Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дроны зноў рухаліся ўздоўж беларускай мяжы ва Ўкраіну. Прынамсі два зь іх заляцелі ў Гомельскую вобласьць

абноўлена
Украінскі перахопнік расейскіх дронаў. Ілюстрацыйнае фота
Украінскі перахопнік расейскіх дронаў. Ілюстрацыйнае фота

Дроны, што заляцелі ў Беларусь, расейскія войскі запускалі з Бранскай вобласьці Расеі. Раніцай 12 кастрычніка бесьпілётнікі рухаліся ўздоўж мяжы Беларусі ў кірунку чарнобыльскай зоны і потым — на Кіеўскую вобласьць і Жытомірскую вобласьці.

Паводле ўкраінскіх маніторынгавых каналаў, а 6:32 прынамсі тры расейскія рэактыўныя бесьпілётнікі перамяшчаліся ўздоўж мяжы зь Беларусьсю ў бок Славуцічу Кіеўскай вобласьці.

А 6:30 адзін дрон заляцеў у Беларусь у кірунку вёскі Леніна (Папоўка) Добрускага раёну Гомельскай вобласьці, што месьціцца за адзін кілямэтар ад мяжы з Бранскай вобласьцю Расеі, зь якой расейскія войскі традыцыйна запускаюць бесьпілётнікі ва Ўкраіну. У беларускай паветранай прасторы дрон знаходзіўся нядоўга і вылецеў у кірунку Чарнігаўскай вобласьці.

А 7:42 яшчэ адзін расейскі дрон вылецеў з Жытомірскай вобласьці ў кірунку вёскі Заечча Ельскага раёну Гомельскай вобласьці — гэта за 14 кілямэтраў ад украінскай мяжы і прыблізна за 35 кілямэтраў да найбліжэйшага памежнага пераходу ў Выступовічах (ён не працуе з 2022 году. — РС).

Папярэднія чатыры дні — з 8 па 11 кастрычніка — украінскія маніторынгавыя каналы таксама фіксавалі перамяшчэньне расейскіх рэактыўных дронаў у паветранай прасторы Беларусі: у раёнах Мазыра, Нароўлі і Капаткевічаў.

Улады Жытомірскай вобласьці паведамілі, што расейскія войскі атакавалі аб’екты чыгуначнай і энэргетычнай інфраструктуры ў Корасьценскім раёне. У выніку атак адбыліся пажары. Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.

Паводле апэратыўнага камандаваньня Паветраных сілаў Украіны, у ноч на 12 кастрычніка расейскія войскі атакавалі Ўкраіну адной авіяцыйнай ракетай над акваторыяй Чорнага мора і 121 ударным дронам, зь іх 76 былі рэактыўныя.

Чаму гэта важна

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

У падтрымку расейскай агрэсіі цяпер уключаныя шэраг беларускіх прадпрыемстваў у розных сфэрах вытворчасьці.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў Беларусі фактычна на сталай аснове адбываюцца вайсковыя вучэньні, якія Аляксандар Лукашэнка тлумачыў пагрозамі і імавернасьцю ўварваньня на беларускую тэрыторыю з Польшчы, Літвы ці Ўкраіны. Хоць за ўвесь час з 2022 году не было ніводнага доказу наяўнасьці такіх плянаў.

Сёлета ў чэрвені й ліпені ўлады і вайсковае кіраўніцтва Беларусі надалей гаварылі аб існаваньні плянаў «калектыўнага Захаду» напасьці на Беларусь і Расею. З адпаведнымі заявамі выступіў міністар абароны Віктар Хрэнін на паседжаньні Рады міністраў абароны краінаў АДКБ у Маскве, а потым і на IV «Міжнародным антыфашысцкім кангрэсе» ў Менску, дзе ён абвінаваціў эўрапейцаў у «нацысцкім мэнталітэце» і рыхтаваньні да вайны.

Але ўжо ў канцы ліпеня Хрэнін у дакладзе Аляксандру Лукашэнку заявіў пра спакойную вайскова-палітычную абстаноўку вакол Беларусі і «брак прыкметаў рыхтаваньня да актыўных дзеяньняў з боку суседніх дзяржаваў».

16 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Беларусі Андрэй Лук’яновіч ужо канстатаваў брак вонкавай пагрозы для Беларусі і аднаўленьне апэратыўных кантактаў з Латвіяй, Літвой і Польшчай.

Расея і Ўкраіна збольшылі выкарыстаньне на вайне дронаў. На гэтым тле падчас абстрэлаў сталі больш частымі выпадкі залёту расейскіх і ўкраінскіх дронаў на тэрыторыю Беларусі. Аб гэтых фактах паведамляюць не ўлады Беларусі, а ўкраінскія маніторынгавыя каналы.

Апроч таго, вядомыя некалькі выпадкаў, калі расейскія і ўкраінскія дроны з тэрыторыі Беларусі заляталі ў краіны Балтыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG