Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На месцы адарванай канцавіны я адчуваў згустак чыстага болю». Як беларус страціў на вайне нагу, але вярнуўся ў батальён Каліноўскага


Аляксей Назараў
Аляксей Назараў

Аляксей «Псыхоляг» Назараў ад 2014 году ваюе ва Ўкраіне. 3 сакавіка 2022 году ў баях за Бучу ў Кіеўскай вобласьці, дзе загінуў Ільля «Літвін», беларус атрымаў раненьне, якое прывяло да ампутацыі нагі. Праз два месяцы рэабілітацыі ён вярнуўся ў шэрагі баявых пабрацімаў.

У вялікай гутарцы са Свабодай Аляксей расказаў, як трапіў у «Азоў», пра страту нагі і фантомныя болі, а таксама падзяліўся бачаньнем, ці пераможа Ўкраіна ў вайне.

«Я амаль нічога ня ведаў пра Ўкраіну»

— Аляксей, раскажыце крыху пра сябе.

— Я беларус. Нарадзіўся і жыў увесь час у Менску. Працаваў на розных будаўнічых аб’ектах. Пачынаў вучыцца ў Вышэйшым радыётэхнічным каледжы па спэцыяльнасьці «праграміст». Калі б ня кінуў вучобу, то магла б быць высокааплатная прафэсія.

— Ці былі вы ў нейкіх апазыцыйных структурах, ці можа ў фанацкіх?

— Не, нідзе ня быў. Яшчэ на этапе сталеньня разумеў, што палітычнае жыцьцё ў Беларусі мёртвае, і спробы яго рэанімаваць ні да чога добрага не прывядуць. Разумеў, што Лукашэнка пабудаваў дастаткова моцную сыстэму.

— Ва Ўкраіну вы прыехалі ў 2014 годзе?

— Так, напрыканцы году. Перад тым я пазнаёміўся з хлопцамі, якія бралі ўдзел у падзеях на Майдане, частка зь іх была ўжо ў «Азове». Я прыехаў да іх, каб атрымаць крыху больш інфармацыі знутры. Прыкладна тады ж і захацеў там застацца. Мяне вельмі натхніў Майдан у свой час. Мне тады здалося, што хоць адна краіна СНД зможа заваяваць незалежнасьць ад Расеі, стварыць вольную краіну.

— Вас нешта зьвязвала тады з Украінай?

— Абсалютна не, я амаль нічога ня ведаў пра гэтую краіну. Ніякіх сымпатый і прывязанасьцяў да Ўкраіны ў мяне не было, як і сваякоў адсюль.

Аляксей Назараў
Аляксей Назараў

«Такіх жорсткіх калатнечаў тады не было»

— Вы трапілі ў «Азоў». Якія ўражаньні былі ад батальёну?

— Самыя пазытыўныя. Я трапіў у «Азоў» ужо да сваіх, да беларусаў, якія там былі. У іх была магчымасьць стварыць вучэбна-трэніровачны лягер у Кіеве, дзе рэкруты праходзілі першы этап падрыхтоўкі перад палком. Дастаткова хутка стаў адным з інструктараў у «Азове». У ваенным пляне гэта быў паўактыўны пэрыяд, калі наступальных дзеяньняў ужо не вялося, але ішла абарона Шырокіна. Пэрыядычна езьдзілі на баявыя выезды.

— З той вайны што запомнілася найбольш?

— У памяці дакладна засталося ўсё. Вайна і вайна. Такіх жорсткіх калатнечаў, як у гэтую вайну, тады не было. Блізкіх кантактаў, блізкіх баёў я тады ня бачыў.

— З Ільлём «Літвінам» тады ж пазнаёміліся?

— Так, ён таксама працаваў пры «Азове». Мы ўсе былі блізкімі сябрамі. Гэта быў вельмі актыўны і вельмі адважны чалавек. Ён быў адным зь першых беларусаў, хто паехаў на вайну, трапіў у «Азоў». Ён браў удзел у штурме Ілавайску і Мар’інкі, вызваленьні Марыюпалю. Падтрымлівалі кантакт, вядома, нават пасьля звальненьня з «Азову» засталіся сябрамі.

