Расейскія войскі перадусім выкарыстоўваюць ударныя дроны розных тыпаў. Ракета-дрон «Бандэроль» небясьпечная тым, што мае хуткасьць да 650 кілямэтраў на гадзіну і здольная перагружаць супрацьпаветраную абарону.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць толькі пра ўкраінскія дроны, што атакуюць Расею
Раніцай а 8:59 «Бандэроль» заляцела ў Беларусь. Як паведаміў украінскі маніторынгавы канал «єРадар», а 9:05 яна пачала рухацца ўглыб Беларусі цераз Брагін Гомельскай вобласьці, але потым разьвярнулася ў кірунку Чарнігава. Пра яе далейшы маршрут нічога пакуль не паведамляюць.
Раніцай улады Ўкраіны паведамілі пра абстрэлы памежных зь Беларусьсю Валынскай і Ровенскай вобласьцяў.
Дзяржаўныя СМІ Беларусі ніколі не паведамляюць апэратыўную інфармацыю пра расейскія дроны, што залятаюць на беларускую тэрыторыю. Яны перадрукоўваюць інфармацыю расейскіх дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў аб украінскіх атаках на расейскія рэгіёны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі падымалі авіяцыю праз расейскія гібрыдныя дроны «Бандэроль». Чым яны небясьпечныяНа Валыні трэці дзень зьяўляюцца ахвяры
У Валынскай вобласьці загінуў адзін чалавек на прыватным прадпрыемстве «Агрофрукт ЛТД» у Маневічах. Яшчэ 8 атрымалі раненьні і траўмы. Ратаўнікі змагаюцца з пажарам, які пачаўся пасьля лучаньня. У абласным цэнтры Луцку пацярпела замежнае прадпрыемства.
Паводле ўладаў Валынскай вобласьці, без электрычнасьці засталіся 270 тысяч спажыўцоў. Аб’екты крытычнай інфраструктуры перавялі на рэзэрвовыя крыніцы энэргазабесьпячэньня.
14 кастрычніка ў выніку расейскага абстрэлу ў Луцку загінулі 6 чалавек і 13 атрымалі раненьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дроны з Расеі зноў рухаліся ўздоўж мяжы зь Беларусьсю. Украіна заявіла, што зьнішчыла 4 расейскія бамбавікіУ Роўне пацярпелі 7 чалавек
У Роўне ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі жылы сэктар і цывільная інфраструктура.
Ратаўнікі ня могуць абсьледаваць месцы лучаньня, бо расейскія войскі працягваюць атаку. Пацярпелі сама меней 7 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейскія дроны зноў рухаліся ва Ўкраіну ўздоўж беларускай мяжы. Прынамсі два зь іх заляцелі ў Гомельскую вобласьцьШто папярэднічала
Сёлета раніцай 22 жніўня адна з ракет-дронаў «Бандэроль» упала ў раёне мястэчка Капаткевічы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Украінскія рэсурсы сьцьвярджалі, што ў яе закончылася паліва і яна ўпала ў полі. Улады Беларусі гэтую інфармацыю не камэнтавалі.
Згодна з інфармацыяй украінскіх каналаў, з аэрадрому Баранавічаў падымалі вайсковы самалёт. У той жа час няма зьвестак аб тым, як зьняшкодзілі расейскія бесьпілётнікі — зьбілі ці ўзьдзейнічалі на іх сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як украінскае войска выкарыстоўвае дроны-камікадзэ для ўдараў па акупаваных Расеяй тэрыторыях. ВІДЭАШто вядома пра расейскія дроны «Бандэроль»
Дроны «Бандэроль» — гібрыд малагабарытнай крылатай ракеты і рэактыўнага ўдарнага дрону. Ён мае хуткасьць да 650 кілямэтраў на гадзіну і здольнасьць перагружаць супрацьпаветраную абарону.
Гэты дрон можа ляцець 500 кілямэтраў і несьці да 50 кіляграмаў выбухоўкі.
У Сілах проціпаветранай абароны Ўкраіны ня раз называлі галоўнай небясьпекай «Бандэроляў» тое, што іх праз рэактыўны рухавік і высокую хуткасьць зь цяжкасьцю пераймаюць мабільныя групы. Для зьбіцьця гэтага віду бесьпілётнікаў патрэбныя больш складаныя зэнітныя комплексы.
Апроч таго, гэтыя ракеты-дроны паражаюць цэлі аскепкамі на вялікай плошчы.
Вядомыя прынамсі два выпадкі, калі «Бандэролі» заляталі на тэрыторыю Малдовы. У адным выпадку дрон лучыў у дрэва, але ад выбуховай хвалі тады моцна пацярпелі прыватныя дамы аднаго з паселішчаў. Пасьля гэтага выпадку Кішынёў адклікаў свайго пасла з Расеі.
Чаму гэта важна
21 траўня ў Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікалі часовага паверанага Літвы ў Беларусі Эрыкаса Вілканецаса і заявілі яму рашучы пратэст праз тое, што, маўляў, Літва нічога не зрабіла, каб папярэдзіць пранікненьне на беларускую тэрыторыю ўкраінскага дрону, які першапачаткова накіроўваўся ў бок Расеі. У пратэсьце ішлося пра інцыдэнт, што нібыта меў месца 17 траўня.
У той жа час Беларусь нічога ня робіць з расейскімі дронамі, якія «ўваходзяць» ва Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі. Нават наадварот — раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і прадстаўнікі Міністэрства абароны Ўкраіны заяўлялі, што Беларусь дапамагае Расеі накіроўваць яе дроны на ўкраінскія тэрыторыі.
Дзяржаўныя СМІ паведамляюць аб атаках украінскіх сіл па тэрыторыі Расеі, але ніколі ня згадваюць, што расейскія дроны атакуюць Украіну цераз тэрыторыю Беларусі і ў некаторых выпадках вяртаюцца на беларускую тэрыторыю пасьля зьняшкоджаньня іх сродкамі радыёэлектроннай барацьбы Ўкраіны.
17 верасьня 2024 году Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што расейскія дроны залятаюць у Беларусь. Пазьней ён тлумачыў залёт БПЛА ў Беларусь недасьведчанасьцю апэратараў і казаў, што «некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расеі, і з боку Ўкраіны». Паводле Лукашэнкі, гэтыя пытаньні ў Беларусі вырашаюць «на ўзроўні спэцыялістаў, не выносячы ў публічнае поле». Такія дамоўленасьці, паводле Лукашэнкі, нібыта былі дасягнутыя з абодвума бакамі.
Зь ліпеня 2024 году рэсурсы, якія спэцыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сытуацыі, паведамлялі пра мноства ўварваньняў у паветраную прастору Беларусі бесьпілётнікаў, якімі Расея атакуе Ўкраіну.
У ноч на 5 верасьня некалькі дронаў зьбілі над Гомлем, абломкі аднаго зь іх упалі на будынак складу, ніхто не пацярпеў. Міністэрства абароны было вымушана прызнаць факт парушэньня мяжы дронамі, але не назвала, каму яны належалі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.