Як не зламацца ў турме: досьвед Паўла Севярынца і Ігара Лосіка

Архіпэляг БЕЛАГ. Былыя палітвязьні Павал Севярынец (справа) і Ігар Лосік (у цэнтры). Ілюстрацыйны каляж

У апошнім эпізодзе другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» былыя палітычныя вязьні расказваюць пра тое, што дапамагло ім выжыць за кратамі. Прапануем гісторыі былых палітвязьняў Паўла Севярынца і Ігара Лосіка.

Павал Севярынец: маўчаць, берагчы цяпло і ня страчваць сэнсу жыцьця

Былы палітвязень Павал Севярынец зьведаў не адно зьняволеньне ў часы кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі — агулам каля 11 гадоў. Апошні тэрмін, большы за пяць гадоў, пачаўся 7 чэрвеня 2020 году затрыманьнем пасьля перадвыбарчага пікету і скончыўся 13 сьнежня 2025 году. Севярынец выкладае свае правілы выжываньня у вязьніцах Беларусі.

Першае правіла, якое Павал Севярынец раіць засвоіць чалавеку, які трапіў у турму ў Беларусі, — менш гаварыць.

«Усё, што ты скажаш, ня толькі можа быць выкарыстана супраць цябе, яно будзе выкарыстана супраць цябе так ці інакш. Таму лепей за ўсё маўчаць. Маўчаньне — гэта сябар, які ніколі ня здрадзіць», — кажа былы палітвязень.

Паводле Севярынца, ня варта траціць пільнасьць нават у размовах зь людзьмі, якія здаюцца знаёмымі, падзяляюць твае погляды і выказваюць падтрымку. У турме чалавек ня можа быць упэўнены, што размова застанецца прыватнай.

«У большасьці выпадкаў за табой назіраюць, цябе запісваюць, правяраюць тваю псыхалягічную рэакцыю і наколькі зьмяніліся або дэфармаваліся твае погляды», — тлумачыць ён.

Таму Севярынец раіць абмяжоўваць размовы бытавымі тэмамі і не дзяліцца асабістай інфармацыяй. Другое правіла — старацца кантраляваць эмоцыі, бо, паводле Севярынца, у турэмных умовах кожную эмацыйную рэакцыю могуць выкарыстаць для ціску або правакацыі. Севярынец прапануе ўнутрана наладзіць сябе на тое, каб не рэагаваць на кожную непрыемнасьць.

«Ты трапляеш у турму — ты флегматык. Табе абыякава, што адбываецца, ты мусіш вырашыць для сябе: калі надышоў час памерці, Госпадзе, я годна пражыву апошнія дні».

Гэтая ўстаноўка, паводле яго, дапамагае пераключыць увагу з абставінаў, якія немагчыма зьмяніць, на тое, што чалавек яшчэ можа кантраляваць: уласныя паводзіны, думкі і штодзённыя звычкі. Нават калі ўмовы зняволеньня выглядаюць прыніжальнымі, Севярынец раіць не адмаўляцца ад догляду за сабой.

«Трэба старацца трымаць сябе ў чысьціні, наколькі гэта магчыма, трымаць у чысьціні камэру. Гэта пакуль дом, у якім даводзіцца быць».

Севярынец таксама раіць ашчадна ставіцца да ежы і прадметаў першай неабходнасьці. У турме немагчыма ведаць, калі наступны раз удасца атрымаць патрэбныя рэчы або прадукты. Ён лічыць важнымі ўзаемадапамогу і салідарнасьць, але заклікае ня траціць асьцярожнасьці.

«Варта, вядома, дапамагаць адно аднаму, але тут таксама паводзіць сябе стрымана. Бо ёсьць і спэцыяльна навучаныя людзі, ёсьць і людзі, якія бессаромна проста забіраюць у палітычных, якія трапляюць у турму. Тут трэба проста мець розум, дапамагаць, але з галавой».


Турма — гэта ня толькі чаканьне вызваленьня

Яшчэ адна парада Севярынца — паспрабаваць знайсьці сэнс у часе, які мусіш праводзіць за кратамі.

«Трэба разумець, што галоўнае пытаньне — гэта не „за што мяне сюды пасадзілі“, а „дзеля чаго“. І калі Бог дае магчымасьць правесьці доўгі час у турэмным зьняволеньні, яго трэба выкарыстоўваць папоўніцы».

Паводле яго, турэмнае зьняволеньне можа стаць часам для чытаньня, развагаў і творчасьці — заняткаў, на якія раней не хапала часу. Для самога Севярынца як верніка асаблівую ролю адыгрывала малітва. Ён згадвае горадзенскую турму, якая перш будавалася як езуіцкі кляштар.

«То бок ты знаходзісься там, дзе Бог даў знаходзіцца на гэты момант. Ты молісься, абдумваеш, атрымліваеш нейкія адкрыцьці ад Бога, можаш пісаць, можаш чытаць, можаш маляваць, можаш нешта пераслаць родным. Усё гэта трэба і варта выкарыстоўваць».