«Псыхоляг» і «Кіт» — беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне.
«Псыхоляг» і «Кіт» — беларускія добраахвотнікі ва Ўкраіне.

«Скрупулёзна дапытваў навабранцаў»

— Адкуль у вас такі цікавы пазыўны — «Псыхоляг»?

— Зьвязаны з маёй прафэсійнай дзейнасьцю. Я праводзіў апытаньні тых, хто прыбываў у полк, допыт быў даволі шырокі, скрупулёзны. Складаў пэўны псыхалягічны партрэт чалавека. І ўжо на падставе ў тым ліку маіх характарыстык мы прымалі рашэньне, ці падыходзіць нам чалавек. Калі ўзьнікалі нейкія спрэчныя моманты, скажам, у біяграфіі, то я зь імі разьбіраўся.

— Вы мелі прафэсійныя веды наконт гэтага ці ўсяму вучыліся самі?

— Проста я такі чалавек, які мае да гэтага схільнасьць. Калі груба сказаць, то мне цікава дазнавацца пра людзей.

— Калі сышлі з «Азова», то чым зараблялі на жыцьцё?

— Шмат працаў было. І ахоўныя фірмы, і будаўнічая дзейнасьць, і рамонт кампутараў. Так ці інакш сувязь з «Азовам» падтрымліваў увесь час.

— Пасьля вайны ўлівацца ў цывільнае жыцьцё складана?

— Канкрэтна мне было няцяжка. Магчыма, камусьці было цяжка. Ніякіх сур’ёзных псыхічных стрэсаў у мяне не было праз вайну. І я, і мае сябры ня мелі праблем з уліваньнем у цывільнае жыцьцё.

Баайцы са страчанымі нагамі. Пасьля выпіскі
Баайцы са страчанымі нагамі. Пасьля выпіскі

«Кветачкамі такую ўладу ня скінеш»

— За падзеямі ў Беларусі з Украіны часьцей сачыць ня сталі?

— Канечне, часам было цікава. Але я разумеў: каб адбыліся перамены ў Беларусі, патрэбныя перамены ў Расеі. Крэмль бы ўсё адно не дазволіў рэвалюцыю ў Беларусі.

— І ў 2020 годзе ня верылі ў перамогу?

— Не. Мабыць, нідзе ў гісторыі чалавецтва людзі не атрымлівалі свабоду, не праліўшы ні кроплі крыві і поту. Такога проста не існуе. За свабоду трэба змагацца, за яе трэба ахвяраваць. Але я бачыў, што на той момант ніхто ахвяраваць сабой не хацеў. Мірным шляхам, кветкамі такую ўладу ня скінеш — гэта немагчыма. Магчыма, у першыя дні была надзея на паўтарэньне Майдану, але ўбачыў, што такіх тэндэнцый няма. І ўсё рана ці позна загасьне, незалежна ад колькасьці людзей.

— Бел-чырвона-белы сьцяг для вас важны сымбаль?

— Натуральна. Я ж лічу сябе беларусам і мэнтальна, і культурна. Зь нейкага этапу стаў шмат цікавіцца гісторыяй.

«Іх ідэя-фікс — адрадзіць СССР на чале з Расеюшкай»

— 24 лютага 2022 году як вы сустрэлі?

— Я тады жыў на правым беразе Дняпра ў Кіеве, а прачнуўся ад таго, што пачуў, як узарвалася ракета на левым беразе. Разам з жонкай сабралі рэчы, ката, выйшлі з дому. Жонка з катом паехалі ў адно месца, а я ў іншае. У нас з хлопцамі з «Азова» ўжо быў плян, як мы будзем дзейнічаць. Пачалі фармаваць баявыя роты зь людзей, якія ўжо былі ў «Азове» раней.

— Верылі, што вайна будзе?

