яе адкрыўся моцны крывацёк, выклікалі дадатковага хірурга. Урэшце ўсё скончылася добра. Падчас родаў самі мэдыцынскія работнікі здымалі на тэлефона фота і відэа працэсу для сям’і на памяць.
«Яны стараюцца максымальна даць бацькам адчуць казачныя моманты», — дзеліцца маці.
Імёны дзяцей на палатах
Пасьля нараджэньня дзіця ўвесь час было з бацькамі. Муж знаходзіўся разам зь сям’ёй у палаце ўсе дні да выпіскі.
«Пасьведчаньне аб нараджэньні дзіцяці пачалі рабіць, калі я прыйшла ў апэрацыйную. Я сяджу на апэрацыйным стале, а яны ў мяне пытаюцца, якое будзе імя, мой адбітак пальцаў. Тут на пасьведчаньні аб нараджэньні бацькі ставяць адбіткі пальцаў і адбітак ножкі дзіцяці», — расказвае маладая маці.
Яна заўважае, што ў радзільных дакумэнтах паўсюль пісалі першым ейнае імя, а на другім месцы — імя бацькі дзіцяці.
Суразмоўца зьвяртае ўвагу, што дзіцяці ў аргентынскіх шпіталях надаюць больш суб’ектнасьці ад нараджэньня. Гэта праяўляецца і ў тым, што адразу афармляюць пасьведчаньне зь іменем. На дзьвярах палаты па жаданьні бацькоў таксама пішуць імя дзіцяці.
«Яны (мэдыкі. — РС) калі ідуць у палату, глядзяць імя дзіцёнка і па імені зьвяртаюцца: „Як там Каталіна?“»
Пасьля нараджэньня дзіцяці маці застаюцца ў шпіталі некалькі дзён. Ксенія заўважыла, што ў аргентынскага мэдпэрсаналу добра адпрацаваныя навыкі догляду за жанчынамі, якія яшчэ ня могуць хадзіць.
«Мяне перакладалі з кушэткі на ложак, паварочвалі, мылі. Адчуваецца, што вельмі адпрактыкавана, спраўна, арганічна, з мінімальнымі высілкамі, з турботай пра чалавека, якога перакладаюць і пра спэцыялістаў, якія гэта робяць», — кажа суразмоўца.
Ксенія расказвае, што ў Аргентыне вельмі прыязна ставяцца да немаўлят. Маладых маці віншуюць на вуліцы незнаёмцы. Яна заўважала гэта яшчэ, калі падпрацоўвала нянькай у Аргентыне.
«Я не магу перадаць, наколькі ўсе тут любяць дзяцей, наколькі шчыра гэта выражаюць, не шкадуючы ні слоў, ні выразу твару», — кажа беларуска.
Яна ўспамінае, што толькі аднойчы адчула, што ў навакольных няма такога захапленьня дзіцём, якім яна апекавалася. Замест яго было проста спакойнае стаўленьне. Гэта было ў расейскамоўнай кавярні ў Буэнас-Айрэсе.
«Адчуваю, нешта ня тое. І я не магу зразумець, што па-іншаму. А потым разумею — там ніхто не захапляецца, не зьвяртае ўвагу: прыйшлі і прыйшлі. У іншым аргентынскім месцы куды б ні зайшоў зь дзіцём, усе расплываюцца ва ўсьмешках. Абавязкова пагушкаюць у вазку, кінуць пару пытаньняў. Я гэты кантраст цяпер моцна адчуваю. Я расказвала ім пра нашыя традыцыі, што на малое дзіця прынята брыдкія словы казаць (ад сурокаў. — РС). У іх быў шок. Думаю, яны не паверылі», — успамінае беларуска.
Форум