Севярынец раіць захоўваць спакой і ў стасунках з прадстаўнікамі турэмнай адміністрацыі. На яго думку, ня варта самастойна правакаваць сытуацыі, якія могуць цягнуць за сабой дадатковыя пакараньні.


ШЫЗА: як вытрымаць холад і бяссонныя ночы

Асобная частка турэмнага досьведу Севярынца — штрафны ізалятар.

«Звычайна ШЫЗА — гэта месца, дзе холадна. Нават улетку. Калі ёсьць магчымасьць абуць боты, іх лепш абуваць. У абсалютнай большасьці ШЫЗА не дазваляецца апранацца ўцеплена, там проста тонкая вопратка, але засьцерагацца ад холаду і вільгаці можна спэцыяльнымі рэчамі. Можна добра прыбрацца, гэта дапамагае. Прыборка разагравае сама па сабе, можна прыбірацца і раз, і два, акрамя абавязковай прыборкі ў камэры».

Ён раіць выціраць насуха ўмывальнік, каб вада не выпаралася і не павялічвала вільготнасьць паветра. Калі ёсьць магчымасьць, камэру варта хутка праветрываць, не дапускаючы, каб яна занадта астыла: «Берагчы літаральна любы градус цяпла, любую кроплю гэтага цяпла». Найцяжэйшымі ў ШЫЗА Севярынец называе ночы. Праз холад чалавек ня можа нармальна спаць, прачынаецца зьнясіленым, а наперадзе чакае яшчэ адна бяссонная ноч.

«Уначы многія пачынаюць панікаваць, бо ноччу немагчыма выспацца ад холаду. Прачынаесься разьбіты, а наперадзе яшчэ адна такая ноч, потым яшчэ адна, і на чацьвёртыя-пятыя содні могуць пачацца галюцынацыі».

Холад, стома і брак сну, паводле яго, ствараюць надзвычай цяжкі стан, у якім чалавеку ўсё складаней захоўваць псыхалягічную ўстойлівасьць. Севярынец расказвае, што спрабаваў даць сабе рады з дапамогай фізычных практыкаваньняў, якія дазвалялі разагрэць цела. Калі адціскацца было немагчыма, ён напружваў цягліцы рук і ног, лічачы паўторы.

«Уначы я стараўся рабіць такія практыкаваньні. Калі не дазволена адціскацца, то прынамсі рабіць такія скарачэньні цягліцаў рук і ног, рабіць іх 100–200, лічыць пры гэтым. Цела разаграваецца, і ад стомы, ад зморы ты адключаесься».

Паводле Севярынца, нават кароткія прамежкі сну дапамагалі яму хоць крыху аднавіць сілы. Калі холад зноў будзіў яго, ён паўтараў практыкаваньні.

«На 10–15 хвілінаў адключаесься, мозг пасьпявае правесьці так званую фазу хуткага сну. Потым ад холаду прачынаесься зноў, пачынаеш наступнае практыкаваньне. Калі чаргуеш гэтыя практыкаваньні, можна ўхапіць дастаткова сну для таго, каб проста пратрымацца».

Ён згадвае, што ў зімовыя ночы ў ШЫЗА яму даводзілася рабіць сотні паўтораў, каб не замерзнуць.

«Бывалі ночы зімой у ШЫЗА, калі мне даводзілася па 600–700 разоў за ноч — я лічыў адмыслова — адціскацца або рабіць больш за тысячу вось гэтых скарачэньняў цягліцаў, для таго каб сагрэцца».

Паступова, паводле Севярынца, арганізм прыстасоўваўся да надзвычай цяжкіх умоваў.

«Можна прывыкнуць і да гэтага. У нейкі момант разумееш, што арганізм перабудоўваецца. Госпад даў нам дасканалае цела, якое можа прызвычаіцца нават да такіх нялюдзкіх умоваў. Нават у іх можна жыць. І вось калі гэта ведаеш, тады не палохаесься, тады не панікуеш і пачынаеш разумець, што трэба пратрымацца да такога і такога часу».


Ігар Лосік: «Каб я не адчуваў гэтай падтрымкі, было б нашмат горш»

Ігар Лосік правёў за кратамі 1904 дні. Журналіст Свабоды — адзін з групы палітвязьняў рэжыму Лукашэнкі, вызваленых 11 верасьня пасьля перамоваў прадстаўнікоў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа з афіцыйным Менскам. Ігара Лосіка арыштавалі за паўтара месяца да дня прэзыдэнцкіх выбараў. Журналіста судзілі разам з папулярным блогерам і патэнцыйным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеем Ціханоўскім, апазыцыйным палітыкам Міколам Статкевічам і іншымі вядомымі палітвязьнямі. Лосіка асудзілі на 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, абвінаваціўшы ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальваньні варожасьці». У наваполацкай калёніі, адной з найбольш жорсткіх пэнітэнцыярных установаў Беларусі, Лосіку дапамагалі выжыць кнігі. І ня толькі.