— Канечне. Яшчэ на фазе «Менскіх дамоўленасьцяў» мне было ясна, што Расея гэта так не пакіне. Мне здаецца, вярхі расейскай улады моцна адарваныя ад рэальнасьці. Яны меркавалі, што зойдуць ва Ўкраіну як у Крым, дзе іх будуць сустракаць кветкамі. Думалі, што хуценька паставяць кіраўніком краіны Медзьведчука, але такіх настрояў ва Ўкраіне ніколі не было. Яны не ўспрымаюць Украіну і Беларусь як дзяржавы. Іх ідэя-фікс — адрадзіць СССР з Расеюшкай на чале.

— Тая апэрацыя на мяжы Бучы і Ворзэля, дзе вас паранілі, была першай для вас у другую кампанію?

— Не. Ад моманту аднаўленьня вайны нашы баявыя роты зь ліку больш падрыхтаваных людзей, вэтэранаў, езьдзілі па вобласьці, выконваючы розныя заданьні. Але да непасрэдных баёў справы тады не даходзілі. Мы былі і ў Гастомелі, і на аэрадроме Васількоў. У Васількове была высадка расейскага дэсанту, але яна была нешматлікая, і яе атрымалася хутка падавіць бяз нашага ўдзелу.

Аляксей «Псыхоляг» Назараў
Аляксей «Псыхоляг» Назараў

«Амаль цалкам адарвала нагу»

— Як вы атрымалі раненьне?

— Гэта было 3 сакавіка. Нас адправілі ў Бучу, дзе на месцы мы павінны былі зразумець сытуацыю: дзе нашы войскі, дзе праціўнік, што належыць нам, што ім, колькасьць войскаў. У нас быў выведны ўзвод у складзе 25 чалавек. З намі быў Дзяніс «Кіт» і Ільля «Літвін». Ільля быў першым нумарам гранатамётчыка, «Кіт» — другім. А я быў другім нумарам кулямётчыка-ўкраінца.

Гэта быў край Бучы, дарожная разьвязка. Калі мы прыбылі туды, то сталі чакаць калёну расейскай тэхнікі, назіралі за ёй праз оптыку, карэктавалі па іх нашу артылерыю. Нашай задачай было прыняць першую калёну, уступіць зь імі ў бой. А пасьля непрацяглага бою адысьці, бо выведная рота проста фізычна не магла весьці працяглы бой.

Падрыхтавалі месца для адбіцьця атакі калёны, распрацавалі маршрут адступленьня. Але расейская калёна аказалася ў некалькі разоў большая, чым мы чакалі. Там было восемдзесят адзінак тэхнікі і адзін ці два батальёны пяхоты.

Яны паехалі па тыльным баку дарогі, цалкам нас адрэзаўшы. Калі нашы сталі працаваць па калёне, то падбілі першую тэхніку гранатамётамі, у мяне завязаўся бой зь пяхотай, якая стала высаджвацца з «Уралаў». Я зьнішчыў некалькі адзінак тэхнікі і некалькі праціўнікаў.

Мы прыкрывалі кулямётамі адыход нашай групы ў гатэльны комплекс Villa San Marino. Рацыі ўсе накрыліся, я пабег дакладваць камандзіру аб баі, які ў нас завязаўся. Камандзір прыняў рашэньне, што мы знаходзімся ў акружэньні, таму мусім заняць кругавую абарону.

Калі закрывалі ўсе сэктары, то па нас сталі працаваць з танку. Калі прыляцеў першы снарад з танку ў дом, дзе мы знаходзіліся, сьмяротна параніла «Літвіна». Я дапамагаў іншаму параненаму таварышу, накладаў турнікет, аглядаў яго, прыводзіў у стабільны стан. Тады я яшчэ ня ведаў, што Ільля таксама паранены.

Дом быў кардонна-шкляны, таму нам давялося выносіць параненых і шукаць больш трывалае ўкрыцьцё, заставацца там было небясьпечна. Танк працаваў з адлегласьці менш як кілямэтар. Як толькі мы выйшлі на вуліцу з мэтай перамяшчэньня, адбыўся другі стрэл з танку. Гэты стрэл параніў каля дзесяці чалавек, у тым ліку мяне.

