Гэта беларусы, якія ваявалі на баку Ўкраіны ці мелі намер гэта зрабіць; ладзілі дывэрсіі на чыгунцы, каб перашкаджаць расейскай ваеннай тэхніцы; перадавалі інфармацыю пра перасоўваньне ваеннай тэхнікі чат-боту «Беларускі Гаюн»; ахвяравалі грошы ў падтрымку Ўкраіны ці проста публічна выказаліся супраць вайны.
Як паведамляе «Вясна», у турмах Беларусі застаюцца палітвязьні, асуджаныя за падтрымку Ўкраіны. Агулам пад крымінальны перасьлед у Беларусі ў сувязі з вайной ва Украіне трапілі як мінімум 419 чалавек. Дагэтуль людзей затрымліваюць і судзяць за перадачу інфармацыі пра перамяшчэньне расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі ў межах «справы Гаюна». Таксама працягваецца завочны перасьлед беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Ўкраіны.
Паводле інфармацыі «Вясны», зь лютага 2022 году за падтрымку Украіны асуджаныя ня менш за 419 чалавек, сярод іх 73 жанчыны. Зь іх 142 чалавекі цяпер за кратамі.
Фактаў такога перасьледу можа быць значна больш, — піша «Вясна».
- Як паведамляюць праваабаронцы, 222 чалавекі асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу) — за перадачу фота і відэафіксацыяў перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі.
- 44 чалавекі асудзілі за «здраду дзяржаве» (арт. 356 КК) — за падтрымку Ўкраіны ў вайне. Яшчэ 17 грамадзян іншых краін у Беларусі асудзілі нібыта за «агентурную дзейнасьць».
- За «тэрарызм» асудзілі 29 чалавек — у межах справаў аб дывэрсіях, у тым ліку на чыгунцы і ў Мачулішчах.
Апроч гэтага, за ахвяраваньні асудзілі 45 чалавек. Іх абвінавацілі паводле арт. 290-1 Крымінальнага кодэксу («фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці») і арт. 361-2 КК («фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня»).
«Справа Гаюна»
«Справа Гаюна» — самая гучная і масавая крымінальная справа, наўпрост зьвязаная з вайной ва Ўкраіне. Перасьлед у справе пачаўся пасьля ўзлому 5 лютага 2025 году бота маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», куды беларусы з 2022 году слалі фота і відэафіксацыі перамяшчэньня расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі. Пасьля таго як база з асабістымі зьвесткамі трапіла да сілавікоў, па ўсёй краіне пачаліся затрыманьні, якія працягваюцца дагэтуль.
Як паведамляе «Вясна», на 22 кастрычніка 2026 году праваабаронцам было вядома пра 141 фігуранта справы, зь іх 41 — за кратамі.
Нядаўна стала вядома, што ў гэтай справе асудзілі 31-гадовага жыхара Хвойнікаў Артура Сыраквашу. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361 4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і прызначылі яму тры з паловай гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Цяпер ён у віцебскай калёніі № 3.
Рэйкавыя партызаны
За кратамі трымаюць 10 палітзьняволеных, якіх затрымалі ў сувязі з дывэрсіямі на чыгунцы. Ніводны «рэйкавы партызан» ня быў памілаваны ці вызвалены ў межах абмену.
Пры затрыманьні ў іх стралялі, іх білі і катавалі. Так, палітзьняволенаму Віталю Мельніку пры затрыманьні прастрэлілі каленныя суставы. 22 сьнежня 2022 году яго асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі паводле пяці крымінальных артыкулаў, сярод якіх «акт тэрарызму».
40-гадоваму Віталю паставілі ў віну, што ён у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады – Барысаў падпаліў рэлейную шафу сьвятлафора аўтаматычнага блякаваньня, чым вывеў з ладу сыстэму сыгналізацыі чыгункі.
Гомельскі абласны суд 27 сьнежня 2022 году вынес прысуд траім мужчынам зь Сьветлагорску (Шацілавічаў) у «справе рэйкавых партызанаў», іх абвінавацілі ў «тэрарызьме» і «здрадзе дзяржаве». Дзяніса Дзікуна асудзілі на 23 гады зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, Зьмітра Равіча — на 22 гады, Алега Маўчанава — на 21 год. Мужчынам паставілі ў віну падпал рэлейнай шафы.
Сяргея Глебку затрымалі ў ноч з 1 на 2 сакавіка 2022 году ў Стоўпцах. Паводле інфармацыі МУС, каб запаволіць рух цягнікоў, мужчына падпаліў бярвёны на чыгуначных каляінах. Супраць Глебкі завялі крымінальную справу за «акт тэрарызму» (арт. 289 КК). Пасьля затрыманьня Сяргея білі — гэта бачна на «пакаяльным відэа». 19 кастрычніка 2022 году ў Менскім гарадзкім судзе Сяргею прызначылі 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў.
Перасьлед за ўдзел у палку Каліноўскага і жаданьне ваяваць на ўкраінскім баку
Яшчэ з пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе беларусы бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на баку Ўкраіны. Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня расейскіх войскаў у 2022 годзе частка беларусаў далучылася да палку Каліноўскага і іншых фармаваньняў, якія ваююць у складзе Сілаў абароны Ўкраіны.
За ўдзел у палку Каліноўскага і жаданьне ваяваць на баку Ўкраіны паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяньнях без упаўнаважаньня дзяржавы» ці рыхтаваньне да такога ўдзелу) у Беларусі асудзілі 42 чалавекі. У «справе палку Каліноўскага» асудзілі 23 чалавекі. На гэты момант у месцах няволі ў Беларусі трымаюць былых ваяроў Васіля Верамейчыка, Максіма Ралько і Андрэя Сяргеева.
Нядаўна сваю гісторыю расказаў асуджаны паводле гэтага артыкулу 50-гадовы гомелец Аляксандар Айнутдзінаў.
Завочны перасьлед
У Беларусі працягваюцца спэцыяльнае (завочнае) вядзеньне справаў супраць беларускіх ваяроў ва Ўкраіне і ціск на іхных сваякоў. У сувязі з вайной ва Ўкраіне вынесеныя 37 завочных прысудаў на добраахвотнікаў і актывістаў, якія цяпер за мяжой.
У пачатку кастрычніку ў Беларусі пачалі спэцыяльнае вядзеньне супраць пяцёх добраахвотнікаў: Аляксандра Буцько, Арцёма Войніча, Аляксандра Грыба (Грыгор’ева), Алега Калуша і Яўгена Лістапада.
14 верасьня Менскі гарадзкі суд вынес завочны прысуд пяці беларусам. Юрыя Макітава асудзілі на 20 гадоў калёніі, Крысьціну Станкевіч, Міхаіла Чупрынскага, Мікалая Бойку і былую палітзьняволеную Натальлю Нікіціну — на 12 гадоў. Ім інкрымінавалі шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 285 («удзел у злачыннай арганізацыі»), ч. 2 арт. 290-5 («удзел у тэрарыстычнай арганізацыі»), ч. 1 арт. 357 («змова або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу ўлады»), ч. 3 арт. 361-1 («удзел у экстрэмісцкім фармаваньні»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-3 («удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяньняў, вэрбаваньне або рыхтаваньне асобаў да такога ўдзелу»), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і арт. 361-5 («праходжаньне навучаньня або іншай падрыхтоўкі для ўдзелу ў экстрэмісцкай дзейнасьці»).