«Я атрымліваў лісты, да мяне прыходзіў адвакат, я адчуваў падтрымку ад тысяч беларусаў, бо я сотнямі лісты атрымоўваў. Яшчэ некаторыя газэты хадзілі, і я даведваўся навіны, што адбываецца, асабліва калі галадоўку трымаў», — расказвае Лосік.

Ён верыў, што ня будзе сядзець увесь прызначаны яму тэрмін, і спадзяваўся на вызваленьне.

«Я, вядома, думаў, што гэта раней усё адбудзецца, але яно расьцягнулася на пяць год. Але ўсё роўна не адседзеў увесь тэрмін. І думкі пра тое, што цябе чакаюць, пра цябе пішуць, што цябе падтрымлівае ўвесь сьвет, твае сябры, калегі, звычайныя беларусы, ня толькі беларусы, — гэта вельмі давала сілаў. Бо каб я не адчуваў гэтай падтрымкі, было б нашмат горш».

Каб не зламацца псыхалягічна, Лосік стараўся займаць сябе тым, што заставалася даступным у турме: чытаў, пісаў, маляваў. А калі станавілася асабліва цяжка, сьпяваў.

«Я чытаў кнігі, пісаў нешта, маляваў. Таксама, калі дрэнна зусім было, я сьпяваў песьні проста. Сьпяваў Вольскага, „Ляпіса Трубяцкога“, „Дзецюкоў“».

Былі моманты, калі палітвязень заставаўся адзін у халоднай камэры і яму здавалася, што больш няма сілаў. Тады ён пачынаў сьпяваць беларускія нацыянальныя песьні. Падтрымку Лосік адчуваў нават ад некаторых супрацоўнікаў турэмнай сыстэмы. Паводле яго, яны часам цішком дапамагалі зьняволеным, хоць і рызыкавалі самі.

«Я б не сказаў, што там усе такія прарэжымныя. Большасьці ўсё роўна. Ёсьць там адзінкавыя садысты, але ёсьць і неабыякавыя людзі, якія цябе цішком падтрымлівалі, маглі руку паціснуць і навіны расказаць нейкія».


Такія невялікія жэсты, прызнаецца Лосік, таксама давалі надзею.


Чаго можна дасягнуць праз галадоўкі і спробы суіцыду


Ці могуць галадоўкі і пагрозы суіцыду дапамагчы зьняволенаму зьмяніць умовы ўтрыманьня або дамагчыся вызваленьня? Паводле Лосіка, у цяперашніх умовах разьлічваць на гэта як на спосаб вызваленьня або перагляду справы ня варта.


«Галадоўкі і спробы суіцыду не дапамогуць у беларускіх турмах вызваліцца ці каб табе перагледзелі справу».

Пры гэтым Лосік адзначае, што пасьля ягоных спробаў суіцыду адміністрацыя стала больш стрымана абыходзіцца зь ім. Ён зьвязвае гэта, у прыватнасьці, з правіламі, паводле якіх зьняволенага, пастаўленага на прафіляктычны ўлік з прычыны суіцыдальных паводзінаў, нельга пакідаць аднаго.

«Я думаю, што я дабіўся гэтым, што не сядзеў у адзіночцы, як сядзелі Ціханоўскі, Статкевіч. Я пастаянна сядзеў з кімсьці, акрамя апошняга месяца перад вызваленьнем».

Паводле Лосіка, магчымасьць знаходзіцца разам зь іншымі людзьмі істотна палягчала зьняволеньне: зь імі можна было размаўляць, абмяркоўваць навіны і разам пераносіць цяжкія ўмовы. Лосік кажа, што пасьля ягоных спробаў суіцыду да яго пачалі часьцей прыходзіць псыхолягі, а адміністрацыя стала больш асьцярожнай зь ім. Ён таксама лічыць, што важную ролю адыгрывала публічнасьць. Калі інфармацыя пра тое, што адбываецца за кратамі, выходзіла на волю, адміністрацыя баялася розгаласу.

«Я думаю, што я прыцягнуў увагу. А яны вельмі баяцца розгаласу. Любых навінаў, якія выходзяць за сьцены лягеру, яны вельмі баяцца, асабліва калі пра гэта пішуць у СМІ».

Аднак Лосік папярэджвае і пра іншы бок публічнасьці: адміністрацыя можа помсьціць зьняволеным за тое, што інфармацыя пра ўмовы ўтрыманьня становіцца вядомай грамадзкасьці.

Паводле яго, супрацоўнікі могуць падазраваць, што вызваленыя палітвязьні расказалі пра сытуацыю ў калёніі на просьбу тых, хто застаецца за кратамі, і пакараць апошніх. Але гэта не азначае, што праўду пра турэмныя ўмовы ня варта агучваць: «Вызваляюцца людзі, яны памятаюць усё, што адбывалася, яны самі распавесьці хочуць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Архіпэляг БЕЛАГ-2». Захаваць годнасьць за кратамі: споведзі былых палітвязняў