Мне амаль цалкам адарвала нагу. Я прысеў, паглядзеў характар пашкоджаньняў, наклаў турнікет, каб не памерці ад страты крыві, і пачаў паўзьці ў бясьпечнае месца. Не працавала паўнавартасна левая рука, яна была перабітая, толькі некалькі пальцаў рухаліся.

«Фізычнага болю тады не адчуваў»

— Прытомнасьць вы ня трацілі?

— Не, калі б страціў, то, думаю, там бы і застаўся. Гэта зусім не варыянт — траціць прытомнасьць. Мне крыху дапамаглі адпаўзьці. У больш бясьпечным месцы я запісваў відэа на тэлефон, бо не разумеў, ці атрымаецца выбрацца адтуль. Гэта былі, мабыць, разьвітальныя відэа. Чакаў разьвязкі сытуацыі, спрабаваў камунікаваць зь людзьмі, ці вывезуць нас адтуль.

Камандзіры прынялі рашэньне аб эвакуацыі. Самых цяжкараненых пагрузілі ў бусікі, і нам удалося адтуль выехаць, бо ўтварылася маскіровачнае для нас укрыцьцё: гарэла падбітая расейская тэхніка, і мы схаваліся ў дымавой завесе.

Фізычнага болю я тады не адчуваў. Мабыць, мозг у той момант выкінуў столькі адрэналіну, што змог увесь боль заглушыць.

— Вы тады ўжо разумелі, што страціце нагу?

— Так, зразумеў яшчэ ў той момант, калі стаў сябе аглядаць, чаму я не магу ўстаць зь зямлі. Убачыў, што нага вісіць на шматках скуры, а зрэз ад танкавага аскепка прайшоў роўна па каленным суставе. Такое ўжо не рэстаўраваць. Частка костак паляцела ў невядомым кірунку, частка — трапіла ўнутр. Тое, што заставалася ад нагі, было ня вельмі эстэтычнае. Я разумеў, што гэта ўжо нельга прышыць.

— Вы кажаце, што перад раненьнем змаглі зьнішчаць тэхніку праціўніка?

— Так, яны яшчэ тады не пасьпелі раскласьціся ў бой. Праціўнікі сьпешваліся, пасьля таго як мы падбілі іх першую тэхніку. І таварышы, і я адкрылі агонь па пяхоце, я бачыў, як падаюць целы. Калі па нас стала працаваць тэхніка, то сталі адыходзіць, тым больш канчаўся боекамплект. За дзесяць хвілін бою ў мяне сышло 80% боекамплекту як аўтаматчыка, таксама скончыліся два з трох корабаў ад кулямёта. Мы не маглі весьці бой бясконца, як у кампутарных гульнях.

— Дзяніс «Кіт» расказваў Свабодзе, што гэта быў цуд, калі яны сышлі жывымі з гэтага гатэльнага комплексу.

— Калі я толькі ачуняў пасьля ампутацыі, то першым чынам спытаўся, дзе цяпер хлопцы, ці засталіся яны жывыя. На наступны дзень дазнаўся, што зь імі ўсё нармальна. Я разумеў, у якой сытуацыі засталіся, быў уражаны, што яны 12 гадзін яшчэ трывалі бой. Звычайна ў такіх сытуацыях ніхто не выжывае.

Аляксей Назараў
Аляксей Назараў

«Марфін ужо не дапамагаў»

— Што з вамі адбылося пасьля?

— Была ампутацыя ў кіеўскай бальніцы, зачышчалі рэшткі касьцей. Сфармавалі з нагі кульцю, стабілізавалі мой стан, рабілі пераліваньні крыві, плязмы, давалі антыбіётыкі. У другой бальніцы ўжо потым рабілі перавязкі і праз кропельніцы ўводзілі ў арганізм розныя мінэралы. Калі стан стабілізаваўся, то пачаў займацца рэабілітацыяй для далейшага пратэзаваньня — гэта падрыхтоўка мышцаў і зьвязак. Для мяне як для чалавека, які апошнія сем гадоў займаўся спортам актыўна, гэта было прасьцей зрабіць. У мяне ампутацыя была вышэй за калена — гэта складаная сыстэма пратэзаваньня. Шмат залежыць ад чалавека, ці ён гатовы прайсьці праз усе этапы болю, ці не.

— Фантомныя болі былі?

— Так. Гэта вельмі непрыемная штука. Гэта ня нейкая там псыхасаматыка, а сапраўдны фізычны боль, які суправаджае цябе на працягу доўгага пэрыяду часу. У мяне яны засталіся да гэтай пары. Першы час было нясьцерпна, таму я ўвесь час быў пад апіятамі, пад марфінам. Урэшце нават апіяты перасталі дапамагаць, таму я вырашыў зь іх зьлезьці, каб цалкам ня гробіць арганізм.

— Боль адчуваецца на месцы, дзе была нага?

— Усё так. Віды болю ва ўсіх індывідуальныя. Нехта адчувае, як яму выкручваюць нагу, хтосьці — як яе рэжуць. У мяне было адчуваньне, што на месцы адарванай канцавіны нейкі згустак чыстага болю, я ня мог бы сказаць, ці гэта галёнка, ці калені. Гэта ныючы, пастаянны боль, які не спыняецца.

«Мозг цэлы, значыць, магу дапамагаць»

— Чаму вы вырашылі вяртацца на вайну? Далучыцца да батальёну Каліноўскага?

— Структуру зрабілі мае сябры, зь якімі я правёў усе гады ва Ўкраіне. У мяне і думкі не было, каб ня быць зь імі. Я адразу разумеў, што хопіць ляжаць на бальнічным ложку, а трэба дапамагаць хлопцам з арганізацыяй.

— Не было такіх думак, што для вас вайна скончылася, хопіць ужо?

— Канечне, не. Я ж жывы, усё ў парадку. Мозг цэлы, значыць, шмат чым дапамагчы магу. Страта адной нагі — гэта ня так страшна.

— Беларус Арцём «Грот» пасьля страты нагі стаў чэмпіёнам Украіны па джыў-джыцу.

— Прыклад таго, што пасьля страты нагі можна функцыянаваць. Гэта не канец жыцьця. Так, ёсьць нейкія абмежаваньні, але гэта ня ставіць крыж на вайсковай ці спартовай кар’еры.

— Вы перасоўваецеся пакуль з мыліцамі?

— Ужо з адной. Пасьля пастанаўленьня пратэзу трэба паступова ўваходзіць у рытм. Праз пару тыдняў мне замест мэханічнага паставяць электронны. Згіб на месцы калена цяпер будзе адбывацца не за кошт мэханічных намаганьняў, а пасьля пад’ёму бядра.

«Беларусі патрэбная новая эліта»

— Які настрой цяпер у батальёне?

— Выдатны. Да нас едуць тыя, хто разумее, чаму яны тут і чым могуць займацца. Усе праходзяць этап падрыхтоўкі, і па выкананьні заданьняў вызначаем роты, куды іх можна адправіць. Да нас далучаюцца і цывільныя спэцыялісты: мэдыйшчыкі, лягісты.

— Якое вашае стаўленьне да Лукашэнкі?

— Такое ж, як ва ўсяго беларускага народу. Ён даўно сябе зжыў у якасьці прэзыдэнта. Беларусі патрэбныя новыя твары, новая эліта. Шмат што залежыць ад Расеі. Пакуль Украіна не пераможа ў гэтай вайне — свабоды ў Беларусі ня будзе.

— Украіна пераможа ў вайне?

— Калі ўсе будуць прыкладаць патрэбныя намаганьні, то так. У нас кожны разумее, дзеля чаго ваюе, у расейцаў гэтага няма. Плюс Украіне зараз дапамагае ўвесь сьвет — патэнцыял для перамогі вялізны. Калі пераможа? На гэта адказаць не магу. Думаю, нас яшчэ чакаюць да перамогі кроў, пот і сьлёзы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG